Счастье в квадрате пришло в семью из Порплище Докшицкого района

IMG_3981Сёлета ў Парплішчанскім сельсавеце нарадзілася сем немаўлятак. Практычна столькі ж было і летась. Але менавіта 2016 год прынёс нараджэнне двойні. Аляксандр і Наталля Вярэнькі 9 верасня сталі шматдзетнай сям’ёй. 

Шчаслівую маму ледзь заспелі дома. Наталля рыхтавалася да паездкі ў Віцебск, дзе ў радзільным доме яшчэ знаходзілася маленькая Настачка. Дзяўчынка за некалькі дзён жыцця паспела ўжо падхапіць прастуду. Яе пакінулі лячыць, а браціка, каб не заразіўся, з мамай адправілі дадому. Наталля літаральна свеціцца ад шчасця.

– Канечне, упраўляцца з двума – гэта не з адным, але справімся, нянек многа, – упэўнена яна. – Ільюша ў нас галасісты, дабіваецца свайго крыкам, затое Настачка – маўчальніца. Слухае браціка і сапе носікам. Дзеці для мяне – звыклая справа. Я з імі заўсёды: дома са сваімі, а на працы – з выхаванцамі дзіцячых садкоў у Порплішчы і Барсуках. Як медсястра сачу за іх здароўем.

А нянек у двайнятак сапраўды шмат. Першая сярод іх значыцца другакласніца Мілана. Дзяўчынка толькі пачуе, як закрактаў брацік, адразу бяжыць да яго з усіх ног, на хаду кідаючы дарослым: «Вы што не чуеце? Ільюшка прачнуўся!» Ёсць у дзетак і свой абаронца – старэйшы брат Андрэй – будучы афіцэр. Бацькі і бабуля з дзядулем не нарадуюцца на хлопца: ён заўсёды марыў быць ваенным і дабіўся свайго. Так што меншаму брату ёсць з каго браць прыклад.

У размове Наталля прызнаецца, што цяжарнасць была запланаваная, але, калі з мужам даведаліся пра двойню, былі ашаломлены: і радасна, і страшнавата адначасова. Па словах бабулі Зінаіды Цярэнцьеўны, двайняты ў іх родзе ёсць, як і шматдзетныя сем’і. У яе трое дзяцей, а матуля Антаніна Аляксандраўна выгадавала пяцёра і дажыла да 90 гадоў. Зараз былы саўгасны заатэхнік ужо на пенсіі, таму дачушку з двайняткамі не пакіне сам-насам. Яна з мужам з тых клапатлівых бацькоў, для якіх жыццё дзяцей бліжэй, чым сваё ўласнае. Пакінулі дачцэ кватэру, самі перайшлі ў бацькоўскую хату. Жыллё, канечне, незайздроснае, а тым больш для шматдзетнай сям’і, таму ў планах сужэнцаў будаваць кааператыўную кватэру. Гэта ўсё ў будучым, а пакуль сям’я цешыцца тым самым галоўным багаццем, якім месяц таму надарыў іх Гасподзь.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: маленькі Ілья – цэнтр увагі для бабулі з мамай.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *