Николай Пашкевич из агр. Гнездилово Докшицкого района является истинным патриотом

м 092Наш чарговы цікавы суразмоўца належыць да той слаўнай кагорты працаўнікоў вёскі, якія пачыналі прафесійную дзейнасць у 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя, рамантыкаў, улюбёных у сваю работу, у сваю зямлю, апантаных імкненнем зрабіць жыццё на малой радзіме годным, прыгожым, шчаслівым. Поўныя маладога імпэту і рашучасці, яны верылі ў свае сілы і магчымасці здзейсніць усё задуманае і аддаваліся гэтай мэце цалкам, без астатку. Сапраўдныя сяляне, якіх яшчэ моцна трымалі карані на роднай зямлі, а цяжкая хлебаробская праца не толькі не палохала, а здавалася найлепшай, найвартнейшай у свеце.

Пра вечныя жыццёвыя каштоўнасці мы гутарым сёння з галоўным аграномам ДП “Гняздзілава-Агра” Мікалаем Пашкевічам, чый працоўны стаж на гэтай пасадзе і на адным месцы блізіцца да 37 гадоў.

1. – Мікалай Міхайлавіч, ці была ў Вашым жыцці падзея, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?

– Пасля заканчэння школы я паступіў у Вялікалукскі інстытут на факультэт “аграномія”, атрымаў студэнцкі білет і залікоўку, на крылах лётаў. А сямейныя абставіны склаліся так, што вучыцца там не змог. Напачатку вельмі засмуціўся, але потым, калі паступіў ужо ў Лужаснянскі сельгастэхнікум, аказаўся нават задаволеным, што мой лёс накіраваў мяне на гэты шлях. Веды, атрыманыя там, былі больш прыгоднымі на практыцы, а нешта з тэорыі, патрэбнае для далейшага росту і самаўдасканалення, пры жаданні можна прачытаць і самому. Таму тут, лічу, пацвердзілася народная мудрасць “Што ні робіцца – усё да лепшага”. Жаданую спецыяльнасць я атрымаў.

2. – Работа для Вас – кар’ера ці справа?

– Калі работу сваю любіш, калі ўсю душу ў яе ўкладаеш, калі гэтым жывеш, на кар’еру, даруйце, начхаць. Ніколі не працаваў дзеля ўзнагарод, падзяк, не радаваўся таму, што ёсць магчы­масць кіраваць іншымі людзьмі. Гэта такая “суета сует”, такая марнасць… А прыкладзеныя табой намаганні ў працы далі добры вынік – вось ён, кайф: я змог, я чагосьці варты! Ды і памяць пра сябе, пагадзіцеся, якую пакідаеш? Не які ты чын, а які ты чалавек сярод людзей і спецыяліст у сваёй справе.

3. – Калі не ў сельскай гаспадарцы, то ў якой яшчэ галіне маглі б сябе рэалізаваць?

– (задумваецца) Ведаеце, а ні ў якой! З самага маленства хацеў працаваць на зямлі, і іншых варыянтаў не было. Гэта – маё, закладзенае, мабыць, бацькамі-дзядамі на геннай аснове. Я вясковец да мозга касцей, у горадзе ўжо на другі дзень пачынаю пакутаваць ад недахопу прастору і свежага паветра, ад шуму і мітусні. “Выходил на поля молодой агроном…” – гэта калісьці і пра мяне спявалася (смяецца).

4. – Прадоўжыце, калі ласка, выказванне: мая сям’я – гэта…

– Мой Дом. Мой тыл. Найдаражэйшыя людзі – жонка, дачка і сын, дзве ўнучкі і два ўнукі. Дзеля іх жыву, стараюся, каб ім не было за мяне сорамна. Быць добрым мужам і бацькам – навука больш складаная, чым аграномія. Вучуся сам усё жыццё, спадзяюся, што ўжо нечаму і навучыць магу.

5. – Што вы перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?

– Працавітасць. Вядома, жыццё ў горадзе больш камфортнае і лёгкае. А я вось лічыў і лічу, што не трэба баяцца працы вясковай. Розныя так званыя “удобства” – здавалася б, добра: з’яўляецца больш вольнага часу, не так расходуюцца фізічныя сілы. Але гэта адзін бок медаля. На што траціцца той вольны час і да чаго прыводзіць адсутнасць фізічных нагрузак, вядома. Ды і тое, што людзі адрываюцца ад зямлі-карміцелькі і селяцца ў забетанаваных гарадах – гэта жахліва.

Яшчэ я люблю паляванне, а ад бацькі і дзеда вучыўся будаўнічай справе. Дом свой, акрамя сцен і даху, а таксама гаспадарчыя пабудовы ўзводзіў сам, з бацькавай дапамогай.

6. – Які сэнс укладаеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?

– Пабачыць розныя краіны свету – гэта здорава, але жыць – толькі на радзіме, там, дзе, як гаворыцца, твая пупавіна закапана. Што я і зрабіў, і ніякіх высокіх слоў тут не патрэбна. Уяўляеце, якімі былі б вёскі і аграгарадкі, каб хаця б кожны трэці з маладых людзей, што вылятаюць з бацькоўскага гнязда, вяртаўся назад? Калі я пачынаў працаваць, побач са мной былі сябры-аднадумцы, такія ж маладыя і няўрымслівыя. Вёска звінела дзіцячымі галасамі, узводзіліся новыя будынкі, іграліся вяселле за вяселлем… Кіпела жыццё. Колькі было радасці і планаў на будучыню! Балюча глядзець на тое, што стала з вёскамі сёння. Вельмі балюча. Думаю, патрыятызм – гэта не толькі гонар за сваю радзіму, але і трывога за яе лёс.

7. – Які ён, свет Вашых захапленняў?

– Работа, і ў гаспадарцы, і дома, што казаць, забірае шмат часу. Калі быў маладзейшы, усё ж такі знаходзіў вольныя хвілінкі для спартыўных заняткаў. На раённыя лыжныя спаборніцтвы ездзіў нават калі ўжо пераваліла за пяцьдзясят, бегаў дыстанцыю ў тры кіламетры. У футбол гуляў, валейбол. Зараз з задавальненнем чытаю розную пазнавальную літаратуру, а таксама вельмі люблю разгадваць красворды: і веды пашыраюцца, і памяць трэніруецца.

8. – Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?

– А як жа. Для мяне гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, тыя, што зведалі ўсе яе жахі, доўгія дні, месяцы, гады змагаліся за перамогу і заваявалі яе, многія цаной свайго жыцця. Мой дзядуля таксама загінуў ва Усходняй Прусіі, там жа і пахаваны. І для мяне ён сапраўдны герой.

9. – Ці згодны Вы з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?

– Цалкам згодны. Сяброўства – рэч вельмі каштоўная. Я шчаслівы з тае прычыны, што маю сапраўдных сяброў, правераных часам, бядой і радасцю. Праўда, адзін з іх, дарагі і блізкі мне чалавек, зусім нядаўна пайшоў з жыцця. З болем і пустэчай на душы ад гэтай страты, пэўна, удасца справіцца з вялікай цяжкасцю…

10. – Якімі якасцямі, на Вашу думку, павінна валодаць жанчына? Што ў ёй не прымаеце?

– Я тут не прэтэндую на арыгінальнасць: жанчыне пажадана быць прыязнай, шчырай, добразычлівай. Яна павінна выпраменьваць цеплыню і пяшчоту. Не падабаюцца мне жанчыны занудлівыя, бурклівыя, вечна чымсьці незадаволеныя. Мяркую, жыццё з такімі асобамі невыноснае. Мне ж у гэтым плане пашанцавала і з жонкай, і з цешчай. Шматлікія анекдоты на тэму сямейнага жыцця і ўзаемаадносін цешчы з зяцем да маіх жанчын не маюць ніякага дачынення.

11. – Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?

– (задумваецца) Не магу адказаць на гэта пытанне. Чаго сам не перажыў, пра тое складана меркаваць. Ажаніўся я з дзяўчынай, якую ўсім сэрцам пакахаў, і пачуццё гэта было ўзаемным. Жыву шчасліва ў шлюбе ўжо 37-ы год. Настолькі зрадніліся з жонкай за гэты час, што разумеем адзін аднаго з паўслова. Як бы было, каб пажаніліся без кахання? Дзякаваць Богу, пра гэта мне няма патрэбы задумвацца.

12. – Вашы любімыя музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, марка аўтамабіля?

– шансон, народная;
– творы на ваенную тэматыку;
– нашы, беларускія, самыя смачныя ў свеце клёцкі;
– футбол, валейбол;
– у мяне “Фольксваген Гольф”. На чым езджу (смяецца), тое і люблю.

Гутарыла
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *