К профессиональному празднику работников нефтяной, газовой и топливной промышленности

З цяплом да людзей

DSC00937Штогод, у першую нядзелю верасня, калектывы ВУ “Віцебскторф”, Докшыцкага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Глыбокаегаз”, склада захоўвання нафтапрадуктаў № 8  Крулеўшчына і філіяла УП «Віцебскаблпаліва» адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні гэтай падзеі самы час расказаць пра лепшых працаўнікоў, якія ўносяць важкі ўклад у выкананне асноўнай задачы прадпрыемстваў – забеспячэнне насельніцтва рознымі відамі паліва. 

Газ у кожны дом

У лічбах і фактах
За студзень — ліпень
*рэалізавана 260 тон звадкаванага газу;
* прыродны газ праведзены ў 39 жылых дамоў;
*уведзены ў эксплуатацыю два падводзячыя газапровады і тры вулічныя;
*абслужана 770 газавых катлоў;
*заменена 810 газавых пліт.

Заяўку прынялі

DSC00934

І яна будзе выканана ў адпаведнасці з графікам і ўстаноўленымі тэрмінамі. Гэта абавязкова тлумачыць прыёмшчык заказаў, калі прымае заяўку ад абанентаў на замену газавага балона, паведамленне аб няспраўнасці газавай пліты ці катла. Графік складзены так, што газавікі наведваюць кожны населены пункт раз у тыдзень, Бягомль – па серадах і пятніцах, а Докшыцы — ва ўсе дні, акрамя нядзелі. Высокая вытворчая і выканаўчая дысцыпліна дазваляюць строга прытрымлівацца гэтага правіла. Пры пільнай неабходнасці (напрыклад, у сям’і ёсць маленькія дзеці), газавікі могуць “падкінуць” балон і па-за чаргой, або, калі ёсць магчымасць зрабіць гэта адначасова з заяўкай па графіку: абслугоўваючы Валкалаты, можна заехаць і ў Сітцы.
Усе падобныя пытанні рэгулюе прыёмшчык заказаў. Аляксандр Ярыжанец на гэтай пасадзе працуе ўжо восем гадоў. Летась яго прозвішча было занесена на абласную Дошку гонару. Завочна ён знаёмы практычна з усімі абанентамі, а яны — з ім. Вопыт і вышэйшая педагагічная адукацыя дазваляюць Аляксандру “гасіць” канфлікты ў самым пачатку. Абаненты розныя бываюць: не ўсе, напрыклад, згаджаюцца з тым, што іх газавая пліта не можа ўжо эксплуатавацца, бо сышоў яе тэрмін прыгоднасці, і патрэбна замена на новую. Ад прыёмшчыка ў такім выпадку патрабуецца вялікае цярпенне і ўменне растлумачыць, што з газам жарты дрэнныя. Бяспека спажыўцоў – адна з галоўных задач у дзейнасці арганізацыі.
Дарэчы, газавае абсталяванне, у прыватнасці пліту ці кацёл, можна набыць у раёне газазабеспячэння. Тут гэтыя рэчы больш танныя, чым у любой іншай краме. Загадвае складам, дзе захоўваецца названае тэхабсталяванне, ужо 16 гадоў Павел Мехавіч. Нават на фоне тых работнікаў, якія тут працуюць, — а сярод іх няма гультаёў ці прагульшчыкаў — Павел Фёдаравіч вылучаецца вялікай адказнасцю. На складзе ў яго ўзорны парадак, і матэрыяльным каштоўнасцям захаванасць забяспечана поўнасцю. Асаблівы яго клопат — прыёмка і захаванне балонаў са звадкаваным газам. Яны сюды паступаюць з Полацкай газанапаўняльнай станцыі ўжо апламбаванымі і гатовымі да эксплуатацыі. Кладаўшчык жа ажыццяўляе іх улік па нумарах, праводзіць кантрольнае ўзважванне. На складзе заўсёды ёсць запас у паўтары тысячы балонаў. Так што абанентам няма чаго хвалявацца. Сярод гэтай колькасці значацца не толькі звыклыя 50-літровыя, але і ўмяшчальнасцю 27 літраў, і нават паходныя ў пяць літраў. Адным словам, любую заяўку наконт пастаўкі звадкаванага газу арганізацыя ў стане выканаць. Працуюць у службе дастаўкі самыя вопытныя і правераныя работнікі: Аляксандр Крук, Сяргей Суднік, Мікалай Шляхтун, Валерый Несцяронак, Генадзь Гамановіч. Працоўны стаж кожнага — каля 20 гадоў.
Аляксандр Жаўнерка – прадстаўнік маладога пакалення газавікоў. Але кіраўніцтва яму як спецыялісту з вышэйшай інжынернай адукацыяй смела даверыла адзін з самых адказных участкаў работы. І ён за пяць гадоў працы ўжо паспеў стаць лепшым работнікам. Разам з вадзіцелем Юрыем Стадольнікам яны прадстаўляюць аварыйную службу. Устанаўліваюць і рамантуюць газавае абсталяванне. З пачатку года аварыйная служба выканала каля ста падобных заявак. Да таго ж хлопцы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці.

 

Увага – добраўпарадкаванню

DSC00948На тэрыторыю райгаза можна смела вадзіць экскурсіі: да таго тут чыста і прыгожа. Прадуманае азеляненне, безліч кветак, утульныя куточкі адпачынку. І кожны год з’яўляецца нешта новае, нязвыклае.
Арыгінальнымі дызайнерскімі праектамі, накіраванымі на стварэнне эстэтычна выразнага асяродку, можа пахваліцца і ВУ “Віцебскторф”, з якім да мінулага года газавікі былі адным калектывам. Працаўнікі самі вырошчваюць кветкі, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю з ранняй вясны да позняй восені. Сёлета ў двух этапах галіновага абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні торфапрадпрыемства заняло першае і другое месцы.

Спорт — іх сябра

IMAG1565Прыхільнасць да здаровага ладу жыцця з’яўляецца прыярытэтам для ўсіх работнікаў ВУ «Віцебскторф». Значная частка працоўных на прадпрыемстве актыўна займаецца спортам. На абласных спаборніцтвах спартсмены філіяла выступалі ў 20 відах. Тут паважаюць шашкі і валейбол, міні-футбол і лыжы, гіравы спорт і малы і вялікі тэніс. Па выніках абласной спартакіяды сярод кіраўнікоў каманда ВУ “Віцебскторф”, якую ўзначальваў сам дырэктар Віталь Няспляк, заняла 1-е месца.

Торф для краіны

IMG_1743

У лічбах і фактах
За студзень — ліпень
*выпушчана 30,7 тысячы тон торфапрадукцыі, што складае 113 працэнтаў да плана;
*рэалізавана 34,5 тысячы тон, або 122 працэнты да плана, пры рэнтабельнасці 5 працэнтаў;
* 70 працэнтаў прадукцыі адпраўлена на экспарт у 20 краін. План выкананы на 113 працэнтаў;
*рост рэалізацыі пажыўных грунтоў на ўнутраным рынку склаў 102 працэнты.

Узнагароды за працу

Ушанаванне лепшых працаўнікоў прадпрыемства адбылося на ўрачыстым сходзе, які праходзіў у сераду ў Крулеўшчынскім Цэнтры культуры і вольнага часу.
З прысуджэннем звання “Ветэран прадпрыемства” калегі павіншавалі намесніка дырэктара Віктара Яцука, вартаўніка Таццяну Пахомаву, грузчыка Наталлю Паляніну. Ганаровай граматай ДВУ “Белпаліўгаз” узнагароджаны майстар Ігар Басаў, УП «Віцебскаблгаз» — спецыяліст па продажу Валянціна Крупская. Удзячнасць атрымалі вадзіцель Аляксандр Божалка, начальнік вытворчасці Дзяніс Барздыка. На Дошку гонару занесена прозвішча галоўнага інжынера Ігара Міхалко.
Рознымі ўзнагародамі ВУ «Віцебскторф» адзначана праца 12 чалавек. Дырэктар прадпрыемства Віталь Няспляк узнагароджаны медалём “Заслужаны работнік газавай гаспадаркі”.
Віктар Сталяроў да прафесійнага свята атрымаў Ганаровую грамату ВУ “Віцебскаблгаз”. Гэта не першая ўзнагарода руплівага працаўніка. Віктар Уладзіміравіч шчыра прызнаецца, што не адзначалася яго праца толькі першы год, калі ўладкаваўся на прадпрыемства. Было гэта ў 2007 годзе. Калгаснага механізатара з Глыбоччыны пераманіў у Крулеўшчыну сябра, за што яму Сталяроў зараз удзячны. Прадпрыемства ў асобе Віктара Сталярова атрымала адукаванага спецыяліста, які, маючы дыплом механіка, добра ўпраўляецца з рознымі відамі тэхнікі. Зараз ён кіруе пагрузчыкам на лініі сепарацыі торфу, але можа падмяніць, напрыклад, мехатроніка на энерганасычаным прэсе, які фарміруе біг-болі. Падобных работнікаў на прадпрыемстве, якое з мэтамі павелічэння аб’ёмаў вытворчасці, паляпшэння якасці прадукцыі, самастойна распрацоўвае і ўкараняе новыя віды тэхнікі, пераважная большасць.

 

Гаручае — прадпрыемствам

IMG_1769У лічбах і фактах
За студзень — ліпень
*спажыўцам 6-ці раёнаў вобласці рэалізавана 39823 тоны нафтапрадуктаў;
*у тым ліку АЗС – 20820 тон.

На складзе захоўвання нафтапрадуктаў ужо другі год поўным ходам ідзе рэканструкцыя. Яна выклікана будаўніцтвам трубапровада з Наваполацка на Фаніпаль, па якім будуць перакачвацца нафтапрадукты. За мінулы час рэканструяваны рэзервуар для захоўвання нафтапрадуктаў, склад-тэрмінал па іх прыёме з трубапровада. Зараз ідуць работы па абнаўленні фасада будынка рамонтнага блока, бытавога корпуса. Затым будзе добраўпарадкавацца стаянка для аўтатранспарту і астатняя вытворчая тэрыторыя. Але будаўніцтва прадуктапровада не азначае, што склад у Крулеўшчыне адмовіцца ад паслуг чыгункі. Таму адрамантавана пад’язная чыгуначная ветка. Па-ранейшаму нафтапрадукты будуць дастаўляцца і аўтатранспартам.
Да прафесійнага свята свае хвіліны славы атрымалі адна са старэйшых работніц прадпрыемства кладаўшчыца Валянціна Шарабайка і інжынер-энергетык Віктар Каляга, якія ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі РУП “Беларуснафта-Віцебскаблнафтапрадукт”. На Дошку гонару галаўнога прадпрыемства занесена прозвішча бухгалтара Святланы Петух.

 

Мясцовае паліва – у прыярытэце

dsc_ 003У лічбах і фактах
За студзень — ліпень
*Рэалізавана 1280 тон брыкету, з іх 1040 тон – насельніцтву;
* завезена 3850 м куб. дроў. З іх насельніцтву — 3700 м куб.

Райпалівазбыт забяспечвае насельніцтва нашага раёна дровамі і брыкетам. Працуе прадпрыемства па заяўным прынцыпе. Спісы ахвотных атрымаць паліва фарміруюцца сельвыканкамамі, а затым падаюцца ў філіял.
Каб аптымізаваць транспартныя расходы і зменшыць кошт дастаўкі паліва (а вазіць дровы і брыкет даводзіцца на адлегласць у некалькі дзясяткаў кіламетраў), створана рабочае месца трактарыста, які абслугоўвае Замасточча, Бягомль і іншыя населеныя пункты раёна.
У Параф’янаве ж на загрузку кожны дзень самазвал ГАЗ падганяе вадзіцель Уладзімір Станкевіч. Уладзімір Іванавіч на працу ў райпаліва перайшоў з вальшчыкаў чатыры гады таму. На перамену месца працы рашыўся таму, што тэхніку любіць і ведае на выдатна, а вадзіцельская справа заўжды была да душы.
Гэтага часу аказалася больш чым дастаткова, каб стаць сваім у калектыве і пабываць, лічы, у кожнай вёсачцы раёна. Прыйшлося яшчэ і працу на касавым апараце асвоіць, бо вадзіцель не толькі дастаўляе паліва, але і прымае ад кліента аплату.
Па натуры Уладзімір Іванавіч чалавек сціплы, немнагаслоўны, але з першага знаёмства складваецца ўражанне, што працаваць з людзьмі ў яго атрымліваецца: ён выклікае давер дзякуючы дабрыні, беларускай памяркоўнасці і далікатнасці. Гэтыя высновы пацвярджае і кіраўнік арганізацыі. Увогуле, дырэктар Мікалай Шульгат адзначае, што калектыў у іх як адна сям’я. Яно і не дзіўна: 15 чалавек працуюць поруч не адзін год, механізм работы адладжаны, тут не да спрэчак і залішняй мітусні.
З кожным годам аб’ёмы рэалізацыі паліва некалькі зніжаюцца — гэта абумоўлена пераходам многіх домаўласнікаў на газавае ацяпленне. Аднак ніводзін рабочы дзень не абыходзіцца без заказаў. Людзі ўсё больш просяць прывезці парэзаныя і пашчапаныя дровы, бо і кошт гэтых паслуг у прадпрыемства прымальны, і шукаць людзей, якія б дадаткова выканалі гэту работу, не трэба. А таму райпаліва робіць стаўку на павелічэнне колькасці і якасці дадатковых паслуг, каб пастаянныя кліенты арганізацыі імі ж і заставаліся.

Матэрыялы падрыхтавалі Тамара Альшэўская
і Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *