Самое маленькое хозяйство Докшицкого района уверенно держит позицию

б 039Здавалася б, пра якое спаборніцтва можа ісці размова, калі параўноўваць такіх гігантаў, як ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Таргуны”, з замастачанскай “дзюймовачкай”? Ды – ведай, як кажуць, нашых – ад самага пачатку ўборачнай кампаніі ААТ “Замастачанскае” цвёрда трымае трэцяе месца ў спаборніцтве і пазіцый сваіх, па ўсім бачна, здаваць не збіраецца, нягледзячы на ўсе цяжкасці і надзённыя праблемы.
– Стараемся знаходзіць аптымальныя рашэнні ўсіх пытанняў, падтрымліваем адзін аднаго і дапамагаем адзін аднаму, як толькі можам, – гаворыць кіраўнік гаспадаркі Кацярына Чувакова. – У невялікім калектыве, мабыць, заўсёды так. Сёлетняе жніво вельмі нялёгкае: надвор’е нестабільнае, дажджы перакрэсліваюць усе нашы планы і намаганні.
– Сапраўды, вельмі балюча ад таго, што працуеш сумленна, перажываеш усёй душой за справу, а вынік жаданы ўбачыць не атрымліваецца: прыродныя капрызы ўносяць свае карэктывы, – уключаецца ў размову галоўны аграном Сяргей Бяляўскі. – Толькі мы ўзрадаваліся, што вільготнасць зерня складае 13 – 14 працэнтаў, а гэта значыць, можна яго не прапускаць праз сушылку, як дождж на выхадныя “падправіў” сітуацыю. Безумоўна, вырастаюць затраты на дасушку, а гэта зусім не станоўча адбіваецца на эканоміцы нашага невялічкага таварыства. Жыта шмат палягло, што ўскладняе работу камбайнераў. Ячмень, які сёлета вырас невысокі, хіліць каласкі да самага долу, а там з дапамогай працяглых дажджоў набраўся сілы ўсемагутны пырнік… Падчас жніва нельга забывацца і на тое, што трэба араць, рулоніць і звозіць з поля салому, ды і шэраг іншых неадкладных работ не дазваляе супакоіцца: за ўсё баліць душа, усё хочацца зрабіць у аптымальныя тэрміны і належным чынам.
Так, жніво – нялёгкая пара, вялікае выпрабаванне, нават не столькі фізічнае, колькі маральнае, для тых, хто прафесію сваю выбраў невыпадкова, аддае справе ўсе сілы, уменні і вопыт, а Сяргей Станіслававіч, без сумнення, менавіта такі чалавек. Таму і хваляванне спецыяліста, і пэўная незадаволенасць вынікамі – дарэчы, вельмі нядрэннымі – цалкам зразумелыя і апраўданыя.
На жніве ў “Замастачанскім” працуюць два экіпажы камбайнераў: Васіль Чувакоў з Юрыем Нікіціным і Юрый Глінскі з Валерыем Барздыкам. На рахунку першага экіпажа 302 тоны намалочанага зерня, другі намалаціў 199 тон. Варта адзначыць, што Юрый Нікіцін паспявае яшчэ і адвозіць збожжа на МАЗе-дзесяцітонніку. На адвозцы таксама задзейнічаны Аляксандр Зорыч на МТЗ-1221. Аляксандр Віктаравіч устае ні свет ні зара, бо раненька яшчэ падвозіць падкормку цялятам. Амаль 30 гадоў складае яго механізатарскі стаж у гаспадарцы, і толькі добрых слоў у свой адрас заслугоўвае працаўнік. Камбайнер Юрый Глінскі таксама не навічок у прафесіі. Кажа, што памочнікам камбайнера пачаў працаваць ужо з восьмага класа, а пасля заканчэння Вілейскага СПТВ поўнасцю прысвяціў жыццё сельскай гаспадарцы. У пэўны час асвоіў і “Ніву”, і “Дон”, таму камбайн ведае як свае пяць пальцаў. Работа хоць і цяжкая, але звыклая.
3 445 гектараў збожжавых у ААТ “Замастачанскае” ўбралі 159, ураджайнасць складае 30,6 ц/га – гэта трэці паказчык па раёне. Ці ўдасца да канца ўборачнай экіпажам пераадолець тысячны рубеж, пакажа час. Ды і ці важны настолькі гэты паказчык, калі галоўнае ў замастачанскіх працаўнікоў ёсць – адказнасць за справу, сумленнасць, сціпласць і надзейнасць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *