Нужна ли в Докшицах оптика?

Broken EyeglassesПаўгода таму ў Докшыцах была зачынена оптыка, якая працавала па вуліцы Піянерскай. Знаходзілася яна ў структуры УП “Белмедтэхніка” і была аптымізавана, як і некалькі іншых па вобласці. Нельга сказаць, што ў оптыцы былі выдатныя ўмовы для работы спецыяліста: ацяпленне – пячное, а памяшканню не зашкодзіў бы элементарны касметычны рамонт, аднак людзі на гэта надта не зважалі. Бо ішлі са сваімі “акулярнымі” праблемамі да выдатнага спецыяліста Зоі Абымаха. Жанчына шмат гадоў адпрацавала ў сістэме і магла не толькі вырабіць акуляры на заказ, але і выканаць практычна любы іх рамонт: устанавіць і замяніць вінты і гайкі, насавыя ўпоры, выправіць дэфармаваную аправу, замяніць пашкоджаную лінзу на новую і інш. А яшчэ Зоя Вітальеўна заўжды давала выдатныя парады па падборы акуляраў адпаведна формы твару, узросту, пераваг і матэрыяльных магчымасцей кліентаў. Ад імя ўсіх “акулярыкаў” вялікі дзякуй ёй за гэта.
Між тым так патрэбная многім оптыка вялікага прыбытку не прыносіла. Можа і гэты факт меў уплыў на рашэнне яе ўласнікаў зачыніць даволі запатрабаваную ў нашым раёне ўстанову. І, як гэта часта здараецца, пасля закрыцця оптыкі стала зразумела, што праблем у людзей з праблемамі зроку стала значна больш.

Віктар, 56 гадоў:
– Акуляры, у якіх я чытаю, купіў на рынку ў Докшыцах. Які дакладна зрок – не ведаю. Падбіраў, каб літары былі бачныя. У жонкі дальназоркасць. Акуляры змяняла нядаўна. Брала ў аптэцы, хаця старыя можна было адрамантаваць, але не знайшлі дзе.
Настасся, 31 год:
– Акуляры нашу з малодшых класаў. Нядаўна зрок пагоршыўся і іх спатрэбілася замяніць. Некалькі разоў падбягала да былой оптыкі, думала, можа ў водпуску спецыяліст, пакуль не дазналася, што яна зачынена. Паехала ў Глыбокае ў прыватную оптыку. Там расказалі, што колькасць кліентаў з нашага райцэнтра апошнім часам узрасла ў некалькі разоў, асабліва перад пачаткам навучальнага года. Праз тыдзень прыйшлося ехаць зноў, каб забраць гатовыя акуляры, за якія аддала мільён з хвосцікам (па старых цэнах).

Алена, 43 гады:
– У нашай сям’і дрэнны зрок у мяне і дваіх дзяцей-школьнікаў. Таму была частым кліентам нашай оптыкі, дзе і танней, чым у вялікім горадзе, і хутка. Сыну не пашкодзіла б замяніць аправу на большую, дык пакуль адкладваю. Трэба прапусціць школу, каб на аўтобусе дабрацца да бліжэйшай оптыкі. Потым яшчэ з’ездзіць забраць. Накладна і нязручна.
Таццяна, 36 гадоў:
– Для мяне – гэта стала праблемай. Лінзы розныя, таму не магу падабраць гатовыя акуляры на рынку ці з таго, што ёсць у аптэцы. Калі эканамічна не выгадна трымаць оптыку, няхай хаця б раз ці два на тыдзень працаваў спецыяліст, які б прымаў заказы ад людзей. Складана нам, а ўявіце, як пажылым! Яны спрабуюць самастойна рамантаваць акуляры, але для гэтай работы патрэбны добры зрок і навыкі. Замкнёнае кола. У класе сына з 25 чалавек – 7 носяць акуляры. Бацькі па-рознаму вырашаюць гэта пытанне.
Як рэагуюць на закрыццё оптыкі члены раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” мы запыталі ў яе старшыні Святланы Сяцко.
– У нашай раённай суполцы 31 чалавек. Многія з іх татальна не бачаць. Усяго ж у раёне больш сотні інвалідаў па зроку, і для большасці акуляры – жыццёвая неабходнасць. Тут ужо без варыянтаў. Усе акуляры час ад часу патрабуюць рамонту, калі не замены. Большасць інвалідаў не можа выехаць у чужы горад без суправаджэння родзічаў, каб заказаць новыя. Да таго ж у оптыцы можна было набыць розныя спецсродкі: кійкі, танометры і іншыя карысныя прыстасаванні для людзей з пэўнымі праблемамі здароўя. Многае ёсць у аптэцы, але ў оптыцы гэта каштавала танней.
Замест пасляслоўя. Рэспандэнтаў, якія выказвалі незадаволенасць фактам закрыцця оптыкі, было значна больш. Усе іх скаргі зводзіліся ў выніку да просьбы: не мае розніцы хто, дзяржаўная ўстанова ці прыватная, запоўніць спусцелую нішу гэтай паслугі, галоўнае, каб яна існавала ў райцэнтры ўвогуле, а яны ўжо падтрымаюць оптыку заказамі.

Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на зямным шары прыкладна 285 мнл чалавек маюць праблемы са зрокам, з іх 39 мільёнаў – невідушчыя і 246 млн з паніжаным зрокам. Пры гэтым у 12 мільёнаў дзяцей зрок лёгка аднавіць, бо праблемы з ім звязаны з парушэннем рэфракцыі. Праблема ў тым, што зрокавых парушэнняў становіцца ўсё больш. Так, сярод першакласнікаў ва ўсім свеце праблемы са зрокам фіксуюцца ў 4 % вучняў, а ў выпускнікоў гэта ўжо каля 40% выпадкаў.
Па інфармацыі загадчыцы дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення абласной клінічнай бальніцы З.А. Даўжанковай, у Віцебскай вобласці на 1 студзеня бягучага года на дыспансерным назіранні знаходзілася 5856 дзяцей з захворваннямі органаў зроку, што складае 2,7 % ад агульнай колькасці. З іх 23,4 % дашкольнікі і 76,5 % школьнікі. Выяўлена з паніжаным зрокам упершыню 14814 дзяцей, ці 7,5 % ад усіх агледжаных.

***

Па інфармацыі ўрача-афтальмолага Докшыцкай ЦРБ Н.М. Клімавай, аналіз амбулаторнага прыёму ўрачом-афтальмолагам у кастрычніку бягучага года паказаў, што каля 40 % пацыентаў маюць зніжэнне вастрыні зроку на фоне парушэнняў рэфракцыі і акамадацыі.
Сёлетнія вынікі агляду школьнікаў 1 – 7 класаў, які праводзіўся ў чэрвені – ліпені, паказалі, што 7,1 % вучняў маюць парушэнні зроку. На дадзены момант вядзецца агляд падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. Па некаторых школах назіраецца парушэнне вастрыні зроку названай катэгорыі вучняў да 30 %, што сведчыць пра патрэбу карэкцыі акулярамі.

***

Дата. 13 лістапада ў календары пазначана як Міжнародны дзень невідушчых. Яго мэта – прыцягнуць увагу да тых, хто страціў зрок і мае неабходнасць у дапамозе навакольных. У 1784 годзе ў Парыжы выключна на свае сродкі ва ўласным доме адчыніў першую ў свеце школу для сляпых дзетак пад назвай “Майстэрня сляпых, якія працуюць”, педагог Валянцін Гаюі. Менавіта да  дня яго нараджэння Сусветная арганізацыя аховы здароўя прымеркавала Міжнародны дзень невідушчых.

Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *