Чтобы было уютно и надежно в семье

б 186Напэўна, усе ведаюць прыпавесць пра тое, як на прыкладзе веніка бацька вучыў сыноў еднасці: па адным дубчыку яго лёгка разламаць, а цалкам – немагчыма. Наяўнасць шматлікай радні, блізкіх людзей, якія і гора дапамогуць перажыць, і радасць тваю прымножаць, ва ўсе часы і ва ўсіх народаў цанілася і лічылася ці не галоўным багаццем чалавека.
У сямейным “веніку” Юрыя і Яны Конанаў сем “дубчыкаў”. Асноўныя і пакуль што мацнейшыя – гэта яны самі, а яшчэ пяць сапраўды ўчэпіста трымаюцца і за іх, і адзін за аднаго. Пяцёра дзетак расце ў гэтай сям’і. Тата Юрый, механізатар ДП “Гняздзілава-­Агра”, тут нарадзіўся і вырас, тут і застаўся жыць. Мама Яна родам з Барысава, гараджанка, якая вясковае жыццё зведвала толькі на канікулах у бабулі. А вось прыехала – і ўсяму навучылася: і агароды даглядаць, і кароў даіць, і бульбу саджаць-выбіраць, і сена сушыць… Працавала на МТФ “Жары”, але ўжо даволі працяглы час знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзецьмі. Клопатаў у маладой маці хапае – паспявай толькі ўходжвацца. І яна з дапамогай мужа і старэйшых дзетак спраўляецца. Парадак у доме і вакол, паўсюль кветкі, дагледжаны агарод, соткі, скаціна. Гаспадары смяюцца, што, акрамя “прамысловай” жывёлы, ёсць яшчэ абавязковыя сабака, кот і хамяк на радасць дзятве.
Пакуль размаўлялі, прыйшла са школы старэйшая Насця, васьмікласніца, каб прыгледзець за малечай: бацькі сабраліся капаць бульбу. У школе засталіся пяцікласнік Саша і Маша, якая ходзіць у чацвёрты клас. Варта адзначыць, што ўсе дзеці добра вучацца, наведваюць гурткі і секцыі, прымаюць актыўны ўдзел у школьных і класных мерапрыемствах. Насця захапляецца спортам і паказвае нядрэнныя вынікі. Спакойнаму і разважліваму Сашу падабаюцца заняткі па дрэваапрацоўцы і модульным арыгамі – тое, што патрабуе акуратнасці, уседлівасці, стараннасці. Маша – самая актыўная, таварыская і гаваркая з дзяцей, “маторчык” або “маленькі пракурор”, як называе яе бабуля. Ну а дома, пры маме, цэлымі днямі знаходзяцца чатырохгадовая Таня, Танюша, Нюша і двухгадовая Веранічка. “Наш малёк”, – усміхаецца тата. Светлавалосы і цёмнавокі “малёк” у адказ адорвае такой цёплай і шчырай усмешкай, што, здаецца, праменьчыкі разыходзяцца ва ўсе бакі ад гэтай светлай галоўкі з пацешнымі хвосцікамі.
Усе дзеці ў Конанаў адкрытыя, непасрэдныя, жыццярадасныя, прыязныя. А такое магчыма толькі тады, калі ў сям’і жывуць любоў, клопат адзін пра аднаго, давер, падтрымка. Яна і Юрый адзначаюць, што асаблівых педагагічных прыёмаў у выхаванні дзяцей не прымяняюць. “Мы іх проста любім і стараемся, каб ім было цёпла, утульна і надзейна ў сям’і, каб у будучым яны сталі добрымі людзьмі і добрымі бацькамі для сваіх дзяцей”.

Алена НЕСЦЯРОНАК. 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *