Докшицкой детской школе искусств — 50 лет

31+Вялікі Пушкін некалі сказаў, што музыка па сваёй значнасці для існавання чалавека калі і саступае чаму, то толькі каханню, але і каханне – музыка. Яна суправаджае чалавека ад нараджэння і да канца жыццёвага шляху, аб’ядноўвае разам яго маральную, эмацыянальную і эстэтычную сферы. Музыка – агульначалавечая мова, якую ўсе разумеюць без слоў. Не валодаць ёй у арыстакратычным асяродку раней лічылася заганай, а сярод простага народу музыканты былі на асаблівым ганаровым месцы. У СССР, які ў 1961 годзе ўзяў курс на будаўніцтва камунізму, будучыя грамадзяне шчаслівай краіны павінны былі стаць усебакова адукаванымі і эстэтычна развітымі. Для дасягнення апошняй мэты было прынята рашэнне аб паўсюдным адкрыцці музычных школ. Праз два гады пасля ўтварэння ў сённяшніх межах Докшыцкага раёна ў 1966 годзе ў райцэнтры была адкрыта музычная школа.

Гісторыя: мінулае

Першы выпуск музычнай школы. Май 1970 г.

Першы выпуск музычнай школы. Май 1970 г.

Духавы аркестр на Першамайскай дэманстрацыі.  1986 г.

Духавы аркестр на Першамайскай дэманстрацыі. 1986 г.

Былая вучаніца яе першага набору, а зараз старэйшая настаўніца ДШМ, Тамара Румчык успамінае:

– Адкрыццё школы для нашага невялічкага гарадка стала вельмі значнай падзеяй. Трэба сказаць, што тады музыкай захапляліся ўсе і не ў якасці пасіўных назіральнікаў, як зараз. Многія самастойна асвойвалі такія інструменты, як гармонік, баян, балалайка. На ўсіх мерапрыемствах музыка была, як зараз кажуць, “жывая” і музыкантам быць было вельмі пачэсна. Таму вучыцца музыцы ў спецыялістаў, без перабольшання, хацелі ўсе. У час набору быў вялікі конкурс і той, хто яго прайшоў, лічыў сябе шчасліўчыкам. У першым выпуску школы было 9 народнікаў і 6 піяністаў. Піяніна, памятаю, асабіста мне купілі бліжэй да Новага года. Каштавала яно тады 500 рублёў. Каб зарабіць такія грошы, маёй маці – галоўнаму бухгалтару пошты — трэба было працаваць паўгода.

Школа размясцілася ў маленькім будынку па вул. Палявога ля тагачаснай аўтастанцыі. Зараз на гэтым месцы, па дыяганалі ад сучаснага ЗАГСа, знаходзіцца жылы дом. Першымі настаўнікамі музыкі былі сужэнцы Уласенкі, піяністка Ірына Райская. Дырэктарам стаў Генадзь Падалінскі. У 1972 годзе пасля яго трагічнай смерці на гэту пасаду быў прызначаны Іосіф Гігола. Школа да гэтага часу “пераехала” на вул. Чарняхоўскага, 46. Пад яе выдзелілі толькі што пабудаваны двухкватэрны жылы дом. У ёй павялічыўся штат. Ужо працавалі Уладзімір і Людміла Шаўцовы, Пётр Дайлідзёнак, Яўген Ганчароў, Вера Ганчарова, Іван Курдзека, Ганна Захарэвіч. Большасць з іх засталіся вернымі школе на ўсё працоўнае жыццё.
Падзеяй стаў пераезд у 1976 годзе ў будынак па вул. Ленінскай, які раней займаў райаддзел міліцыі (пасля яго зносу там зараз пляцоўка побач з крамай “Эйс”). Памяшканне было вялікае, таму размясціліся з камфортам. Знайшлося месца нават для актавай залы. У гэтым будынку школа праіснавала да 1989 года. Папярэднія два дзесяцігоддзі былі аднымі з самых плённых у дзейнасці ўстановы. Кіраўнікі гэтага часу Любоў Казлова, Пётр Чайкоўскі, Уладзімір Карпінскі здолелі зрабіць яе сапраўдным цэнтрам музычнага жыцця раёна. Прыйшлі настаўнічаць былыя выпускнікі Віктар Касцюк, Тамара Румчык. Калектыў папоўніўся таксама піяністамі Наталляй Будзько і Аленай Пазняковай. У школе працавалі дзіцячы і дарослы аркестры народных інструментаў. Быў створаны духавы аркестр, для якога пашылі спецыяльныя касцюмы. Любоў Казлова стварыла вакальны калектыў “Беразняначка”. Ён стаў лаўрэатам абласнога конкурсу польскай песні, які лічыцца правобразам “Славянскага базару”. Ганна Захарэвіч кіравала хорам калгаса “Праўда”, Вера Ганчарова – калгаса “Чырвоны сцяг”. Акрамя гэтага, яна разам з Яўгенам Ганчаровым працавала з хорам райсельгастэхнікі, які абараніўся на званне “народнага”. Прысваенне не адбылося па шэрагу прычын суб’ектыўнага характару, у тым ліку і фінансавага плану. Уладзімір Карпінскі заснаваў вакальна-інструментальны ансамбль. Менавіта настаўнікі музычнай школы сталі ядром ансамбля “Раніца”, які ў 1989 годзе стварыў тагачасны загадчык аддзела культуры Уладзімір Пусташыла.

Выпуск 1979 г.  У першым радзе выкладчыкі (злева направа): І. Курдзека, П. Дайлідзёнак, Я. Ганчароў, П. Чайкоўскі, Г. Захарэвіч, Т. Румчык, Л. Калантай.

Выпуск 1979 г. У першым радзе выкладчыкі (злева направа): І. Курдзека, П. Дайлідзёнак, Я. Ганчароў, П. Чайкоўскі, Г. Захарэвіч, Т. Румчык, Л. Калантай.

Жыццё ў сённяшнім будынку на плошчы І.С. Палявога пачалося з вялікага рамонту. У ім актыўна прымаў удзел увесь калектыў разам з дырэктарам Уладзімірам Карпінскім. У 1992 годзе адкрылася харэаграфічнае аддзяленне, на якім да сённяшняга паспяхова выкладае Святлана Яцына, і ўстанова была ператворана ў школу мастацтваў. У Параф’янаве пачаў працаваць клас баяна і акардэона. У 1999 годзе тагачасны дырэктар Іван Курдзека сабраў новы састаў духавога аркестра. Калектыў, які ў сваім рэпертуары меў каля 25 маршаў, вальсаў і іншых твораў, дасягнуў вызначанага прафесійнага майстэрства. Даваў канцэрты на гарадской плошчы, удзельнічаў у фестывалях.

Гісторыя: сённяшняе

Зараз у Докшыцкай ДШМ на музычным, харэаграфічным, мастацкім і тэатральным аддзяленнях займаецца 349 вучняў. Працуюць класы ў Параф’янаве, Глінным, Сітцах, Порплішчы, Тумілавічах. Навучальны працэс ажыццяўляюць 25 педагогаў і 2 канцэртмайстары. Большасць настаўнікаў мае вышэйшую адукацыю. У апошні час прыйшло працаваць шмат моладзі, ужо ў сценах школы склаліся сужэнскія пары. Актыўнасць і юнацкі задор маладых у спалучэнні з вопытам і талентам старэйшага пакалення стварылі ўрадлівую глебу для багатага, творчага жыцця, якім сёння ганарыцца ўстанова.

Кожны год вучні інструментальнага аддзялення прымаюць удзел у рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Сёлета гонар школы абаранялі Анастасія Казлоўская (наст. Т.В. Палачаніна), Ганна Козел і Вікторыя Крыкун (наст. Т.В. Румчык, Л.Д. Карповіч), Агнія Казлова і Сямён Кішулька (наст. А.Р. Трус, С.А. Гарабец), Дар’я Харытонава (наст. А.І. Чарнавок), Віялета Будзько (наст. С.В. Дзяхцяронак). Дыпламантам міжнароднага фестывалю па відэазапісах стаў другакласнік Мікіта Палачанін (клас гітары, наст. А.П. Шалапа). Другое месца на занальным конкурсе заняў баяніст Дзмітрый Пракаповіч (наст. С.А. Гарабец). Другім ён быў і на конкурсе маладых выканаўцаў, трэцяй стала Вікторыя Крыкун (наст. Л.Д. Карповіч).
З году ў год расце прафесіяналізм выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення, без танцаў якіх не абыходзіцца ніводзін канцэрт. Першымі крокамі на сцэне могуць ужо пахваліцца і юныя драматычныя артысты. Малюнкі юных мастакоў – гэта цэлы дзіцячы свет з яго яркасцю фарбаў, непасрэднасцю ўспрымання, багатай фантазіяй. Вучань аддзялення Сямён Кішулька прымаў удзел у міжнародным конкурсе “Разнастайны свет 2015” у г. Балві.

Папулярнасцю карыстаецца школа ранняга эстэтычнага развіцця “Смяшарыкі” і харэагарафічная студыя для маленькіх “Тапатушкі”. Гэта будучае ўстановы.

Вельмі актыўную творчую дзейнасць вядзе ўзорны аркестр баянаў, у якім іграюць сённяшнія вучні і выпускнікі школы. Яго стваральнікам з’яўляецца таленавіты музыкант Святлана Гарабец. Плённа працуе хор “Звонкія галасы”, якім шмат гадоў кіруе Вольга Кішулька. Непаўторную афарбоўку любому мерапрыемству, канцэрту надае выступленне калектыва барабаншчыц, які стварылі Святлана Яцына і Дзмітрый Няфёдаў.

Практычна кожны настаўнік школы – гэта яркая, творчая, надзеленая тымі ці іншымі мастацкімі здольнасцямі асоба. Усе яны, акрамя асноўнай настаўніцкай дзейнасці, актыўна займаюцца прапагандай музычнага мастацтва. Сваім асабістым прыкладам далучаюць вучняў да актыўнай канцэртнай дзейнасці. Дзякуючы іх ініцыятыве і прафесіяналізму пры школе працуюць народны ансамбль “Вярба”, інструментальны ансамбль настаўнікаў “РэМікс”, рок-група “Cotton buds”, духавы аркестр. Яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі многіх іншых вакальных, харэаграфічных, тэатральных калектываў, якія працуюць пры ўстановах культуры.

Жыццё школы – гэта не толькі абавязковыя заняткі ў класах па спецыяльнасці, зубрэнне сальфеджыа. Гэта яшчэ цікавыя мерапрыемствы, калі новыя вучні школы пасвячаюцца ў першакласнікі, калі ставяцца мюзіклы, праводзяцца розныя шоу, зімой працуе “Рэзідэнцыя Дзеда Мароза”, а вясной сваё мастацтва дорыць “Тыдзень музыкі”. І ўся гэта бурлівая дзейнасць адбываецца ў атмасферы ўзаемаразумення і ладу паміж настаўнікамі, вучнямі і бацькамі. У ёй пануе дабрыня і казка.

– Нават калі дзіця і не стане ў будучым вялікім музыкантам, танцорам ці мастаком, – лічыць дырэктар Вольга Сушко, чалавек вельмі творчы, няўрымслівы, цудоўны арганізатар і прыдумшчык, для якога спакой у думках і справах – гэта застой у жыцці, – але яго сутыкненне з мірам прыгожага ў раннім дзяцінстве абавязкова зробіць больш багатым яго духоўны свет, дазволіць у далейшым раскрыцца як асобе, дапаможа стаць культурным чалавекам.

50 гадоў для школы – гэта заканчэнне перыяду станаўлення, бо сапраўды Докшыцкая ДШМ, якая ў 2013 годзе стала лепшай установай культуры раёна, моцна трымаецца на нагах, гатовая зрабіць упэўнены крок у сваю далейшую будучыню. Яна ж абяцае быць плённай на здабыткі і поспехі.

За пяць дзесяцігоддзяў Докшыцкая ДШМ далучыла да свету мастацтва каля 1000 чалавек. Сваёй альма-матар яе лічаць кампазітар, аранжыроўшчык, музыкант, кіраўнік аркестравай групы Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца “Харошкі”, ансамбля “Рагнеда” Уладзімір Гінько, артыстка Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Алена Каляга, выкладчыца Мінскага ўніверсітэта культуры Вераніка Раманенкава, артыст Дзяржаўнага акадэмічнага хору імя Цітовіча Дзмітрый Федзюкевіч, выкладчыца Мінскага каледжа мастацтваў Інэса Шохава, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу Аляксандр Букаты, музыкант, аўтар вядомай песні пра Докшыцы Аляксандр Малюжанец, музыканты Аляксандр Лушнікаў, Ігар Ткачоў. Кансерваторыю закончыў артыст, бізнесмен Валерый Гаплічнік. Сваё далейшае жыццё звязаў з музыкай Сяргей Махонь, дзякуючы якому ў свой час сучаснае музычнае абсталяванне набыла ККЗ “Іскра”.

Іх першымі настаўнікамі былі Леанід Уласенка, Людміла Шаўцова, Віктар Казлоў, Любоў Казлова, Яўген Ганчароў, Пётр Чайкоўскі, Пётр Дайлідзёнак, Іван Курдзека, Ганна Захарэвіч, Наталля Будзько, Тамара Румчык, Сняжана Дайлідзёнак, Святлана Яцына.

 

Матэрыял
падрыхтавала
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *