Досрочное голосование на парламентских выборах стартовало в Докшицком районе

б 169 б 167Аддаць свой голас датэрмінова можна з 6 па 10 верасня, з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Гэта могуць зрабіць выбаршчыкі, якія ў асноўны дзень выбараў, 11 верасня, не змогуць знаходзіцца па месцы жыхарства. Афіцыйнага пацвярджэння прычын немагчымасці прыйсці ў гэты дзень для галасавання не патрабуецца.

У нашым раёне створаны 24 участкі для галасавання, якія цалкам падрыхтаваны да выбарчай кампаніі і 6 верасня сустрэлі сваіх першых выбаршчыкаў.
Участак для галасавання №20 па Докшыцкай выбарчай акрузе №22 размешчаны ў памяшканні Параф’янаўскага сельскага выканаўчага камітэта ў аграгарадку Параф’янава. Бюлетэні тут выбаршчыкі маюць магчымасць запаўняць у дзвюх кабінах для патаемнага галасавання. Перад пачаткам работы старшыня камісіі па выбарах В.К. Каросцік і яго намеснік С.П. Палачанін (здымак 1) апячаталі урну для галасавання ў прысутнасці членаў камісіі ў складзе трынаццаці чалавек і назіральніка М.І. Шульгата. Віктар Карлавіч павіншаваў членаў камісіі з пачаткам работы, выказаў упэўненасць у іх бездакорнай рабоце і ў тым, што чарговая выбарчая кампанія пройдзе належным чынам.
Як паведаміў старшыня камісіі, спісы выбаршчыкаў, якіх зарэгістравана 1065, былі звераны ва ўстаноўленыя тэрміны. Кожны з грамадзян атрымаў запрашэнне прыняць удзел у галасаванні. Самая старэйшая выбаршчыца – Марыя Паўлаўна Бабровіч, 1920 года нараджэння, жыхарка вёскі Лібараўшчына. Упершыню сёлета будуць галасаваць маладыя жыхары Параф’янава Андрэй Бяльчук, Сняжана Красковіч і Святлана Навіцкая. Віктар Карлавіч адзначыў, што на ўчастку №20 звычайна датэрмінова галасуюць вельмі актыўна, што тут жа і пацвердзілася: роўна ў 10 гадзін з’явіліся першыя выбаршчыкі. Вадзім Ціхановіч (здымак 2) працуе ў вагонным дэпо “Мінск”, а аддаць грамадзянскі доўг прыйшоў па месцы прапіскі і, як бачым, марудзіць з гэтым не стаў.
– Я свой выбар зрабіў, упэўнены ў ім, – гаворыць Вадзім, – таму і прагаласаваць вырашыў датэрмінова.
Свой голас у самым пачатку кампаніі вырашылі аддаць пенсіянерка Раіса Цімафееўна Міхеенкава, былая работніца чыгункі, дзяжурная па станцыі ”Параф’янава”, а таксама загадчык філіяла “Параф’янаўскі сельскі Дом культуры” Вікенцій Яўгенавіч Скараход.
***
Нагадваем чытачам, што датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі ў прысутнасці не менш за двух яе членаў. Выбаршчык, атрымаўшы на ўчастку бюлетэнь, распісваецца і ўказвае дату датэрміновага галасавання. Галасаванне за іншых грамадзян пры наяўнасці даверанасці ад іх забараняецца, паколькі кожны выбаршчык павінен аддаць свой голас асабіста.
Бюлетэнь выдаецца пры прад’яўленні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншых дакументаў. Да іх адносяцца службовае пасведчанне дзяржаўнага служачага, студэнцкі білет, вадзіцельскае пасведчанне, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), пенсійнае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фотаздымка), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт), а таксама пасведчанне аб інваліднасці. У тым ліку прагаласаваць датэрмінова (па мясцовым часе) могуць беларускія грамадзяне, якія знаходзяцца за межамі краіны.
Бюлетэнь запаўняецца выбаршчыкам у кабіне або пакоі для патаемнага галасавання. У бюлетэні неабходна паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога выбаршчык жадае аддаць голас. Пры галасаванні супраць усіх кандыдатаў патрэбна паставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка “Супраць усіх кандыдатаў”. Калі ў бюлетэнь унесена прозвішча толькі аднаго прэтэндэнта на парламенцкі пост, то неабходна паставіць любы знак у квадраце пад словам “за” або ў квадраце пад словам “супраць”.
Грамадзянін, які не мае магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь, мае права запрасіць у кабіну або пакой для патаемнага галасавання іншую асобу па свайму жаданню, акрамя членаў участковай і вышэйстаячых камісій, кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб, назіральнікаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Тыя, хто дрэнна бачыць, могуць карыстацца павелічальным шклом (лупай). Невідушчаму выбаршчыку, які жадае прагаласаваць самастойна, выдаецца бюлетэнь і спецыяльны трафарэт.
Калі дапускаецца памылка пры запаўненні бюлетэня, варта звярнуцца да члена ўчастковай камісіі з просьбай выдаць новы замест сапсаванага.
Для падвядзення вынікаў выбараў у Беларусі выкарыстоўваецца мажарытарная выбарчая сістэма адноснай большасці. Выбары адбываюцца, калі ў галасаванні прыняло ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругі, уключаных у спісы.
Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў. Калі ў бюлетэні значыцца прозвішча толькі аднаго кандыдата, ён лічыцца выбраным пры атрыманні больш за палову галасоў электарату.
На выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь змогуць прагаласаваць 6 990 696 грамадзян краіны. У Віцебскай вобласці датэрміновае галасаванне будзе праходзіць на 777 участках.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *