Семейный праздник «Властелин села — 2016» прошёл в агрогородке Парафьяново Докшицкого района

Пераможцы спаборніцтваў — сям'я Дашкевічаў.

Пераможцы спаборніцтваў — сям’я Дашкевічаў.

 

Спорна ідзе справа ў Сяргея і Наталлі Крукоў.

Спорна ідзе справа ў Сяргея і Наталлі Крукоў.

Так называлася свята, што адбылося ў нядзелю ў аграгарадку Параф’янава ў межах рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла — 2016”. Для таго, каб паспаборнічаць у сельскагаспадарчых справах і распавесці пра свае сямейныя захапленні, у Параф’янава прыехалі чатыры сям’і з розных сельсаветаў раёна: Сяргей і Наталля Крукі і іх дзеці Кацярына і Аляксей з Порплішча; з Таргуноў – Андрэй і Ліліяна Карніловічы з малодшай зменай: Вольгай, Маргарытай і Яраславам; самая шматлікая каманда з Бярозак –  сям’я Шопатаў: бацькі Аляксандр і Алеся і дзеці Уладзіслаў, Дзмітрый, Віялета і Мацвей; Дзмітрый і Марыя Гільнічы з Сітцаў з дзецьмі Аляксандрам, Уладзіславам і Янай. Ну а параф’янаўцы прыйшлі падтрымаць сям’ю Дашкевічаў – Алега і Іну з дочкамі Анастасіяй і Валерыяй.

Пасля прадстаўлення журы, якое ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, сем’і прыступілі да ўдзелу ў першым конкурсе свята, падрыхтаванага работнікамі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі, раённага камітэта ГА «БРСМ» і раённага аб’яднання прафсаюзаў, — візітоўкі “Давайце пазнаёмімся”. Удзельнікам патрэбна было ў цікавай форме расказаць пра сябе, пра сямейныя традыцыі і заняткі. Тут відавочнай была перамога сям’і Крукоў, усе члены якой упэўнена трымаліся на сцэне, не толькі спявалі і дэкламавалі вершы, але і прыдумалі цікавы сцэнарый, а таксама пачаставалі прысутных дамашняй выпечкай.
Затым пад вясёлае музычнае суправаджэнне сем’і адправіліся на конкурсныя пляцоўкі, дзе іх чакалі арбітры. У конкурсе “Па дровы” гаспадар з гаспадыняй распілоўвалі бервяно ручной пілой, празванай у народзе “Дружба-2”, на тры аднолькавыя часткі. Затым гаспадар шчапаў кожнае палена, а гаспадыня з дзецьмі складвалі дровы. Самымі хуткімі, спрактыкаванымі і акуратнымі тут аказаліся Дашкевічы.
Мабыць, найбольшую цікавасць гледачоў выклікаў конкурс “Святочны воз”, па правілах якога кожны гаспадар павінен быў запрэгчы каня, а гаспадыня – распрэгчы. Конік, якога спрэзентаваў для конкурсу загадчык філіяла “Параф’янаўскі СДК” Вікенцій Скараход, хоць і не хаваў здзіўлення ад такой увагі да сваёй персоны, але паводзіў сябе рахмана. І можаце сабе ўявіць – усе сямейныя пары з заданнем справіліся! Найспрытнейшымі аказаліся зноў жа параф’янаўцы.

Не адстаюць у рабоце ад мамы з татам малодшыя Гільнічы.

Не адстаюць у рабоце ад мамы з татам малодшыя Гільнічы.

 

Каня запрагае Андрэй Карніловіч.

Каня запрагае Андрэй Карніловіч.

 

Дружная сям'я Шопатаў вітае гледачоў.

Дружная сям’я Шопатаў вітае гледачоў.

Самы працяглы па часе конкурс – “Вясковая спартыўная эстафета”. Тут маме з татам прапаноўвалася праскакаць у мяхах, затым тата вязаў венік для лазні, а мама з дапамогай каромысла насіла ў бочку ваду з калодзежа. А ўжо па завяршэнні гэтых работ уся сям’я павінна была сабраць яблыкі. У эстафеце перамагла сям’я Шопатаў – як падалося, самая хуткая, арганізаваная і вельмі дружная.

Апошняе выпрабаванне называлася “Наша хата ўсім багата”. У ім ацэньвалася ўменне гаспадыні рабіць нарыхтоўкі на зіму, а менавіта закатаць слоік з яблыкамі. Гаспадар у гэты час наносіў на бервяно пяць насечак, кожную двума ўдарамі сякеры, а дзеці малявалі сваю сям’ю. Пры падвядзенні вынікаў конкурсу найбольшую колькасць балаў набрала сям’я Дашкевічаў.

Пакуль шаноўнае журы пасля завяршэння конкурснай праграмы вызначала пераможцаў і рыхтавала прызы, для ўдзельнікаў і гледачоў свята спявалі суседзі – народны ансамбль “Прызбачка” Валкалацкага СДК.

Урачыстую цырымонію ўзнагароджання пачала першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук, якая агучыла балы, набраныя сем’ямі на кожным асобным этапе конкурсу, а затым прадаставіла слова Валянціне Рандарэвіч. Валянціна Юр’еўна раскрыла галоўную інтрыгу свята – назвала прызёраў і пераможцаў. Трэцяе месца ў спаборніцтве заняла сям’я Гільнічаў, якая, акрамя дыплома, атрымала падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. “Серабро” заваявала сям’я Крукоў. Дружная каманда цяпер будзе гатаваць розныя стравы ў мультыварцы – гэты прыз быў уручаны Ядвігай Шульгат ад раённага аб’яднання прафсаюзаў. Бясспрэчным жа лідарам аказалася сям’я Дашкевічаў, і дыплом ім уручыў ад ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” намеснік дырэктара Андрэй Янчак. А вось падарунак ад гаспадаркі пераможцы будуць забіраць самі. Ведаеце, які? Парасятка! Акрамя гэтага, усе сем’і за ўдзел у спаборніцтвах атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” – іх уручала Алена Тулоўская.

Свята прайшло весела і актыўна. Не збіў імпэту ўдзельнікаў нават кароткачасовы, але даволі спорны дождж. Ну а гледачы змаглі ўпэўніцца: жыве яшчэ вёска, пакуль ёсць у ёй такія дружныя, таленавітыя, умелыя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй сем’і.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *