В ОАО «Торгуны» занялись разведением кроликов

IMG_2501IMG_2545Мабыць, няма ніводнага чалавека, які не ведаў бы крылатую фразу ўкраінскіх гумарыстаў Уладзіміра Данільца і Уладзіміра Маісеенкі пра тое, што “трусы – гэта не толькі каштоўнае футра, а яшчэ і тры-чатыры кілаграмы дыетычнага лёгказасваяльнага мяса”. Жарты жартамі, але ж ісціна ў гэтым выразе ёсць. Наконт каштоўнасці футра пытанне спрэчнае, а мяса гэтых жывёлак на рынку на самой справе карыстаецца вялікім попытам, бо сапраўды вельмі карыснае і нізкакаларыйнае. Нямногія гаспадаркі ў рэспубліцы зараз займаюцца трусагадоўляй. У ААТ “Таргуны” вырашылі паспрабаваць. Брацца за нешта новае – гэта заўсёды ў пэўнай ступені рызыка. Але ж дырэктар Анатоль Бальшуноў заўсёды рызыкуе разумна, зрабіўшы папярэднія разлікі, улічыўшы ўсе “падводныя камяні”, узважыўшы кожны крок.
Памяшканне пад трусаферму знайшлося добрае – былая грамадская лазня ў Тумілавічах. Будынак яшчэ моцны, дыхтоўны, вялікага рамонту не патрабаваў: перакрылі дах, паставілі шклопакеты. Клеткі для будучых пушыстых гадаванцаў таксама зрабілі ўласнымі сіламі. Размешчаны яны ў два паверхі. Металічная сетка не толькі на пярэдніх сценках, каб мелася дастатковае асвятленне, але і знізу. Таму ў трусіных доміках чыста і суха, а так званыя адходы жыццядзейнасці лёгка вымятаюцца венікам з падлогі.
Экскурсаводам на трусаферме для нас стаў яе загадчык Валерый Бычкоўскі.
– Вушасцікаў засялілі ў ліпені, – распавядае Валерый Мікалаевіч. – Закупілі іх у Браслаўскім раёне, дзвесце дваццаць галоў. Зараз яны ўжо падраслі, набралі вагі, а на той час важылі па кілаграму-паўтара. Само сабой зразумела, самачак нашмат больш. Першае прыбаўленне пагалоўя чакаем ужо ў кастрычніку.
Кармленне трусоў двухразовае. У рацыёне — сена, зерне і вада. Сачыць за чысцінёй у памяшканні і даглядаць пушысцікаў загадчыку дапамагае рабочая Святлана Наеўская. І па тым парадку, які пануе на трусаферме, і па знешнім выглядзе гадаванцаў бачна, што ўдваіх яны выдатна з усім спраўляюцца.

IMG_2533

Знаёмімся з вушастым насельніцтвам бліжэй. Валерый Мікалаевіч ахвотна дэманструе трусіка пароды Серабрыстая. Па тым, як беражліва, нават трапятліва абыходзіцца ён са сваімі падапечнымі, якой цеплынёй свецяцца яго вочы, можна меркаваць: на пасаду загадчыка выбралі невыпадковага чалавека, бо недастаткова мець ветэрынарную адукацыю – трэба яшчэ і любіць жывёлу.
– Трусоў у нас пяць парод, – прадаўжае аповед загадчык. – Акрамя Серабрыстай, закупілі яшчэ Каліфарнійскую – гэта самы шматлікі “атрад”, Фламбер, Чэшскую і Бургундскую. Фламберы самыя вялікія па памеры і, бадай, самыя актыўныя. На кожнай клетцы, як бачыце, бірка з нумарам, назвай пароды і іншымі неабходнымі ў нашай справе дадзенымі. Хоць і няма ў жывёл мянушак, я ўжо добра ведаю, які ў кожнай характар. Яны розныя: пужлівыя, цікаўныя, ласкавыя, ваяўнічыя…
Валерый Мікалаевіч хутка знаходзіць, адчыняе патрэбную клетку – і да рук яго адразу ж горнецца беласнежная труска чэшскай пароды, любіміца. Яшчэ адна, рыжанькая “бургундка”, падстаўляе вушка і загадзя заплюшчвае вочы ў чаканні задавальнення – як тут не ўдзяліць увагу звярку, не палашчыць?
Напоўненыя прыемнымі ўражаннямі, пакідаем трусаферму і развітваемся з яе загадчыкам, а так сама ўпэўненыя: пры такіх адносінах да справы ўсё павінна атрымацца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *