Сергей Кишеня из деревни Тумиловичи Докшицкого района идёт по жизни с оптимизмом и улыбкой

IMG_2563Падчас першай сустрэчы з Сяргеем Кішэнем, старэйшынай вёскі Тумілавічы (на здымку), вылучыліся дзве адметныя яго рысы: талент жыць напоўніцу і цаніць кожную хвілінку і выдатнае пачуццё гумару – не магчымасць пасмяяцца з пачутага анекдота ды самому пра нешта смешнае расказаць, а здольнасць бачыць камічнае ў самых, здавалася б, сур’ёзных рэчах і ўменне паіранізаваць над самім сабой. Пагадзіцеся: значныя каштоўнасці, асабліва для мужчыны. З такім чалавекам пачуваешся лёгка, камфортна, зараджаешся яго аптымізмам і бадзёрасцю. А калі “ў камплекце” яшчэ эрудыцыя, адказнасць за ўсё, чым бы ні займаўся, і за ўсіх, хто побач, працавітасць, мудрасць, тая, што не залежыць ад узросту, то ўвогуле атрымліваецца партрэт сапраўднага чалавека.

Жыццёвы шлях Сяргея Іванавіча не быў лёгкім і простым. Ураджэнец вёскі Вецяра, выпускнік Докшыцкай сярэдняй школы, выдатнік, у якога ў атэстаце былі толькі дзве чацвёркі, асабліва любіў хімію і біялогію і вельмі хацеў выкладаць гэтыя прадметы. На жаль, хіміка-біялагічны факультэт Гомельскага педінстытута, куды конкурс складаў 18 (!) чалавек на месца, не пакарыўся юнаку, і ён з адчаю “рвануў” у Глыбоцкае СПТВ, якое скончыў, вядома ж, з адзнакай. Папрацаваў у калгасе “Зара камунізму” на трактары, адслужыў у арміі. А душа прагнула ведаў. Лёгка паступіў у Ільянскі саўгас-тэхнікум, а вучыцца не змог, бо не давалі пашпарт. У адкрытага, кампанейскага па натуры Сяргея было шмат сяброў, і адзін з іх завабіў хлопца на работу ў Слуцкі раён, у меліярацыю. Цяжка – не тое слова, якім можна ахарактарызаваць слуцкі жыццёвы адрэзак цягам у паўгода, але ж і грошы добрыя тады зарабілі. Затым быў Гродзенскі шарыка-падшыпнікавы завод і… зноў-такі неадольнае жаданне вучыцца. Паступіў на 9-месячныя падрыхтоўчыя курсы ў Гродзенскі інстытут сельскай гаспадаркі і стаў студэнтам факультэта аховы раслін. У 1977 годзе па размеркаванні трапіў у Докшыцкую райстанцыю хімізацыі, а ўжо праз год яе ўзначаліў. Затым была праца ў калгасе імя Жданава галоўным аграномам.

– Калі прыйшоў туды, ураджайнасць збожжавых складала 14 ц/га, – успамінае Сяргей Іванавіч. – Узяўся за работу з усім імпэтам. Праз чатыры гады ўжо маглі пахваліцца 33 цэнтнерамі. Але абставіны склаліся так, што мусіў перавесціся ў калгас “Праўда” парторгам – восем гадоў аддаў гэтай справе, хоць, па праўдзе кажучы, не маё было, не ляжала душа. Як толькі надарылася магчы­масць, стаў памочнікам брыгадзіра.

Сваю працоўную дзейнасць Сяргей Кішэня завяршаў на пасадах спачатку сакратара, а затым ужо старшыні Тумілавіцкага сельскага Савета. Яго энергічнасць, камунікабельнасць, аператыўнасць у вырашэнні самых розных пытанняў спрыялі ў рабоце. Тры скліканні Сяргей Іванавіч быў дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, а дэпутатам сельскага Савета – практычна ўсё жыццё.

Выхад на заслужаны адпачынак ніякім чынам не паўплываў на актыўную жыццёвую пазіцыю нашага суразмоўцы. Старэйшына вёскі, член раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, кіраўнік пярвічнай арганізацыі аб’яднання ветэранаў – паспявае ўсюды.

– Я міма не праходжу, калі бачу, што чалавек кіруецца не на той шлях: заглядвае ў чарку, не працуе, не клапоціцца пра сям’ю, – гаворыць Сяргей Іванавіч. – І не ў памяшканні сельвыканкама, а дзе-небудзь у краме, пры людзях, яго пасарамачу. Часам і дапамагае, – усміхаецца.

Пахаваўшы сваю любую жонку, з якой пражыў у згодзе ды павазе шмат гадоў, ён не махнуў на сябе рукой, як гэта часта бывае ў такіх выпадках, не стаў жыць як набя­жыць. Сочыць за парадкам у доме, даглядае агарод, трымае гаспадарку – коз, свінак, трусоў. Для душы – сабака і кот з забаўнай мянушкай Торк, які ад гаспадара ні на крок.

– А як жа іначай? У мяне тры сыны. Як бацька, я павінен быць дастойным прыкладам для іх. Ды і дом родны павінен як мага даўжэй сустракаць цяплом, утульнасцю, пахам чагосьці смачнага…
Выслухаўшы словы захаплення ў свой адрас, Сяргей Іванавіч весела і заразліва смяецца:

– Памятаеце, як кот Матроскін з мульціка казаў, калі яго пахвалілі: “Падумаеш, я яшчэ і вышываю, і на машынцы…” А я дык вось яшчэ і палавічкі шыдэлкам у вольную хвіліну вяжу. Паглядзіце, колькі накрыпаў.

Што тут дадаць? На такіх людзях трымаецца свет.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *