Учащиеся Докшицкой ДЮСШ приняли участие в спартакиадах

1Напрыканцы навучальнага года традыцыйна падводзяцца вынікі работы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Сёлетні май не стаў выключэннем.

На спартакіядзе па лёгкай атлетыцы ДзЮСШ для дзяцей старэйшага ўзросту, якая прайшла ў Оршы, каманда нашага раёна заняла другое месца, прайграўшы першаму толькі пяць ачкоў. Дажджлівае халаднаватае надвор’е не стала перашкодай для добрага выступлення каманды. Асабісты ўклад у агульную скарбонку ўнеслі: выхаванка І.Д. Рацькавіча, а зараз – навучэнка Мінскага вучылішча алімпійскага рэзерву (ВАР) Настасся Батура, якая заваявала 1-ае месца ў кіданні дыска і 3-яе – у штурханні ядра; вучаніца Параф’янаўскай СШ Марыя Маслоўская (трэнер К.І. Ікановіч), якая стала другой у скачках увышыню; вучань Сітцаўскай СШ Арцём Кучыц (трэнер І.Г. Чэрнянін), які стаў бронзавым прызёрам у бегу на 800 м.

На аналагічных спаборніцтвах у Віцебску юныя спартсмены нашага раёна сярэдняга ўзросту таксама годна прадэманстравалі свае сілу і спрыт, пра што сведчыць стос дыпломаў і медалёў. Так, бронзу і срэбра ў бегу на 1 500 м і 800 м адпаведна заваявала выхаванка Р.Д. Зямчонка Паліна Крамар (Наваполацкае ВАР). Два другія месцы ў спартыўнай хадзьбе заняла выхаванка Т.М. Адзінцовай Яна Ганус (Наваполацкае ВАР). Другое месца ў бегу на 400 м і трэцяе ў скачках удаўжыню ў выхаванца А.І. Аліноўскай Максіма Гаўрыловіча (Віцебскае ВАР). Добрыя вынікі прадэманстравалі выхаванцы В.М. Сенчыка Раман Гмырак (Віцебскае ВАР) і Данііл Жук (СШ № 1 г. Докшыцы), якія адпаведна занялі першае месца ў кіданні кап’я і другое месца ў кіданні дыска. Ігар Аліноўскі (СШ № 1 г. Докшыцы), Юрый Ярыжанец (СШ № 2 г. Докшыцы), Захар Скакун (Бягомльская СШ) і Максім Гаўрыловіч прынялі ўдзел у эстафеце, у якой сталі другімі (на здымку).

Па выніках спаборніцтва докшыцкія спартсмены занялі першае агульнакаманднае месца.

Два залатыя медалі (1 500 м і 800 м) на спартакіядзе Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод ДзЮСШ заваявала выхаванка І.Г. Чэрняніна Настасся Кацейка. Перамога ў спаборніцтвах стала для дзяўчыны прапускным білетам на чэмпіянат Еўропы, які адбудзецца летам. На гэтых жа спаборніцтвах другое месца ў штурханні ядра заняла выхаванка А.І. Аліноўскай Лізавета Дорц.

Мастацтва спрыту

Як з рогу багацця сыпаліся ўзнагароды нашым спартсменам і на спаборніцтвах па дзюдо. Трэцяе месца на спартакіядзе ДзЮСШ Рэспублікі Беларусь па гэтым відзе спартыўнай барацьбы заняла Алена Касцюк (трэнер М.М. Ярмаковіч). Выхаванка А.А. Таляронак, трэццякласніца СШ № 2 г. Докшыцы Валерыя Зінгер упершыню прыняла ўдзел у выязных спаборніцтвах. На дзясятым турніры па дзюдо на прызы старшыні Лепельскага райвыканкама Б.С. Яфрэмава яна заняла трэцяе месца ў сваёй вагавой катэгорыі. Таксама бронзавым прызёрам стаў Уладзіслаў Варган.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *