Татьяна Мальчик из Докшиц и на пенсии остаётся культработником

IMG_1653Той, хто свядома прыйшоў працаваць у культуру, не здраджвае ёй ніколі: працуе самааддана, натхнёна, з вялікім душэўным запалам, цеплынёй і шчырасцю. І нават калі развітваецца з месцам працы ў час выхаду на пенсію, не перастае быць культработнікам. Ён – артыст, і таму ў яго жыццё і сцэна, сцэна і жыццё – звязаныя, як рака з берагамі. Адно без аднаго не бывае. 

Працоўны стаж Таццяны Мальчык налічвае больш за 35 гадоў, і ўсе яны прысвечаны дзейнасці культурнай галіны ў раёне. На пачатку 70-х прыехала ў Докшыцы выпускніца Магілёўскага культасветвучылішча Танечка Маліноўская вучыць танцам мясцовых аматараў гэтага віду мастацтва. Ураджэнка Магілёўшчыны, яна так і засталася ў нашым раёне на ўсё жыццё. За гэты час выйшла замуж, выгадавалі з мужам дзвюх дачок. Таццяна Мікалаеўна закончыла інстытут культуры. Шмат гадоў узначальвала вучэбна-метадычны цэнтр аддзела культуры, які стаў для сельскіх культработнікаў сапраўдным памочнікам у іх творчай працы. Яго дырэктар умела дапамагчы, строга спытаць, а пры неабходнасці і стаць на абарону аўтарытэту сваіх падначаленых. Яе памочніцай увесь гэты час была Святлана Каляга. Амаль аднагодкі, яны і на сцэне былі разам. Іх вакальны дуэт ведалі, без перабольшання, у кожным населеным пункце раёна. Аднымі з першых прыйшлі ў народны ансамбль “Раніца”. Спяваюць у ім да сённяшняга, хаця ўжо шмат гадоў знаходзяцца на пенсіі. Святлана Іванаўна робіць гэта ў перапынку паміж заняткамі гаспадаркай, а Таццяна Мікалаеўна па-ранейшаму ў страі.

На так званым заслужаным адпачынку яна пабыла некалькі месяцаў, а потым папрасілася на работу. Культработнік – гэта, калі хочаце, стыль жыцця, і не можа чалавек, у якім бы ўзросце ні быў, змяніць яго. Узялася за тое, што прапанавалі, – музейную справу. Не спыніла і тое, што да працы трэба дабірацца 12 кіламетраў сваім ходам. З яе прыходам мемарыяльны комплекс у Шунеўцы набыў новае жыццё. Як заўсёды, поўная ідэй, яна стараецца кожную з іх увасобіць у жыццё з карысцю менавіта для справы, а не для справаздачы начальству. Крыху пазней згадзілася кіраваць танцавальным гуртком у аддзяленні дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту. Сваіх артыстаў “залатога” веку вывела нават на сцэну.

Артыстка па стане душы, яна сама без яе адчувае душэўны дыскамфорт. Менавіта сцэна дапамагла ёй перажыць жыццёвую скруху, калі страціла бацькоў, а потым заўчасна любімага мужа. З яе чэрпае жыццёвыя сілы і зараз. Якім бы ні быў настрой, яна заўсёды працавала на ёй так, каб у людзей у душы панавала свята.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Т.М. Мальчык.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *