В Докшицах магазин «Алиса» вновь приглашает покупателей
Прыватная крама “Аліса”, якая ў пакупнікоў даўно займела аўтарытэт, дзякуючы заўсёды якасным таварам (асабліва фруктам), пасля невялікага перапынку зноў гасцінна адчыніла дзверы ў новым будынку. Цяперашнія гаспадары адкупілі яго ў прыватнай крамы “Ваш выбар”, якая спыніла сваё існаванне, і набытай маёмасцю распарадзіліся разумна. Захавалі ўсё станоўчае, што было ў былых уладальнікаў, у тым ліку і асартымент, і змянілі тое, што лічылі неабходным. Зрабілі разлічаны на перспектыву тэхналагічны праект, з захаваннем усіх санітарных, супрацьпажарных і іншых нарматываў, у адпаведнасці з якім зараз паціху будуюцца. Кацельню вынеслі ў асобнае памяшканне, абсталявалі офісны і бытавы пакоі. У гандлёвай зале правялі толькі касметычны рамонт, затое зрабілі даволі прыкметнае добраўпарадкаванне вакол крамы. Абсталявалі ганак з пандусам, стаянкай для веласіпедаў, на тратуар паклалі плітку, заасфальтавалі невялікую стаянку для аўтамабіляў. Ёсць змяненні і ў гандлёвай зале. Дзве разліковыя касы абсталяваны тэрміналамі. Устаноўлены два боксы для цыгарэт. Дастатковая колькасць халадзільнага абсталявання дазволіла расшырыць асартымент, зрабіць больш нагляднай выкладку тавараў. У краме шырокі выбар каўбасных, мясных вырабаў, паўфабрыкатаў, рыбы і, канечне, фруктаў. З’явілася такая навінка, як сталічныя тарты. Дарэчы, крама прымае папярэднія заказы на гэтыя вырабы. Торт на любы густ можна выбраць у рэкламным праспекце. Напярэдадні святаў гэта паслуга карыстаецца ў пакупнікоў попытам. Не забыліся пра куточак здаровага харчавання. Дарэчы, там таксама ёсць тарты, толькі на фруктозе.
Гэта толькі пачатак, але, як спраўныя гаспадары, уладальнікі крамы Барыс і Таццяна Пугаўкі, працуюць з перспектывай. Пра планы, праўда, услых гаварыць не любяць. Толькі ёсць усе падставы думаць, што ў іх усё атрымаецца. Сведчанне таму — мінулая дзейнасць гэтых прадпрымальнікаў. Яшчэ 14 год таму Барыс працаваў інжынерам, а Таццяна – фельчарам “хуткай” дапамогі. Пайсці гандляваць на рынак маладую сям’ю прымусіў звычайны недахоп матэрыяльных сродкаў. Людзі па-рознаму пераадольваюць гэту перашкоду: карыстаюцца тымі грашыма, што час ад часу падкідваюць бацькі, цярпліва чакаюць павышэння зарплаты, а то і пачынаюць піць горкую, апраўдваючыся, што гэта ад бязвыхаднасці. Толькі выхад ёсць заўсёды для таго, хто не лянуецца яго шукаць. Гэта нялёгка і па плячы толькі моцным духам і вельмі працавітым людзям. Пугаўкі, калі пачалі гандляваць рыбай з латка, яшчэ працавалі на асноўнай рабоце. Таму ў тыя дні, калі пасля работы ездзіў за таварам, Барыс, бывала, спаў па пары гадзін у суткі. А Таццяна пасля начнога дзяжурства станавілася за прылавак наогул без адпачынку. Вытрымаць дапамагалі маладосць, каханне і агульная мэта. Дапамагалі і ва ўсім падтрымлівалі бацькі. Для маладой сям’і – гэта самы моцны цэмент. Былі, як звычайна, і няўдачы. З рыбай спачатку “пагарэлі”. Нерэалізаваны тавар сапсаваўся. Перайшлі на фрукты, потым на іншыя прадукты і зразумелі, што прадпрымальніцтва – гэта, магчыма, тое, што ім патрэбна. У 2007 годзе стварылі прыватнае прадпрыемства “Алтабор”. Адкрылі “Алісу”, потым арандавалі “Веліс”, якія ў пакупнікоў адразу заваявалі папулярнасць. Як прыватнікі, вызначаюцца дысцыплінаванасцю пры выкананні патрабаванняў заканадаўства, рашэнняў мясцовай улады. У 2006 годзе прозвішча Таццяны Пугаўка было занесена на раённую Дошку гонару. Такім чынам, здаваць пазіцыі лепшаму прадпрымальніку раёна ніяк нельга.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: яшчэ ёсць над чым працаваць Барысу
і Таццяне Пугаўкам; запрашае «Аліса».
Фота В. Чарвінскага.