Осенние ярмарки прошли в Докшицком районе

IMG_2410 IMG_2403 IMG_2400 IMG_2391Надышоў той час, калі амаль увесь вырашчаны ўраджай убраны з палёў і агародаў. А гэта значыць, што людзі ўжо клапоцяцца, як запасціся сельгаспрадукцыяй на зіму. Для гэтага ў нашым раёне і арганізоўваюцца восеньскія кірмашы. 

У суботу на гарадскім рынку разгарнуўся гандаль. Сельгасарганізацыі і прадпрыемствы раёна прапаноўвалі разнастайную прадукцыю, а пакупнікі мелі магчымасць вывучыць цэны і зрабіць выгадную пакупку. Як і ў мінулыя гады, сёлета ажыятаж назіраўся ля машын з ячменем і пшаніцай, дзе збіраліся чэргі. Удала, амаль за 20 хвілін, “змялі” 80 мяшкоў ячменю ў ААТ “Таргуны”. Хуткімі тэмпамі ішоў гандаль і ў акцыянернага таварыства “Докшыцкі райаграсэрвіс”, толькі некаторым пакупнікам усё ж такі хацелася, каб упаковачны матэрыял – мяшкі – былі таннейшымі. Пажаданні тут жа былі пачутыя, і гаспадарка паабяцала ў наступны раз перагледзець цэны.

Багаты асартымент агародніны прывезлі на кірмаш установы адукацыі раёна. Капуста, морква, залацістая цыбуля, часнок, фасоля, бурачкі, яблыкі ды грушы – усё знайшло свайго пакупніка. А вось Тумілавіцкая СШ не абмежавалася толькі вырашчаным ураджаем. На продаж былі выстаўлены таксама прыгожыя драўляныя вырабы, зробленыя ўмелымі рукамі настаўніка школы Анатоля Млынца.
Багата было і на паліцах, якія аформіла райспажыўтаварыства. На іх красаваліся адборныя капуста і морква, балгарскія перцы, памідоры, а таксама самыя вітамінныя восеньскія ягады – журавіны.
Самы, як кажуць у народзе, хадавы тавар – бульба – карыстаўся попытам не менш. Калі пакупнік набываў другога хлеба пару сетачак па кілаграмаў 30, то і на веласіпедзе давезці дадому нязручнасцей не выклікала, а калі ж аб’ёмы былі большыя, то з транспартам праблем таксама не было. Пра гэта загадзя паклапацілася ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Некаторыя пакупнікі прыйшлі на кірмаш выключна за жывой рыбай, продаж якой арганізавалі ПМС і РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Людзі хваляваліся нават, каб хапіла і шчупака, і акуня, і карпа з ляшчом, бо многія бралі па пяць кілаграмаў, а то і больш.
На кірмашы былі выстаўлены саджанцы туй і кветак. Кусцікі хрызантэм, коштам ад 3 да 4,5 рублёў, кожны год прывозяць на продаж з Крулеўшчыны Марыя Юрцэвіч з дачкой. Тавар набывалі з задавальненнем, асабліва тыя, хто мае ўласныя дамы і да прыгажосці неабыякавы.
А вось на вырабы з дрэва, пасцельную бялізну ўвагі звярталі менш.
Той, хто яшчэ не паклапаціўся і не назапасіў дровы на зіму, меў магчымасць зрабіць гэта на кірмашы – КУП “Бытавік” і раённы філіял “Віцебскаблпаліва” адправілі сюды трактары з прычэпамі, паўнюткімі прадукцыяй.
Магчыма, не ўсім хапіла тавару, які спажыўцы настройваліся купіць. Аднак ужо 24 верасня восеньскі кірмаш зноў запросіць гараджан і гасцей за пакупкамі. .

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *