Лариса Толкач считает что её профессия — призвание и смысл жизни

IMG_1976Гераіню гэтай рубрыкі ведаюць, без перабольшвання, усе, хто на працягу 23 апошніх гадоў вучыўся ва ўстановах адукацыі нашага раёна. І, самае галоўнае, яны яе паважаюць. А займець аўтарытэт даросламу ў адразу варожа настроеным да большасці старэйшых падлеткавым асяроддзі – справа няпростая. Да яе меркавання прыслухоўваюцца калегі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, бацькі. З кожным годам службы яна даказвае, што годным афіцэрам можа не звацца, а быць не толькі мужчына, але і жанчына. Яна пастаянна была і аўтарам артыкулаў, і аўтарытэтным субяседнікам нашых журналістаў па праваахоўнай тэматыцы, заступалася за кожны дзіцячы лёс. Яна ўзнагароджана Граматай Міністэрства ўнутраных спраў за праяўленую ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы, мае падзяку начальніка абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў за добрасумленныя адносіны да выканання службовых абавязкаў, прызнавалася лепшай па прафесіі па выніках службовай дзейнасці за 2007 год з занясеннем на раённую Дошку гонару.
Сёння ж мы пагутарым са старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў, маёрам міліцыі Ларысай Толкач не як з супрацоўнікам на адказнай пасадзе, а па душах, як кажуць, пра асабістае.

1. — Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
– Мне лёгка адказаць на гэтае пытанне, таму што мой лёс вызначыла дзяцінства. Родам я з невялічкай зараз вёскі Кляпіцы Крулеўшчынскага сельсавета. У часы майго маленства ў ёй было шматлюдна, многа дзятвы самых розных узростаў. У садкі мы не хадзілі і ўвесь вольны час бавілі на вуліцы. Сябраваць у мяне заўсёды атрымлівалася больш з хлопчыкамі. А якія ў хлопчыкаў гульні? Вайнушка, “чыжык” і падобныя. Пэўна, з гэтай прычыны і жаданне служыць у міліцыі з’явілася ў раннім узросце. Напрыканцы восьмага класа яно ўзмацнілася, і я, набраўшыся смеласці, напісала лісты ў некалькі школ міліцыі па ўсім СССР. Пыталася, як ­паступіць туды звычайнаму выпускніку сельскай школы. На дзіва, з некалькіх навучальных устаноў мне прыслалі дакладныя адказы. У адным з іх паведамлялі, што перавага аддаецца дзецям супрацоўнікаў міліцыі, у другім – што трэба атрымаць вышэйшую юрыдычную адукацыю.
Пасля заканчэння школы з першай спробы пакарыць юрфак не атрымалася. Але я не адчайвалася. Уладкавалася на працу піянерважатай у Несцераўшчынскую школу. Як зараз памятаю, гэта было 30 гадоў таму, 4 верасня 1986 года. Паралельна вучылася на падрыхтоўчых курсах у педагагічным інстытуце ў Віцебску, куды і паступіла на наступны год. Ад сваёй мары не адмаўлялася, тым больш што адукацыя педагога магла паспрыяць уладкаванню ў дзіцячы пакой міліцыі. Як паказаў час, гэта быў правільны для мяне шлях. Праз колькі гадоў працы ў школе даведалася, што ў дзіцячым пакоі міліцыі з’явілася месца інспектара. Не зважаючы на тое, што да таго часу я ўжо паспела выйсці замуж і нарадзіць сыночка, які быў яшчэ зусім маленькі, вырашыла, што гэта шанец збыцца маёй мары. Так я стала міліцыянерам.
2. — Работа для Вас — кар’ера ці справа?
– Толькі справа. І ў гэтым была магчымасць упэўніцца асабіста. Што зараз утой­ваць: прапановы павышэння па службе паступалі неадна­разова. Аргументавалі тым, што справу сваю я ведаю добра і трэба расці далей. Заўсёды іх ігнаравала. Але некалькі гадоў таму згадзілася. Вырашыла паспраба­ваць сябе на вышэйшай пасадзе. Хапіла мяне на восем месяцаў. І гэты час быў самым складаным у працоўнай біяграфіі. Мяне трэціравала неабходнасць да былых калег ставіцца як да падначаленых. Я душой хварэла гэтыя месяцы. Дзякую лёсу за тое, што мне хапіла смеласці сказаць: “Хопіць, не маё” — і вярнуцца ў інспекцыю па справах непаўналетніх да сваіх сем’яў, падлеткаў і іх штодзённых праблем. Пры гэтым я не згодна з тымі ярлыкамі, якія наве­шваюць на большасць дзяцей, якія трапілі ў поле зроку інспекцыі. Не ўсе яны цяжкія, дрэнныя ці злачынцы. Гэта проста недалюбленыя дзеці. Канечне, гучыць жудасна, але я сутыкалася з сітуацыямі, калі дзяцей проста нараджаюць і ўсё. Без узнікнення бацькоўскага інстынкту, а часам і зусім дзеля матэрыяльнай выгады. Ніколі не забудуся свой першы выезд у вёску Вешкі з былым начальнікам інспекцыі Мікалаем Левановічам. Быў не надта цёплы дзень канца жніўня. Мы пад’ехалі да неахайнай хаткі з забітымі плёнкай вокнамі. Зайшлі ў панадворак і ўбачылі траіх дзетак, якіх бацькі пакінулі адных. Самы маленькі ляжаў на вуліцы проста ў карыце, а большыя абдзіралі мінулагоднюю зялёную бульбу ў надзеі паесці. Выйшаўшы адтуль я не стрымалася і моцна загаласіла. Мудры Мікалай Мікалаевіч, гледзячы на маю рэакцыю, адрэзаў: “Нічога, пакрысе прывыкнеш”. Зараз бы камісія дзетак адразу забрала. Тады ж заканадаўства было мякчэйшым. Мы папрасілі суседку пабыць з малымі, а самі скіравалі на пошукі бацькоў… Ці прывыкла я да падобных карцін? Пэўна, не. Душа па-ранейшаму ірвецца на часткі ад крыўды за дзяцей і агіды на дарослых. На справе ж магу сабе дазволіць толькі лёд у голасе.
3. — Калі не міліцыянер, то ў якой прафесіі хацелі б сябе рэалізаваць?
– З цеплынёй згадваю і Несцераўшчынскую школу, якой ужо не існуе, і мудры педагагічны калектыў былой загартоўкі, і тыя гады працы, якія пайшлі мне на карысць. Да сённяшняга, калі бываю на школьных лінейках у якасці супрацоўніка РАУС, шчыміць маё педагагічнае сэрца. Таму, калі б не паварот лёсу, засталася б у школе.
4. — Прадоўжыце выказванне. Мая сям’я – гэта…
– Маё шчасце. У поўным сэнсе слова. Я ўдзячна мужу Юрыю за цярплівасць і разуменне. Сёння ўсё, што я маю ў прафесіі, гэта ў вялікай ступені дзякуючы і яму. Ён мой надзейны тыл. Разам мы ўжо дваццаць пяць гадоў. Часта шкадую аб тым, што не дадала свайму сыну Уладзіміру мацярынскай ласкі, бо служыць пайшла, калі яму было толькі два з паловай годзікі, і ўвесь час была на рабоце. Да сённяшняга часу наварочваюцца слёзы, калі згадваю, як ён казаў: “Я кладуся спаць – мамы дома яшчэ няма, прачынаюся – ужо няма”.
5. — Што Вы перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Асаблівая шчымлівая любоў у мяне да бацькоў – Уладзіміра Антонавіча і Алены Ягораўны Зявалічаў. Яны ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы. Тата – трактарыстам, мама – на ферме. Ад іх мне перадалася вялікая павага да зямлі і ўсяго, што звязана з малой радзімай. Усё жыццё буду ўдзячна ім за тое, што падтрымалі мой выбар прафесіі і ніколі не папракнулі за гэтае і іншыя рашэнні. Дзякую ім за давер. Я шчаслівая і тым, што яшчэ жыве ў Літоўцах адна з маіх бабуль – татава мама Валянціна Мікалаеўна Зяваліч, якой ужо 102 гады.
6. — Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Ніколі б не змагла жыць удалечыні ад Докшыцкага краю. Усё жыццё ў мяне маніякальная неабходнасць быць побач з бацькамі. Хаця даводзілася бываць у іншых краінах неаднойчы. У суседняй Расіі ўвогуле бываю два разы на год, бо ў Санкт-Пецярбургу жывуць мае старэйшая і сярэдняя сёстры Зінаіда і Ганна. Мне падабаецца за мяжой, але толькі ў якасці турыста ці госці. Не палічыце за ўзнёслыя словы, але я на сённяшні дзень не маю ніякага жадання пакідаць сваю Беларусь, дзе мне ўтульна. Мы часта не цэнім той спакой, які ёсць у нашай краіне.
7. — Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Самы жаночы. Крыху займаюся швейнай справай, вельмі люблю садаводства. Развяла на бацькоўскай сядзібе шмат сартоў руж і лілей. Люблю гатаваць. Быў бы на ўсё час.
8. — Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– З дзяцінства на памяць прыходзіць імя Юрыя Гагарына. У сучаснасці мне цяжка адшу­каць канкрэтную асобу падобнага маштабу. Хаця ўдзельнікі паралімпійскіх гульняў для мяне – бясспрэчныя героі, усе без выключэння.
9. — Ці згодны Вы з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Гэта так. Але трэба размяжоўваць проста добрыя зносіны і сяброўства. Апошняе – рэдкасць. Згодна з песенным радком “дружба – это круглосуточно, хоть пожар, хоть урожай. Это чувство не рассудочно. Одевайся, приезжай”. Я ў сяброўстве чалавек ахвярны. Лічу, што інакш нельга.
10. — Якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны мужчына? Што ў ім не прымаеце?
– Не прымаю ілжывасці. Бачу гэта адразу. Паважаю мужчын, якія разумеюць без залішніх тлумачэнняў стан, настрой. Падабаецца, калі ў мужчыны ахайны знешні выгляд.
11. — Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Гледзячы якога кахання. Сёння ніхто не можа адказаць, што гэта – каханне. Лічу, што жанчына сапраўды шчаслівая, калі ёсць каханне не толькі мужчыны, але і любоў дзяцей. Не ведаю ніводнай жанчыны, якая была б шчаслівай без любові да дзяцей.
12. — Любімыя колер, музыка, літаратурны твор, страва, кветкі, від спорту, пара года?
– чырвоны;
– шансон;
– дэтэктывы;
– люблю незвычайныя пірожныя;
– хрызантэмы;
– лёгкая атлетыка;
– усе.

Гутарыла Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *