Неблагополучных семей в Докшицком районе стало меньше

Гэтыя прыгожыя дзеці, якіх вы бачыце на здымку, сённяшняя сям’я Алены і Ігара Насеннікаў. Сужэнцы ў 2010 годзе пажадалі стаць бацькамі ў арганізаваным тады ў раёне доме сямейнага тыпу. Першымі былі пляменнікі Ігара, якія да гэтага часу сталі сіротамі. Зараз яны выраслі, а ў Насеннікаў знайшлі прытулак яшчэ сем абдзеленых дамашнім цяплом дзяцей. Ва ўтульным, прыгожым доме, побач з клапатлівымі бацькамі яны адчуваюць сябе любімымі і жаданымі.

Гэтыя прыгожыя дзеці, якіх вы бачыце на здымку, сённяшняя сям’я Алены і Ігара Насеннікаў. Сужэнцы ў 2010 годзе пажадалі стаць бацькамі ў арганізаваным тады ў раёне доме сямейнага тыпу. Першымі былі пляменнікі Ігара, якія да гэтага часу сталі сіротамі. Зараз яны выраслі, а ў Насеннікаў знайшлі прытулак яшчэ сем абдзеленых дамашнім цяплом дзяцей. Ва ўтульным, прыгожым доме, побач з клапатлівымі бацькамі яны адчуваюць сябе любімымі і жаданымі.

У 2006 годзе, калі тэма сацыяльнага сіроцтва стала найбольш вострай, Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт № 18. З таго часу гэты дакумент стаіць на абароне інтарэсаў і правоў дзяцей з нядобранадзейных сем’яў. Акрамя гэтага, ён абавязвае бацькоў, якія кінулі сваіх сыноў і дачок, не займаюцца іх выхаваннем, кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей.

Сёння тыя станоўчыя вынікі, што атрыманы за дзесяць гадоў існавання Дэкрэта, нельга не заўважыць. Зараз у раёне пражываюць 65 нядобранадзейных сем’яў, а быў час, калі ў адным сельсавеце іх было некалькі дзясяткаў.

– Крыху змяніліся і самі сем’і, – сцвярджае намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Інэса Марчанкава. – Цяпер дзеці ў іх, калі і не маюць усяго таго, што іх аднагодкі, то хаця б не галадаюць. Не жывуць у тых жудасных антысанітарных умовах, напрыклад, з земляной падлогай, не спяць на голых дошках, як гэта можна было бачыць раней. Хаця галоўнай праблемай па-ранейшаму застаецца злоўжыванне бацькоў алкаголем.

Над увасабленнем патрабаванняў Дэкрэта ў жыццё працуюць многія структуры. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе каардынацыйны савет, які ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч.
Вялікую ролю ў самой рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі адыгрывае ранняе іх выяўленне. У першую чаргу гэтым займаюцца школы, дзіцячыя садкі. Два разы ў год праводзіцца абследаванне жыллёва-бытавых умоў пражывання непаўналетніх дзяцей. Пад увагай гэта пытанне ў мясцовай улады, праваахоўнікаў, медыкаў. Станоўчыя вынікі прыносіць шматгадовая акцыя “Сям’я без насілля”, у рамках якой праводзяцца рэйды па праверцы становішча ў нядобранадзейных сем’ях. Гэта дзякуючы ёй гора-бацькі адчуваюць сябе пад пастаянным пільным кантролем і крыху спрабуюць стварыць жыццёвыя ўмовы сваім дзецям. Хаця пітушчым рабіць гэта даволі складана.

Ужо некалькі разоў лячылася ад алкагалізму сямейная пара з Докшыц, у якой трое непаўналетніх дзяцей. Зараз яны зноў не п’юць, і ў сям’і поўны лад. Але ці надоўга? Забралі дзіця ў Іны Ждановіч з Крулеўшчыны. Калі жанчына запівае, то ў кватэры днююць і начуюць асобы адпаведных паводзін з усяго наваколля. Дачакалася пазбаўлення бацькоўскіх правоў на выхаванне сына Ганна Зямчонак з Бягомля. Алкаголь знішчыў у жанчыны ўсе мацярынскія пачуцці. У той момант, калі дзіця забралі ў прытулак, яна з’явілася дадому толькі праз тыдзень. Зараз хлопчык знаходзіцца ў доме сямейнага тыпу, а мама лечыцца ў ЛПП.

У нашым раёне працуюць дзве такія ўстановы, дзе выхоўваюцца 12 дзетак. Яшчэ 27 знайшлі сабе бацькоў у прыёмных сем’ях, 19 даглядаюць апекуны.

– Гэтыя людзі робяць вельмі вялікую справу, на якую здатны далёка не кожны чалавек, – працягвае размову Інэса Леанідаўна. – Быць бацькамі, а тым больш прыёмнымі, складана. Гэта адказнасць не толькі за тое, каб дзеці былі накормлены і апрануты, але і за выхаванне высокіх духоўных і маральных якасцей у маленькіх грамадзянін краіны. Самых добрых слоў заслугоўвае прыёмная мама Галіна Навіцкая, якая ўжо на працягу многіх гадоў бярэ на выхаванне дзяцей з «букетам» хвароб. Сагравае, лечыць іх душы і целы. І дзеці адказваюць ёй вялікай любоўю. Сапраўднымі бацькамі сталі для прыёмных дзяцей Галіна і Аляксандр Шопаты з Вітуніч, Таццяна і Барыс Лапшыны з Бягомля, Аксана і Андрэй Шавардакі з Параф’янава.

Першым месцам, куды адпраўляюць непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дапамозе, з’яўляецца дзіцячы прытулак, што быў арганізаваны ў 2001 годзе ў Вітунічах. Зараз ён працуе ў Янках. Гэта ўстанова стала выратавальным кругам для многіх дзяцей, калі яны знаходзіліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Летась прытулак прыняў 12 дзяцей. На шчасце, дзевяць з іх вернуты ў біялагічныя сем’і, адно дзіця ўсынавілі, а двое знаходзяцца ў прыёмнай сям’і і доме сямейнага тыпу. У сваіх бацькоўскіх правах пасля поўнага выпраўлення адноўлена, на вялікі жаль, толькі адна маці. Сёлета ўстанова стала часовым месцам жыхарства яшчэ для пяцярых дзяцей. З іх адно вернута ў біялагічную сям’ю, астатнія выхоўваюцца пакуль у вышэйназваных установах.

Дэкрэт паклапаціўся і аб тым, каб нядбайныя бацькі не пазбавілі сваіх дзяцей жылля. Зараз з 59 дзяцей-сірот 48 стаяць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў. За дзевяццю жыллё замацавана, а двум належыць на правах уласнасці.

Не выклікае сумнення, што чалавек, які кінуў сваё дзіця, павінен несці за гэта адказнасць, у тым ліку і матэрыяльную. У адпаведнасці з Дэкрэтам бацькі абавязаны кампенсаваць расходы, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. У раёне значыцца 78 абавязаных асоб. З гэтай колькасці толькі два чалавекі выплачваюць сродкі добраахвотна. У 68-мі яны вылічваюцца з заработнай платы. Пяцёра бацькоў знаходзяцца ў ЛПП і месцах пазбаўлення волі, адна маці – у водпуску па доглядзе за дзіцем. Пачынаючы з 2007 года, сума кампенсацыі склала 675591,28 руб. (налічана 1154620,81 руб.).

Такім чынам, Дэкрэт № 18 дае ўсе магчымасці для таго, каб кожнае дзіця мела сям’ю, а дзяржава несла як мага меншыя страты на яго ўтрыманне. Галоўнае, каб работа па яго рэалізацыі вялася без фармалізму і абыякавасці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *