«Прощай, любимый город. Уходим завтра в море» — любимая песня санитара с броненосца в Докшицком районе

У далёкім 1943 годзе майму дзядулю, Міхаілу Аляксандравічу Гічанскаму, было ўсяго 17 гадоў. Маленькую вёсачку Дзедзіна (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці), дзе ён нарадзіўся і жыў, немцы спалілі. Многія яе жыхары схаваліся ў лесе, частку пагналі ў Германію. Тыя, хто перачакаў фашысцкае нашэсце, пайшлі ў партызаны. Вось і мой дзядуля стаў партызанам брыгады імя Леніна, якая прымала ўдзел у вызваленні Докшыц ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1944 годзе, пасля вызвалення Беларусі, яго прызвалі на службу ў армію і адправілі вучыцца ў сёмую акружную школу снайпераў, якая знаходзілася ў Слуцку. Разам з ім там набывалі ваенную прафесію яшчэ некалькі дакшычан: Васіль Рудзько з Дзедзіна, Іван Чарвінскі з Трасцяніцы, Аляксей Сясіцкі з Гняздзілава, Віктар Гойгель з Малажан, Міхаіл Яцкоўскі з Лапут. Юнакі вучыліся страляць і чакалі адпраўкі на фронт. Але ім пашчасціла — вайна скончылася.


А служба ў арміі працягвалася. Усім часцям патрабавалася папаўненне, і мой дзед трапіў у спісы салдат, якіх адпраўлялі ў Ленінград. Там яго размеркавалі ў каманду на падводную лодку. Аднак апошняя медкамісія была незадаволена станам здароўя дзядулі, і ён працягнуў службу на ваенна-марской базе Поркала-Уд (Фінляндыя), галоўнай задачай якой было прыкрыццё подступаў да Ленінграда і Кранштата.

Армейскае жыццё было складаным. Асабліва цяжка прыходзілася ў час дзяжурства на маяку, што знаходзіўся на востраве ў адкрытым моры. Восем матросаў падтрымлівалі яго работу кругласутачна. Здаралася, што з-за дрэннага надвор’я на маяк не было магчымасці даставіць ежу, а службу трэба было несці…

Праз некаторы час Міхаіла Аляксандравіча, як аднаго з самых пісьменных і здольных матросаў, накіравалі на курсы карабельных інструктараў. Праз 6 месяцаў ён скончыў іх на выдатна па ўсіх прадметах і стаў санітарам 3 класа па 1 разрадзе. Атрымаў званне старшы матрос. Два гады служыў санінструктарам на браняносцы «Выбарг». Пасля яшчэ каля трох гадоў — санітарам у ваенным шпіталі. Толькі ў канцы 1950 года па стане здароўя ён быў камісаваны з радоў ваеннаслужачых і вярнуўся ў родную Беларусь.

У Міхаіла Аляксандравіча захавалася шмат фотаздымкаў тых часоў. Амаль на ўсіх — прыгожы малады матрос, з сябрамі і акардэонам. Музыкай ён захапляўся з дзяцінства: калі ў даваенныя часы вясковая моладзь збіралася ў каго-небудзь на танцы, ён хаваўся ў гэтай хаце, каб падгледзець за ігрой музыканта. А потым употай перабіраў кнопкі гармоніка, падбіраючы той ці іншы матыў. У час службы на флоце ён не толькі іграў на акардэоне, але і выпускаў сценгазету, спяваў у хоры, нават быў запявалам.

Сёлета ў дзядулі 90-гадовы юбілей. Усе родныя — трое дзяцей, васьмёра ўнукаў і чатырнаццаць праўнукаў — абавязкова збяруцца ў святочны дзень разам, каб яшчэ раз паслухаць успаміны Міхаіла Аляксандравіча і разам з ім заспяваць любімую песню былога санітара з браняносца «Прощай, любимый город. Уходим завтра в море».

Яўгенія МАЛЕВІЧ,

г. Докшыцы

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі (не больш за тры) з гісторыяй дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а або іnfo@zvіazda.by. Найлепшага аўтара чакае прыз. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца.

http://zviazda.by/be/news/20160608/1465418988-sanitar-z-branyanosca


Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *