Ученики школ Докшицкого района побывали на «Борисов-Арене»

Вучні школ Докшыцкага раёна з бронзывым прызёрам чэмпіянату — камандай "Шахцёр" (г. Салігорск).

Вучні школ Докшыцкага раёна з бронзывым прызёрам чэмпіянату — камандай «Шахцёр» (г. Салігорск).

Цікавы і незвычайны падарунак атрымалі вучні Крулеўшчынскай, Парплішчанскай і Глінскай школ за прызавое месца на занальных абласных спаборніцтвах па валейболе, што прайшлі ў Глыбокім. Трэцяе месца ў напружанай барацьбе заняла каманда дзяўчат нашага раёна. Каб прастымуляваць юных спартсменаў да далейшых перамог, а таксама пазнаёміць іх з прафесійнымі беларускімі спартсменамі, інструктар-метадыст ФСК “Ураджай” Яўген Палячонак прапанаваў паездку на чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па валейболе сярод мужчынскіх каманд вышэйшай лігі, які праходзіў у Барысаве. Вельмі прыемна, што падтрымалі гэту ідэю і дапамаглі яе ўвасобіць у жыццё: аддзел адукацыі, спорту і турызму, які выдзеліў для экскурсіі аўтобус, а таксама РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і лакаматыўнае дэпо станцыі Круляўшчызна.

Па дарозе на Барысаў спыніліся на гістарычным комплексе Брылёўскае поле – помніку ў гонар герояў Айчыннай вайны 1812 года. Тут інструктар-метадыст па турызме ФСК “Ураджай” Ірына Сабалеўская пазнаёміла дзяцей з гістарычнымі падзеямі, звязанымі з баявымі дзеяннямі арміі Напалеона на беразе Бярэзіны.

Не абмінулі вандроўнікі ўвагай незвычайны спартыўны будынак “Барысаў-Арэна”. У ім наведалі гульнявы цэнтр, сфатаграфаваліся ў зале для прэс-канферэнцый. Пасля запамінальнага знаёмства з сучасным, шматфункцыянальным футбольным стадыёнам накіраваліся ў Барысаўскі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзе сталі сведкамі спартыўнай барацьбы прафесіянальных валейбольных каманд.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *