Ёсць альтэрнатыва вырашыць канфлікт цывілізавана

У рамках рэалізацыі праекта ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М. Машэрава ў Докшыцкім раёне ажыццяўляецца ініцыятыва “Прапаганда альтэрнатыўных спосабаў вырашэння грамадзянскіх канфліктаў”. На яе правядзенне было выдаткавана 16 тысяч еўра. У чым яе асаблівасці і перавагі, якім чынам разглядаюцца спрэчкі, куды пры гэтым можна звяртацца – пра ўсё гэта даведаліся ўдзельнікі канферэнцыі, якая адбылася ў зале пасяджэнняў райвыканкама на мінулым тыдні. IMG_0666Размова ішла пра дзейнасць трацейскіх судоў. Для многіх суб’ектаў гаспадарання такая альтэрнатыва традыцыйнаму гаспадарчаму судаводству застаецца малавядомай, некаторых яна насцярожвае. Тым не менш, як сведчыць міжнародны вопыт і практыка, мы павінны дзейнічаць у выбраным накірунку, калі хочам жыць і вырашаць спрэчкі цывілізаваным шляхам.
Рэктар ВДУ імя П.М. Машэрава, кандыдат юрыдычных навук, прафесар Аляксей Ягораў ­(на здымку):
– Трацейскае судаводства не абцяжарвае дзяржаўны бюджэт. Яно фінансава выгадна, паколькі ажыццяўляецца за кошт сродкаў тых бакоў, паміж якімі ўзнікла спрэчка. Калі гаварыць пра перавагі новай формы вырашэння канфліктаў, то іх нямала. Сярод відавочных трэба адзначыць якасць вынесеных рашэнняў, таннасць у параўнанні з дзяржаўнымі судамі, аператыўнасць і канфідэнцыяльнасць. Рашэнне трацейскага суда канчатковае і абскарджанню не падлягае.
Старшыня Трацейскага суда пры ВДУ імя П. М. Машэрава, кандыдат юрыдычных навук, загадчык кафедры грамадзянскага права і грамадзянскага працэсу Ігар Шматкоў:
– Трацейскі суд пры ўніверсітэце быў утвораны 28 мая 2012 года. Зараз у ім працуюць тры арбітры. Практыка паказвае, што попыт на нашы паслугі расце. Звычайна ў такіх судах вырашаюць спрэчкі заможныя людзі і суб’екты гаспадарання. Дарэчы, яны самі могуць выбіраць і назначаць сабе суддзю – арбітра. Перад тым, як звярнуцца да нас, у дагаворы прапісваецца, што ў выпадку ўзнікнення якіх-небудзь спрэчак справа будзе разгледжана ў Трацейскім судзе (указваецца канкрэтна). Разгляду падлягаюць эканамічныя, прадпрымальніцкія спрэчкі, а таксама жыллёвыя, сямейныя канфлікты. Пры наяўнасці сапраўднага трацейскага пагаднення ў трацейскі суд могуць звярнуцца любыя фізічныя альбо юрыдычныя асобы. Існуе і выключэнне. Дзяржаўныя органы, у тым ліку і органы самакіравання, не могуць быць суб’ектамі трацейскага пагаднення.
Трацейскія суды не ўваходзяць у судовую сістэму, аднак рашэнне такога суда мае тую ж абавязковасць выканання, якую і рашэнне дзяржаўнага суда.
Да альтэрнатыўных спосабаў, акрамя трацейскага правасуддзя, яшчэ адносяць медыяцыю, якая дазваляе вырашыць канфлікт, не даводзячы да судовай стадыі. Гэта значыць, прымірыць бакі і запэўніць іх у тым, што няма неабходнасці звяртацца ў суд. Такім чынам захоўваюцца партнёрскія адносіны паміж суб’ектамі гаспадарання.
Прымяненне медыяцыі сёння асабліва актуальна пры вырашэнні сямейных, працоўных, камерцыйных, карпаратыўных і іншых грамадзянска-прававых канфліктаў.
Медыятар Юлія Сцяпанава:
– Медыяцыя – гэта перамовы бакоў, якія канфліктуюць, з удзелам нейтральнага пасрэдніка (медыятара). Мэта – знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне ў дадзенай спрэчцы. Паспрабую патлумачыць, як яна працуе не навуковымі фразамі, а праз вядомую прытчу. На Усходзе жыў чалавек, які займаўся развядзеннем вярблюдаў. Ішлі гады, і мужчына станавіўся старым і слабым. Паклікаў да сябе перад смерцю трох сыноў і сказаў: “У мяне засталося 17 вярблюдаў, палову аддаю старэйшаму, трэцюю частку – сярэдняму, а малодшаму – дзявятую. Сталі думаць спадчыннікі, як жа падзяліць статак, колькасць якога не дзялілася ні на 2, ні на 3 без астатку. Нават хацелі прадаць жывёлу. Іх спрэчку пачуў вандроўнік, які аддаў братам свайго вярблюда. Чысло 18 паспяхова дзялілася, і ўсе засталіся задаволенымі. Затым мінак забраў свайго гарбатага і рушыў далей…
Вялікая роля ў вырашэнні канфліктаў адводзіцца рабоце псіхолагаў і адвакатаў. Пра ўдзел у альтэрнатыўных спосабах вырашэння спрэчак гаварылі падчас канферэнцыі псіхолаг, кандыдат навук Таццяна Касарэўская і адвакат Юрыдычнай кансультацыі №1 г. Віцебска Вольга Каліна.

Таццяна Падбярэзкая.
Фота А. Варанковіча.

УНП 300048858.

Комментарии:

vicente fernandez mix para adoloridos mp3 on link

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *