Конкурс «Леди фестиваль» прошёл в Докшицком районе (+фото)

IMG_1184Раённае свята “Фестываль дзвюх рэк” распачалося конкурсам прыгажосці і грацыі, які адбыўся ў ККЗ “Іскра”. Удзельніцамі феерычнага шоу сталі адзінаццаць прыгажунь Докшыччыны, “журылі” якіх сапраўдныя эксперты ў пытаннях жаночай прыгажосці – мужчыны.

У дэфіле-знаёмстве, якое адбылося напачатку, дзяўчаты прадэманстравалі вобразы, характэрныя для іх светапогляду. Што толькі ні выкарыстоўвалі ўдзельніцы для таго, каб іх прыкмецілі, адзначылі і зразумелі ўнутраны свет кожнай! Так, медыцынская сястра Докшыцкай ЦРБ Таццяна Дземідовіч паўстала ў вобразе рамантычнай прыгажуні, якая вельмі любіць чытаць. Прадстаўніца “Беларусбанка” Юлія Ткачэнка выйшла ў вобразе дзяўчыны з 70-х гадоў у сукенцы ўкулічкі і станцавала пад любімую музыку стыляг. Са сваім хатнім гадаванцам – кошкай пароды сфінкс – у вобразе дзяўчыны-падарожніцы дэфіліравала па сцэне настаўніца СШ № 1 г. Докшыцы Аксана Дорц. Рамантычнай асобай выступіла прадстаўніца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віялета Мацюшонак. Супрацоўніца гэтага ж аддзела Ірына Калбасіч зарадзіла ўсіх пазітыўнай энергіяй, калі выйшла ў вобразе дзяўчыны ў рытме горада. Стыльна, па-дзелавому выглядала прадстаўніца РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Ала Хісцяева, якая ў жыцці паспявае сумяшчаць работу, сям’ю і заняткі ў танцавальнай студыі. Яе вобраз – дзелавая жанчына. Жыццярадасная і вясёлая настаўніца Бягомльскай ДШМ Настасся Асон усіх зачаравала сваёй усмешкай. Яе стыхія – творчасць. Падчас выступлення яна з пэндзлем і фарбамі ў руках быццам малявала ўвесь навакольны свет. Бухгалтар ПМС Настасся Стэфаньян у гэтым годзе прыняла ўдзел і перамагла ў конкурсе грацыі і артыстычнага майстэрства “Місс БДАТУ-2016”, а таксама стала фіналісткай Міжнароднага студэнцкага конкурсу “Каралева Вясна-2016”. На конкурсе “Лэдзі Фестываль” яна паўстала ў вобразе беларусачкі, якая вельмі ганарыцца сваёй малой радзімай. Утульны дом, шчаслівыя дзеці і муж – вось што галоўнае ў жыцці аператара ТЦСАН, маці пяцярых дзетак Святланы Навойчык. Кранальным да слёз быў удзел у дэфіле разам з ёй і дзяцей, якія сваім выхадам падмацавалі прадстаўлены вобраз жанчыны-маці. Сучаснай спартыўнай дзяўчынай выйшла на сцэну інструктар па лячэбнай фізкультуры санаторыя “Баравое” Вольга Яловік, жыццёвае крэда якой – спорт і актыўны адпачынак. Абаяльная і творчая сакратар Докшыцкага суда Святлана Васюковіч дэфіліравала ў вобразе загадкавай і таямнічай незнаёмкі.

Другі этап конкурсу – новае дэфіле: дзяўчатам было прапанавана прадэманстраваць вобраз галоўнага сімвала фестывалю – чароўнай птушкі лебедзь. Удзельніцы ў шыкоўных белых сукенках плаўна рухаліся па сцэне: у адных вобраз дапаўнялі галаўныя ўборы з пер’ем, у другіх – рукавы строяў і карункавыя накідкі, якія нагадвалі крылы. Не менш зачаравальным было і наступнае дэфіле, падчас якога дзяўчаты прымерылі на сабе вобразы рэк.
Мужчыны-артысты сваім талентам падтрымлівалі ўдзельніц мерапрыемства і дарылі добры настрой гледачам. Са сцэны гучалі песні салістаў народнай вакальнай студыі “Калейдаскоп”: Андрэя Чабана і Андрэя Воранава, Валерыя Міхмеля і Фёдара Ільіча, Аляксандра Яцыны, Дзмітрыя Міхайлава і Андрэя Камінскага. Пластыкай і грацыяй здзіўляў гледачоў падчас выступлення харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Апошні этап – бліц-інтэрв’ю. Пытанні да ўдзельніц гучалі самыя розныя, але ўсе яны тычыліся менавіта Фестывалю дзвюх рэк. Юля Ткачэнка рэкламавала мерапрыемства вершамі, Ала Хісцяева прыкмеціла, што агульная занятасць сям’і якім-небудзь відам творчасці гуртуе і дорыць радасць. Пра прыгажосць не толькі краявідаў, але і асабліва таленавітых людзей Докшыччыны гаварыла Настасся Стэфаньян, калі раскрывала тэму слогана фестывалю “Тут самыя чысцейшыя крыніцы, дзе звонкіх песень льюцца галасы”. На пытанне, адрасаванае да Святланы Навойчык, чаго яна чакае ад конкурсу прыгажосці і грацыі, глядацкая зала пракрычала: “Перамогі!” Святлана ж сціпла ўсміхнулася і адказала: “Зусім не. Я хачу, каб гэты конкурс аб’яднаў розныя пакаленні. Каб і зусім юныя дзяўчаты, і жанчыны больш сталага пакалення не баяліся ўдзельнічаць побач у розных мерапрыемствах. Галоўнае не перамога. Самыя жаданыя словы падтрымкі я ўжо пачула ад сваіх дзяцей: яны мяне назвалі вялікім белым анёлам. Няхай кожная жанчына – і ў зале, і на сцэне – будзе для сваіх сыноў і дачок анёлам”. Пра прыгажосць унутры кожнага чалавека гаварыла Вольга Яловік. Дзяўчына ўпэўнена, што менавіта гэтая прыгажосць, а таксама цеплыня, любоў і дабрыня выратуюць свет. Святлана Васюковіч пажадала Фестывалю дзвюх рэк стаць традыцыйным, і яе словы бурнымі апладысментамі падтрымалі гледачы і ўдзельнікі мерапрыемства.

Абвясціць вынікі галасавання журы прадаставілі яго старшыні Сяргею Куратніку. Ён падкрэсліў, што, выбіраючы Лэдзі Фестываль з адзінаццаці ўдзельніц, журы прыйшлося выдзеліць лепшую сярод роўных.
І вось хвалюючы момант – цырымонія ўзнагароджання. Тытул “Лэдзі Абаянне” атрымала Святлана Васюковіч, “Лэдзі Грацыя” – Ала Хісцяева, “Лэдзі Зачараванне” – Таццяна Дземідовіч, “Лэдзі Рамантыка” – Аксана Дорц, “Лэдзі Вытанчанасць” – Віялета Мацюшонак, “Лэдзі Элегантнасць” – Вольга Яловік, “Лэдзі Непаўторнасць” – Святлана Навойчык, “Лэдзі Гламур” – Настасся Асон, “Лэдзі Арыгінальнасць” – Юлія Ткачэнка, “Лэдзі Пяшчота” – Ірына Калбасіч. Пераможцай конкурсу прыгажосці і грацыі “Лэдзі Фестываль-2016” стала Настасся Стэфаньян.

Дзяўчаты-ўдзельніцы засталіся ўдзячнымі арганізатарам мерапрыемства, асабліва дырэктару раённага Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Святлане Вялічка і харэографу Марыне Чабан, а таксама вядучым шоу Дзмітрыю Чувахову і Вользе Жалткевіч. Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў гэты вечар і ў гонар спонсара конкурсу прыватнага прадпрымальніка Алесі Лукашэвіч і прадаўца-кансультанта вясельнага салона “Лізавета” Бэлы Багдасаран за прадастаўленыя строі для канкурсантак.

Канкурсанткі “Лэдзі Фестываль” сталі ўпрыгожаннем святочнага шэсця ў дзень святкавання фестывалю.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота В. Чарвінскага.

[nggallery id=133]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *