Центральная библиотека города Докшицы отметила профессиональный праздник

а 070Вы ніколі не заўважалі, як часта нашым уяўленнем валодаюць штампы? Калі повар, дык гэта абавязкова павінна быць жанчына паўнацелая ды ружовашчокая, калі настаўніца – тут жа малюецца вобраз жанчыны строгай, няўсмешлівай, у дзелавым касцюме і са стосам сшыткаў, калі актрыса, то, наадварот, бачыцца нешта феерычна яркае, чароўнае, экстравагантнае, а бібліятэкарку мы ўяўляем сціплай, з ціхім голасам, у адзенні шэрай гамы ды з акулярамі на носе. А ў жыцці ўсё зусім не так. Таму, мабыць, і здзіўляемся: артыстка, ад прыгажосці якой на сцэне захоплівае дух, у рэальнасці непрыкметная, дробненькая, у джынсах і футболцы і з валасамі, сабранымі ў рэдзенькі хвосцік. А бібліятэчныя работнікі зусім не эфірныя істоты, прыцярушаныя “пылам стагоддзяў”, якія бязгучна рухаюцца паміж стэлажамі з кнігамі ды жывуць цалкам у кніжным свеце. Яны і самадастатковыя, і яркія, і творчыя, і модныя, і рознымі талентамі надзелены. Гэту выснову можна з усёй упэўненасцю пацвердзіць, пабываўшы на святкаванні Дня бібліятэк у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Каб адзначыць прафесійнае свята і паўдзельнічаць у конкурсна-забаўляльнай праграме “Сёння свята ў калег: сёння – Дзень бібліятэк”, у зале сабраўся практычна ўвесь калектыў цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы – каля трох дзясяткаў прыгожых, святочна апранутых жанчын і адзіны мужчына (так-так, трапляюцца ў гэтай сферы і прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва!). У першую чаргу хочацца адзначыць цёплую, сяброўскую, нейкую вельмі ўтульную і нязмушаную атмасферу без залішняй пафаснасці і цырымоннасці, якая калі-нікалі бывае ўласцівай для мерапрыемстваў падобнага кшталту. Гучалі словы віншаванняў ад галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяны Дземідовіч, дырэктара ЦБС Ірыны Карэпанавай, бібліятэчных работнікаў. Шквал апладысментаў выклікалі песні ў выкананні трыа – Алены Карповіч, Людмілы Кучыц і Наталлі Літвінавай, салістак Раісы Вярцінскай і Таццяны Аўласевіч. На “ўра” прайшло выступленне Рэгіны Красоўскай, якая не толькі цудоўна іграла цыганку, спявала, але і падняла настрой удзельнікам жартоўнай гульнёй “Угадваем думкі”. Майстрамі дэкламацыі паказалі сябе Святлана Атрахімовіч, Кацярына Іваньковіч, якой дапамагала Ірына Палачаніна. Тое, што бібліятэкарам па сіле і тэатральныя пастаноўкі, прадэманстравалі работнікі аддзела камплектавання Алена Капытка і Наталля Цэлічына. З ролямі вядоўцаў справіліся Аксана Шворан і Марына Дваяжонава. А за музычнае суправаджэнне свята адказваў вышэйназваны адзіны мужчына Павел Жакаўка.
Урачысты момант свята – клятву вернасці прафесіі давалі маладыя спецыялісты: выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віялета Шылавіч, выпускніцы Магілёўскага бібліятэчнага каледжа Вікторыя Ражкова і Яна Нікіфарава. Дзяўчаты пачулі ў свой адрас шмат цёплых слоў, атрымалі памятныя сувеніры і падарункі. Думаецца, ім будзе зусім нескладана ўліцца ў калектыў, дзе сустрэнуць прыязна, навучаць, дапамогуць і падкажуць.
Шмат вясёлых конкурсаў прайшло на свяце, але не былі б то бібліятэкары, каб, няхай і ў жартоўнай форме, не патрабавалася ў гэтых спаборніцтвах прадэманстраваць сваю эрудыцыю. Вельмі спадабалася ўсім прысутным прэзентацыя “Дзіцячыя гады цудоўныя”, у якой калегі ўгадвалі адзін аднаго на фотаздымках з дзяцінства.
Кветкі, сонечны вераснёўскі дзень і зала, расквечаная ўсмешкамі, – такім, напэўна, застанецца гэты дзень у памяці людзей, што прысвяцілі сваё жыццё служэнню яе вялікасці Кнізе.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались!”
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *