В агрогородке Ситцы Докшицкого района прошёл праздник в честь св. Серафима

IMG_7589Традыцыйна і нязменна св. Серафіму жыхары аграгарадка Сітцы і шматлікія прыезджыя моляцца ў храме першага жніўня. І, як звычайна бывае на такіх фэстах, духоўнаму, узвышанаму спадарожнічаюць жыццёвыя чалавечыя радасці: невялікі кірмаш, забаўляльная праграма, выступленні артыстаў. Заўважце: слова “праздник” у рускай мове паходзіць ад “праздный, праздность”, што азначае “бяздзейнічаць, гультайнічаць, нічога не рабіць”, а ў нас, беларусаў, “свята” ўтварылася ад слоў “святы, святасць”. Спакон вякоў мелася на ўвазе, што ў святочны дзень трэба памаліцца Богу, зрабіць нейкую добрую справу, напрыклад, праведаць хворага чалавека, ахвяраваць колькі грошай для бедных, падзяліцца чым-небудзь з суседзямі і г.д. А тады ўжо можна было весяліцца: спяваць, танцаваць, гуляць у розныя гульні, ласавацца прысмакамі.

Сёлета першага жніўня прыпала на панядзелак, пачатак рабочага тыдня. Але работнікі культуры ад традыцыі не адышлі і арганізавалі вясёлае свята для вяскоўцаў і гасцей у нядзелю, пасля абеду. “Серафім святы ідзе, на кірмаш усіх заве” – так называлася гэтае брэндавае мерапрыемства, якое праходзіла ў парку, каля дома культуры, і сабрала шмат вяскоўцаў і гасцей.

Усё было так, як і належыць на свяце: разбягаліся вочы ад мноства самага рознага печыва, якім можна было частавацца колькі душы заўгодна за невялікія грошы. Ім на століках, упрыгожаных абрусамі-вышыванкамі, гандлявалі прадстаўнікі розных арганізацый Сітцаўскага сельсавета і работнікі культуры раёна. А той, хто не з’яўляецца аматарам салодкага, мог паспытаць маласольных гурочкаў ды марынаваных галубцоў. Працавалі атракцыёны, актыўна прадаваліся цукровая вата і папкорн, вабіла да сябе бяспройгрышная латарэя – цудоўныя вырабы з саломкі, лазы, драўніны, салодкім пахам напаўнялі наваколле слоічкі з бурштынавым мёдам. Таксама можна было прыдбаць і самаробныя кошыкі, яркія, лёгкія, зручныя. Цікавасць выклікалі выставы карцін дачкі і бацькі Святланы і Уладзіміра Пелюхаў, вязаных рэчаў майстрыхі Таісіі Ткачовай і работ з бісеру Святланы Гаранінай.
Святочная ж праграма з самымі разнастайнымі нумарамі ўмомант сабрала гледачоў каля сцэны. Моладзі і падлеткам, напэўна, спадабалася выступленне Андрэя Камінскага з Порплішча, сітцаўскага дуэта ў складзе Улада Чыкуна і Данііла Кучына, а таксама імправізаванага гурту, у які ўвайшлі загадчык Крулеўшчынскага Цэнтра культуры і вольнага часу Валерый Міхмель, Фёдар Ільіч з Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага і браты Арцём і Ягор Калягі. Хлопцы ад душы “каўбасіліся” самі і зарадзілі станоўчымі эмоцыямі ўдзельнікаў свята. Для гледачоў старэйшага ўзросту з задавальненнем спявалі і танцавалі народныя ансамблі “Раніца” і “Прызбачка”. А асноўны тон фэсту задавалі, безумоўна, яго арганізатары – работнікі Сітцаўскага СДК, Сітцаўскай і Заборцаўскай бібліятэк Жанна Штоль, Яўгенія Кішыла, Алена Карповіч, Наталля Літвінава і Людміла Кучыц. Жарты, песні, інтэрмедыі ў іх выкананні сыпаліся як з рога дастатку. Дарэчы тут будзе сказаць, што гэтым жанчынам, а таксама акампаніятару Валерыю Войціку і ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці Алене Фрол, вельмі ўдзячны жыхары Парэчча і Макаравіч за праведзеныя святы гэтых вёсачак.
Напрыканцы свята былі падведзены вынікі конкурсу сярод кулінараў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інга Журомская шчыра павіншавала пераможцаў і ўручыла ім заслужаныя ўзнагароды. Трэцяе месца ў конкурсе занялі загадчыца Сітцаўскага КПП Кацярына Шарох і работніцы дзіцячага садка, другое раздзялілі між сабой майстрыхі мясцовай сярэдняй школы і аддзялення кругласутачнага ўтрымання для асоб пажылога ўзросту. Пераможцай жа па праве стала медсястра Сітцаўскай амбулаторыі Тамара Салаўёва. Яе торт “Святы Серафім” быў аднагалосна прызнаны лепшай работай, калі можна так сказаць, у кулінарным жанры.
З добрым настроем разыходзіліся вяскоўцы са свята, а гэта значыць, яно сапраўды ўдалося.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *