Фоторепортаж: Турслёт — 2016

IMG_3571

 

Сёлета ў раённым турыстычным злёце прынялі ўдзел дзевятнаццаць каманд, у склад якіх увайшлі аматары адпачынку на прыродзе з трыццаці дзевяці арганізацый і прадпрыемстваў Докшыччыны. Тры дні аблюбаваны турыстамі бірульскі бераг возера Медзазол вітаў удзельнікаў у адзінаццаці конкурсах. На адкрыцці мерапрыемства старшыня райвыканкама Алег Пінчук пажадаў спартсменам добрага адпачынку, бадзёрага настрою і поспехаў у спаборніцтвах. Падняць сцяг было даручана мінулагоднім пераможцам –  камандзе РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. 

Дзень першы: знаёмства

У першы дзень турысты прайшлі кантрольна-турысцкі маршрут (КТМ), падчас якога прадэманстравалі ўменне арыентавацца па карце і валоданне тэхнікай турызму. Прычым кожны ўдзельнік на сваіх плячах нёс кантрольны груз: 2 л вады, спальны мяшок і аптэчку. Трэцяе месца ў КТМ атрымала каманда “Белая птушка” (ТЦСАН і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама). Другое – ББП (Бярозкаўская, Барсукоўская і Парплішчанская школы). Першае месца заваявалі прадстаўнікі аб’яднанай каманды РЭС і РВЭС “Электрасіла”. Напружаная барацьба ішла і за званне лепшых валейбалістаў на прызы раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. У выніку ўладальнікамі валейбольнага мяча, тэнісных ракетак і раскладнога стула сталі каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (3 месца), “Электрасіла” (2 месца), “Крулеўшчынскі экспрэс” (Крулеўшчынскі с/с і Крулеўшчынская СШ) – 1 месца. Таксама ад “Белай Русі” лісты падзякі атрымалі самыя актыўныя ўдзельнікі турзлёту: Надзея Транчэўская “Крулеўшчынскі экспрэс” і Андрэй Жалняровіч “Электрасіла”. Свае пераможцы былі і ў асабістых спаборніцтвах “Меткі стралок” на прызы РК ГА “БРСМ”. Напрыклад, Сяргей Лісіца з каманды “Белая птушка” ў стрэлах з пнеўматычнай вінтоўкі з кожнай спробы трапіў, як кажуць, “у яблычка”, і стаў беспрэцэдэнтным пераможцам. Другое месца заваяваў Аляксандр Аўтушка, трэцяе – Іосіф Чэрнянін. Першым у дартсе стаў Сяргей Дземідовіч, другім – Віталь Лямец, трэцім – Сяргей Голубеў. Прыгожым завяршэннем першага дня злёту стаў творчы музычны конкурс, падчас якога каманды прадстаўлялі два тэматычныя нумары: патрыятычны і турыстычны. Песні выконваліся ў асноўным пад акампанемент розных музычных інструментаў. Для аздаблення выкарыстоўваліся незвычайныя яркія касцюмы (напрыклад, бабачкі з цэлафанавых пакетаў), дэкарацыі з падручных матэрыялаў. Артыстызмам, якасцю і манерай выканання, рэпертуарам адрозніваліся ад іншых каманды СШ № 1 г. Докшыцы, “Крынічка” (райвыканкам) і “Крулеўшчынскі экспрэс”, якія адпаведна занялі 3-е, 2-е і 1-е месцы.

Дзень другі: боўлінг гумовымі ботамі

У горна-пешаходнай тэхніцы, спаборніцтвы па якой праходзілі на другі дзень злёту, лепшыя вынікі прадэманстравалі каманды “Электрасіла” (3 месца), “Крулеўшчынскі экспрэс” (2 месца) і СШ № 1 г. Докшыцы (1 месца). Згуляць у боўлінг гумовымі ботамі, пахадзіць на хадулях, паскакаць па купінах давялося ўдзельнікам конкурсу пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі. Трэцяе месца ў гэтых выпрабаваннях заваявала Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат, другое – “Крулеўшчынскі экспрэс”, першае – ПМК-52.
“Бірульская рапсодыя”, “Вадаспад задавальнення” – такія і іншыя назвы мелі стравы, прадстаўленыя на кулінарным конкурсе. Асаблівай увагай журы быў адзначаны смачны герб горада Докшыцы, які прыгатавалі вялікія фантазёры з “Крынічкі”. Гэтай камандзе і дасталася 1-е месца. На другім месцы страва “Электрасілы”, на трэцім – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
У начным арыентаванні перамаглі “Тарнада” (аб’яднаная каманда аграпрамысловага комплексу) – 3 месца, аб’яднаная каманда ДП “Гняздзілава-Агра” і Гняздзілаўскай ДС-БШ (2 месца), а таксама ББП – 1 месца.

Дзень трэці: узнагароджанне

“Намаляваць у паходных умовах”, – галоўная ўмова конкурсу турыстычных газет. Іх тэмай стаў аб’яўлены ў краіне Год культуры. У гэтым выпрабаванні першай адзначана каманда “Крулеўшчынскі экспрэс”, другой – РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, трэцяй – “Крынічка”. Завяршальны конкурс турзлёту прысвяцілі трыатлону, у які ўвайшлі бег па перасечанай мясцовасці, плаванне і стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Тут у пераможцы выйшлі СШ № 1 г. Докшыцы (3 месца), “Забойная сіла” (аб’яднаная каманда РАУС, РАНС і Дэпартамента аховы) – 2 месца. Першае месца ў трыатлоне заваявала “Электрасіла”.
На працягу ўсіх дзён злёту журы назірала за бытам каманд-удзельніц. Тут улічвалася правільнасць устаноўкі палатак, умовы захоўвання прадуктаў, абуладкаванне кухні, вогнішча, а таксама дысцыпліна ўдзельнікаў і беражлівыя адносіны да прыроды. У гэтай намінацыі лепшымі сталі: каманда докшыцкага хлебазавода (3 месца), СШ № 1 г. Докшыцы (2 месца) і “Крынічка” (1 месца).
На падвядзенні вынікаў свята здароўя, спорту і здаровага ладу жыцця намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч павіншавала ўсіх з галоўнай перамогай – удзелам у турзлёце. Па выніках усіх выпрабаванняў на першым месцы апынулася каманда “Крулеўшчынскі экспрэс”, на другім – “Электрасіла”, на трэцім – СШ № 1 г. Докшыцы.
Бывай, турзлёт-2016! Да сустрэчы ў наступным годзе!

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Варанковіча.

[nggallery id=121]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *