Кондитерский цех райпо Докшицкого района выпекает натуральную продукцию

IMG_9550 IMG_9557…Клапатлівыя і працавітыя рукі бабулі Галіны спрытна месяць цеста:
– Булкі толькі тады паднімуцца і пачнуць расці ў печы, калі да іх з душой падышлі, – кажа яна сваёй унучцы Ірачцы, якая зачаравана назірае за справай і ўпотай адшчыквае кавалачак цеста, катае яго ў ручках і з асалодай з’ядае кругляшык…
Кожны раз, калі тэхнолаг кандытарскага цэха раённага спажывецкага таварыства Ірына Багданава згадвае гэту карціну, яна ўпэўніваецца, што нездарма звязала жыццё з гэтай прафесіяй. Пячы пірагі і гатаваць торты любяць многія дзяўчынкі, аднак у Ірыны гэта любоў была асаблівай, апантанай. Пасля заканчэння Крулеўшчынскай сярэдняй школы яна вельмі асэнсавана для свайго ўзросту выбрала вучобу ў Маладзечанскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Праўда, хутка дзяўчына зразумела, што адна справа — кулінарыць дома, а іншая – арганізацыя гэтага працэсу на вытворчым узроўні. Спатрэбілася добрае веданне ўсіх прадметаў, асабліва хіміі і чарчэння.
Падчас вучобы ў каледжы, а потым і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання Ірыне надта дапамагала такая рыса характару, як настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты. Яна ніколі не кідала справу на паўдарозе і, хай сабе марудна, крок за крокам, даводзіла яе да толку. Так было і падчас працы над дыпломным праектам, які дзяўчына рыхтавала на прыкладзе арганізацыі вытворчасці на мясцовым хлебазаводзе. Да таго часу яна ўжо паспела папрацаваць тэхнолагам у Глыбокім, Крулеўшчыне і ўзначаліць кандытарскі цэх у Докшыцах.
Ірына, дзякуючы сваім стараннасці і ведам, хутка заваявала аўтарытэт у калектыве. Штодзённая работа тэхнолага руцінная: неабходна збіраць заявы на прадукцыю ад гандлёвых кропак з усяго раёна, наладжваць працу з пастаўшчыкамі сыравіны, сачыць за дакладным выкананнем работнікамі тэхналагічнай карты вырабу, рыхтаваць справаздачы. Але ёсць у гэтым працэсе і яшчэ адзін момант, пра які Ірына расказвае з асаблівым бляскам у вачах, – гэта састаўленне рэцэптуры новага торта, пірожнага, булачкі, печыва.
Спачатку тэхнолаг Багданава згадвае, што з убачаных і паспрабаваных апошнім часам салодкасцей найбольш спадабалася ёй, навакольным, потым пачынае шукаць у рэцэптурных фаліянтах падобныя вырабы і часам адразу з некалькіх рэцэптаў стварае свой, які потым кандытарскі цэх увасабляе ў жыццё. Падобным чынам з’явіліся, скажам, рэцэптуры торта “Вожык”, які па форме нагадвае маленькага вожыка-хітрыка (дзецям гэта падабаецца), а па смаку – любімае многімі пірожнае “бульбінка”. А вось торты “Мядовы ківі” і “Мядовы апельсін” сваім з’яўленнем у пераліку прадукцыі кандытарскага цэху абавязаны…упакоўцы. Так, напачатку з’явілася менавіта яна ў форме паўкруга, а потым тэхнолаг распрацавала рэцэпты тортаў, якія нагадваюць дольку апельсіна і кавалачак ківі, аформленыя жэлейнай заліўкай.

– Хачу звярнуць увагу на тое, – адзначае тэхнолаг Ірына Багданава, — што ўся наша прадукцыя мае невялікія тэрміны захоўвання, а гэта сведчыць пра тое, што выпякаем мы яе з натуральных прадуктаў: яйкі, цукар, масла/маргарын, мука. Калі бачу на паліцах крам пячэнне, у якога тэрмін прыгоднасці складае ад паўгода і больш, як тэхнолаг харчовай прамысловасці магу сабе ўявіць, што туды паклалі. І, паверце, каб пра гэта ведаў кожны спажывец, наўрад ці пацягнулася б чыясьці рука за хімічным печывам у прыгожай абгортцы. Наш цэх – невялікая па аб’ёме вытворчасць, але ў гэтым хутчэй плюс, чым мінус для спажыўца. Тэхналагічны працэс увесь навідавоку, і недакладнасці можна выправіць хутка. Добра разумею, што тавар прадае знешні выгляд, таму нашы кандытары Алена Махонь і Наталля Каляга стараюцца, каб ён быў не толькі смачным, але і прывабным для пакупніка. Найбольшым штодзённым попытам у крамах раёна карыстаюцца рулецік “Фруці”, булачкі “Славянка”, “Смятаннік”, трубачкі з павідлам, пірожныя “Экзотыка”, “Кошык з чарэшняй”, кексы “Сталічны” і “Маркоўны” (па лініі здаровага харчавання), пячэнне “Салодкасці заварныя”, “Апетытнае”, “Жаўточны кіёчак”, “Хвілінка”, “Пяшчота”, “Шакаладны снег”, “Фігурнае”, торты “Мікс”, “Любімы Амарэта”, “Казка”, “Бісквітна-крэмавы”, “Бісквітна-арэхавы”, “Залаты арэшак” з фундуком, “Гамяльчанка” і іншыя.
Усё часцей у кандытарскі цэх райста звяртаюцца грамадзяне, каб заказаць прадукцыю да асабістых святаў. Дзяўчаты выпякаюць вясельныя торты ў некалькі ярусаў вышынёй, салодкасці для імяніннікаў (дзетак і дарослых з адпаведным афармленнем). Бацькі выпускнікоў дзіцячых садкоў і школ сталі заказваць іменныя пірожныя і торты для ўсёй групы ці класа. Тыя, хто пражывае не ў райцэнтры, могуць звярнуцца ў любую краму райста і праз прадаўца замовіць патрэбны кандытарскі выраб. Дакшычане могуць напрамкі патэлефанаваць у цэх па нумары 2-10-56. Зрабіць гэта пажадана за дзень-два да даты, калі выраб плануецца забраць.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота Я. Малевіч.
УНП 300012790.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *