В агрогородке Крулевщина Докшицкого района живёт романтик
Што трэба, каб стаць сапраўдным бардам? Па-першае, іграць на музычным інструменце. Па-другое, умець рыфмаваць свае думкі. Па-трэцяе, злучыць і першае, і другое ў адзін твор, а потым яшчэ і самому выканаць яго. Усё пералічанае атрымліваецца спалучыць у юнака з Крулеўшчыны Валерыя Міхмеля (на здымку). Сёлета ён прадстаўляў наш раён на абласным фестывалі-конкурсе аўтарскай (бардаўскай) песні “Кветкі Вялікай Перамогі”, на якім атрымаў дыплом ІІ ступені.
Музыкай Валерый захапляецца з дзяцінства. Скончыў музычную школу па класе гітары. Вакалу вучыўся ў знакамітай зямлячкі Алесі Паляковай. Але звязваць будучыню з артыстычнай дзейнасцю не збіраўся, а таму паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Атрымаўшы спецыяльнасць эканаміста, пайшоў служыць у армію. Тут лёс зноў звёў яго з музыкай: Валерый стаў удзельнікам пагранічнага аркестра.
Пасля вяртання ў родную Крулеўшчыну атрымаў запрашэнне ўзначаліць мясцовы клуб, і вось тры месяцы кіруе Цэнтрам культуры і вольнага часу.
– Песні пішу з юнацтва, – дзеліцца герой артыкула. – На конкурсе бардаў выконваў твор, які з’явіўся падчас службы ў арміі. Для мяне галоўным быў не толькі ўдзел у фестывалі, але і знаёмства з аднадумцамі-рамантыкамі. Спадзяюся, што новае сяброўства стане стымулам для напісання новых песень.
Як кажа Валерый, музыка ідзе за ім па слядах. Збягаць ад яе ён пакуль не збіраецца. Тым больш, што работа з моладдзю яму падабаецца. Зараз у Цэнтры культуры і вольнага часу для маладых сучаснікаў працуюць спартыўны клуб (у аграгарадку шмат заўзятараў футболу) і школа дыджэяў, наладжаны заняткі па ігры на гітары, якія выкладае рамантык з Крулеўшчыны Валерый Міхмель.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.