Юные легкоатлеты ДЮСШ Докшицкого района

IMG_2124 IMG_2150У Докшыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адбылося першынства ДзЮСШ па лёгкай атлетыцы, у якім прынялі ўдзел каля 80 юных спартсменаў – вучняў школ раёна. Адкрыццё мерапрыемства было даручана надзеі беларускага спорту, былой выхаванцы Докшыцкай ДзЮСШ, а цяпер – навучэнцы Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву Настассі Кацейка. Насця з задавальненнем расказала, як яна прыйшла ў спорт, падзялілася сваімі сакрэтамі і напрацоўкамі, адным словам, актыўна матывавала юных спартсменаў да заняткаў спортам. Дзеці з цікавасцю разглядалі медалі юніёркі, якія яна заваявала на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, бралі аўтографы ў Насці і жадалі ёй далейшых поспехаў.
У першынстве хлопцам і дзяўчатам трэба было прайсці нямала выпрабаванняў: спачатку ўдзельнікі спаборнічалі ў зале і на стадыёне ДзЮСШ, а потым, калі распагодзілася, адправіліся на гарадскі стадыён, дзе бегалі на кароткія і доўгія дыстанцыі.
Упершыню ў троябор’і прынялі ўдзел зусім юныя спартсмены – вучні 3 – 5 класаў. Яны бегалі на дыстанцыю 30 м, скакалі ўдаўжыню з разбегу і кідалі мяч. Сярод дзяўчынак лепшыя вынікі паказалі: Паліна Мажэй з Бягомльскай СШ, якая з вынікам у 106 ачкоў заваявала ІІІ-е месца, Карына Андрэйчык з Крулеўшчынскай СШ, якая набрала 111 ачкоў і заняла ІІ-е месца. Са 112 ачкамі І-е месца заваявала вучаніца Крулеўшчынскай СШ Паліна Новікава. Сярод хлопчыкаў бронзавым прызёрам стаў Лявонцій Зайцаў з Сітцаўскай СШ (115 ачкоў), срэбраным – Дзмітрый Шопат з Бярозкаўскай ДС-СШ (118 ачкоў). Золата ва Уладзіслава Смалякова з Сітцаўскай СШ (125 ачкоў).
У скачках увышыню ў малодшай узроставай групе найлепшы вынік паказаў Іван Баравінец з СШ № 1 г. Докшыцы, у сярэдняй – Максім Пярэдня з СШ № 2 г. Докшыцы.
У скачках удаўжыню ва ўзроставай групе 2004-2005 г.н. сталі вучні Крулеўшчынскай СШ Лізавета Ліннік і Вадзім Стралкоўскі; 2002-2003 г.н. – Яна Ганус з СШ № 1 г. Докшыцы і Дзмітрый Салавей з СШ № 2 г. Докшыцы; 2000-2001 г.н. – Данііл Жук з СШ № 1 г. Докшыцы.
Па два першыя месцы заваявалі ў спаборніцтвах вучні Бягомльскай СШ Захар Скакун і Марына Захарэвіч, якія перамаглі ў забегах на 60 і 200 м. Ганна Цімкова з гэтай жа школы стала прызёркай у бегу на 60 м. З аднолькавым вынікам прыйшлі да фінішу таксама спартсмены Бягомльскай СШ Станіслаў Глазко і Кірыл Ставер, у выніку абодва атрымалі дыпломы за І месца. Пераможцам у бегу на 60 м сярод вучняў 2002-2003 г.н. стаў Іван Жызнеўскі з Парплішчанскай СШ; на 200 м (2004-2005 г.н.) – Лізавета Вайцяховіч з Парплішчанскай СШ; на 300 м (2004-2005 г.н.) – Дар’я Свірко з Бягомльскай СШ.
Два першыя месцы – у бегу на 200 м і кіданні кап’я – заваяваў вучань СШ № 2 г. Докшыцы Юрый Ярыжанец.
У штурханні ядра перамог Ілья Варановіч з СШ № 1 г. Докшыцы.
Пераможцы атрымалі дыпломы і вопыт для дасягнення будучых перамог.

Текст і фота Я. Малевіч.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *