Молодая семья из Докшиц строит дом своими руками

IMG_8557

У першым паўгоддзі ў раёне здадзена ў эксплуатацыю 3794 квадратныя метры жылля, што складае 63 працэнты ад гадавога задання. Новы шматкватэрны жылы дом упрыгожыў Бягомль. Да канца года будзе завершана будаўніцтва аднатыпнага шматпавярховіка ў Докшыцах. Даволі хутка “растуць” дамы ў новым жыллёвым мікрараёне “Раённая бальніца”. Для індывідуальнага будаўніцтва ў ім праектам прадугледжана выдзяленне 71 зямельнага ўчастка. На сённяшні дзень 45 з іх ужо маюць сваіх гаспадароў. У асноўным гэта маладыя сем’і, якія пажадалі свой дом будаваць сваімі рукамі. 

Аляксандр і Саша Варганы адносяцца менавіта да катэгорыі такіх маладых сям’яў. Яны нарадзіліся ў Докшыцах, а іх бацькі ў свой час перабраліся ў райцэнтр з розных вёсак раёна. Зараз сужэнцы жывуць пакуль на здымнай кватэры і гадуюць маленькага Уладзіка, але займець уласнае жыллё было ў планах амаль адразу.
– Я вырасла ў кватэры, – расказвае Саша, – сям’я ж мужа мела ўласны дом. Пажыла я там некаторы час пасля вяселля, і мне таксама захацелася мець такое ж прыгожае, утульнае асобнае жыллё.
Узяць крэдыт Варганы спазніліся, але ад участка не адмовіліся: будуюць за ўласныя сродкі. Саша сцвярджае, што ёй у гэтым плане вельмі пашанцавала з мужам. Аляксандр, які зараз мае ўжо сваю транспартную фірму, у прынцыпе, пачаў зарабляць грошы падчас вучобы ў школе. Хлопец, як кажуць, не лынды біў, як большасць яго аднагодкаў, а здаваў яблыкі, збіраў металалом і думаў пра тое, што яму ў будучыні давядзецца забяспечваць сям’ю. Падобнай мужчынскай пазіцыі ён навучыўся ў бацькі Юрыя Аляксандравіча. Тата і зараз першы памочнік сыну на будаўніцтве дома. Пасля работы спяшаецца на дапамогу і цесць Баляслаў Баляслававіч. За вясну і лета дом падвялі ўжо пад дах і пры гэтым рабочых не наймалі. Задаволены месцам, на якім размяшчаецца іх участак, і тым, што загадзя ў раёне забудовы была ўзведзена сетка энергазабеспячэння, пракладзены водаправод, пабудавана дарога. Гэта вельмі зручна для індывідуальных забудоўшчыкаў.
– Мы любім свае Докшыцы, – сцвярджаюць сужэнцы, – і нават калі былі студэнтамі, ведалі, што нідзе больш жыць не будзем, як толькі ў нашым ціхім, спакойным гарадку, дзе можна не баяцца за дзяцей, дзе ёсць усё, што патрэбна для жыцця. А калі чаго няма, то абавязкова будзем мець, толькі трэба рупіцца.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *