Так рождается чудо

Уменне вышываць у нашых бабуль і прабабуль цанілася нараўне з майстэрствам ткацтва, прадзення і шыцця. Вышыўка на адзенні сустракалася ўжо радзей, а вось на пасцельнай бялізне, ручніках, настольніках, сурвэтках, фіранках палымнелі ружы і макі, пяшчотнай сінню лашчылі позірк васількі і незабудкі, падміргвалі жоўтымі вочкамі рамонкі… А “сюжэтныя” карціны браліся ў рамкі і вешаліся на сцены. У тыя часы, калі не было “прасунутых” камп’ютарных праграм па пераводзе любой выявы, нават фотаздымкаў, у схемы для вышыўкі крыжыкам, ужо вышывалі па рэпрадукцыях вядомых карцін: Алёнушку, трох багатыроў, украінку, паляўнічых на прывале і шмат чаго іншага.

Г 044Апошняе дзесяцігоддзе вышыўка зноў стала вельмі папулярнай. Тысячы дзяўчынак, дзяўчат, жанчын бяруць у рукі іголку з ніткай, каб ствараць сваё ўласнае, непаўторнае хараство. Ды і некаторыя мужчыны з задавальненнем гэтым займаюцца. У крамах велізарны выбар нітак і канвы, у часопісах і Інтэрнэце – безліч схем і майстар-класаў. Многія захапляюцца вышыўкай бісерам, стужкамі, шоўкам – у японскім стылі, аб’ёмнай вышыўкай, алмазнай… Але па-ранейшаму найбольш прыхільнікаў у вышыўкі карцін і пано крыжыкам.
Яўгенія Бута, жыхарка аграгарадка Пруднікі, працавала галоўным эканамістам у калгасе “Іскра” (зараз ДП “АграБераснёўка”) і вольнага часу мела няшмат: сям’я, работа, гаспадарка. Вышываць пачала пасля выхаду на заслужаны адпачынак і так захапілася гэтай справай, што адарвацца не магла. Карціны ў Яўгеніі Аляксандраўны паўсюль, ва ўсіх пакоях. Толькі пераступаеш парог дома – адразу трапляеш у дзівосны свет з безліччу самых розных колераў і іх адценняў. Дакладнай колькасці работ гаспадыня не ведае, шмат падаравана, але больш за сто, мабыць, набярэцца. Уяўляеце, колькі часу трэба патраціць толькі на адну работу? І як патрэбна любіць гэты занятак, каб кожную вольную хвілінку аддаваць яму? Скардзіцца майстрыха на тое, што моцна пагоршыўся зрок і няма ўжо магчымасці аддавацца любімай справе, як раней. Што ж, няўмольны час забірае ў нас сілы і магчымасці, але здольнасць адчуваць, бачыць прыгожае, захапляцца ім – гэтага ён пазбавіць не ў сіле. Вышыванкі Яўгеніі Бута – яскравае таму пацвярджэнне.
Валянціна Яленская, якая жыве ў Прудніках на той жа вуліцы Маладзёжнай, недалёка ад Яўгеніі, таксама пасля выхаду на заслужаны адпачынак кожную вольную хвілінку аддае свайму захапленню. Валянціна Антонаўна кажа, што вышыўкай займаецца дзесьці гадоў сем-восем. Якім жа майстрам стала жанчына ў сапраўды тонкай і скрупулёзнай справе, калі колькасць работ – у асноўным, карцін – таксама налічвае больш за сотню! І, варта адзначыць, мініяцюр, якія, маючы пэўныя навыкі, можна стварыць за вечар-другі, у яе амаль не назіраецца – усё больш рэчы “манументальныя”.
– Шмат часопісаў па рукадзеллі выпісваю і купляю, – гаворыць Валянціна Антонаўна. – А пару гадоў таму Інтэрнэт асвоіла, дык і там схемы шукаю. Тэматычна не падбіраю. Што ў вочы кінецца ды душу закране, тое і кладзецца ў мяне на тканіну. Дзясяткі карцін падараваны дзецям, унукам, сябрам, добрым знаёмым. А вось усе іх фотаздымкі ёсць на маёй старонцы ў “Аднакласніках”, у фотаальбоме “Захапленні”.

Г 038

У Валянціны Антонаўны шмат планаў і задум на далейшае, бо ёсць яшчэ, смяецца, незанятыя месцы на сценах у доме, і падараваць свае творы ёсць каму.
Безумоўна, прыемна дарыць зробленае ўласнаручна, ды і ніякая рэпрадукцыя карціны нават вядомага мастака не ідзе ў параўнанне з такой вось вышыванкай, якая проста “дыхае” цеплынёй і любоўю яе стваральніцы. Але ж самае галоўнае – радасць і асалода, якую атрымліваюць жанчыны, чые рукі пры дапамозе нітак і іголкі робяць свет прыгажэйшым.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Некалькі вышыванак у адным стылі Яўгеніі Бута. 2. Валянціна Яленская са сваімі работамі.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *