Ветерану из агрогородка Крулевщина Докшицкого района сделали подарок ко Дню Победы

DSC00874Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Сяргею Супрунёнку 93 гады. Але пры знаёмстве з гэтым паважаным чалавекам можна смела скідваць гадоў з дзясятак. Сяргей Антонавіч не па гадах рухавы, энергічны. Старшыня Крулеўшчынскага сельвыканкама Алёна Таляронак зазначае, што такім ветэран быў заўсёды, а яшчэ — вельмі сціплым, выхаваным чалавекам. Сам ніколі ні з якімі просьбамі да ўлады не звяртаўся, а калі атрымліваў заслужанае, абавязкова шчыра дзякаваў. Сваёй жа ваеннай біяграфіяй можа па праве ганарыцца.

Калі пачалася вайна, Сяргей працаваў пуцейскім рабочым чыгуначнага акалодка на станцыі Круляўшчызна. Па гэтай прычыне ў першыя ж дні, як і ўсе чыгуначнікі, атрымаў бронь. Потым пачалася акупацыя. Пасля вызвалення Беларусі зноў вярнуўся на чыгунку, на фронт трапіў у кастрычніку 1944-га. Перад гэтым два месяцы быў курсантам у Полацку, дзе вывучаў артылерыйскую справу. Ваяваць давялося пад камандаваннем легендарнага маршала Жукава. Баявое хрышчэнне атрымаў у Польшчы. 383 артылерыйскі полк, дзе служыў Супрунёнак, быў узброены супрацьтанкавымі гаўбіцамі. Разлік адной такой гарматы налічваў шэсць чалавек: наводчык, набоец, два ездавыя і камандзір разліку. Радавы Супрунёнак быў набойцам. У час бою, калі на пазіцыі пруць нямецкія танкі, ад хуткасці, з якой набоец адпраўляе снарад у жэрла гаўбіцы, залежыць вельмі шмат, часам і само жыццё яе абслугі. У страшных пераплётах, калі ў думках развітваліся з жыццём, даводзілася быць не раз. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях за горад Таргаў, радавы Сяргей Супрунёнак быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Тут, на Эльбе, братаўся з амерыканскімі салдатамі. Як тады ўсе радаваліся! І думкі ніхто не дапускаў, што пройдзе зусім няшмат часу — і палітыкі зноў пачнуць дзяліць свет. Са сваёй гаўбіцай салдат дайшоў да Берліна і разам з аднапалчанамі крычаў “ура” ля рэйхстага.

У сваю Крулеўшчыну вярнуўся праз некалькі месяцаў пасля Перамогі. Ажаніўся, нарадзіліся сыны. Працаваў у розных месцах, але ў 1967 годзе зноў прыйшоў на сваю любімую чыгунку, толькі не рабочым, а стралком ваенізаванай аховы. Грузы былы салдат суправаджаў па ўсім Савецкім Саюзе, і за іх захаванасць можна было не турбавацца: зброю ў руках Супрунёнак не развучыўся трымаць.

DSC00880Напярэдадні 9 Мая да гераічнага ветэрана завітала шмат гасцей. З дарагім для яго святам Сяргея Антонавіча павіншавалі старшыня сельвыканкама Алёна Таляронак, начальнік ваенізаванай чыгуначнай аховы ст. Круляўшчызна Аляксандр Ласіца і, канечне, вучні Крулеўшчынскай школы. Яны ўручылі пачэснаму жыхару аграгарадка кветкі і прымацавалі да яго дома шыльдачку з надпісам: “Тут жыве ветэран” (на здымку). Такія шыльды ўпрыгожаць дамы ўсіх ветэранаў. З падобнай ініцыятывай выступіў рэспубліканскі Фонд міру. Акцыю падтрымалі іншыя грамадскія аб’яднанні, у тым ліку рэспубліканская піянерская арганізацыя, ГА “БРСМ”, Саюз афіцэраў і іншыя.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *