Нужна ли в Докшицах оптика?
Паўгода таму ў Докшыцах была зачынена оптыка, якая працавала па вуліцы Піянерскай. Знаходзілася яна ў структуры УП “Белмедтэхніка” і была аптымізавана, як і некалькі іншых па вобласці. Нельга сказаць, што ў оптыцы былі выдатныя ўмовы для работы спецыяліста: ацяпленне – пячное, а памяшканню не зашкодзіў бы элементарны касметычны рамонт, аднак людзі на гэта надта не зважалі. Бо ішлі са сваімі “акулярнымі” праблемамі да выдатнага спецыяліста Зоі Абымаха. Жанчына шмат гадоў адпрацавала ў сістэме і магла не толькі вырабіць акуляры на заказ, але і выканаць практычна любы іх рамонт: устанавіць і замяніць вінты і гайкі, насавыя ўпоры, выправіць дэфармаваную аправу, замяніць пашкоджаную лінзу на новую і інш. А яшчэ Зоя Вітальеўна заўжды давала выдатныя парады па падборы акуляраў адпаведна формы твару, узросту, пераваг і матэрыяльных магчымасцей кліентаў. Ад імя ўсіх “акулярыкаў” вялікі дзякуй ёй за гэта.
Між тым так патрэбная многім оптыка вялікага прыбытку не прыносіла. Можа і гэты факт меў уплыў на рашэнне яе ўласнікаў зачыніць даволі запатрабаваную ў нашым раёне ўстанову. І, як гэта часта здараецца, пасля закрыцця оптыкі стала зразумела, што праблем у людзей з праблемамі зроку стала значна больш.
Віктар, 56 гадоў:
– Акуляры, у якіх я чытаю, купіў на рынку ў Докшыцах. Які дакладна зрок – не ведаю. Падбіраў, каб літары былі бачныя. У жонкі дальназоркасць. Акуляры змяняла нядаўна. Брала ў аптэцы, хаця старыя можна было адрамантаваць, але не знайшлі дзе.
Настасся, 31 год:
– Акуляры нашу з малодшых класаў. Нядаўна зрок пагоршыўся і іх спатрэбілася замяніць. Некалькі разоў падбягала да былой оптыкі, думала, можа ў водпуску спецыяліст, пакуль не дазналася, што яна зачынена. Паехала ў Глыбокае ў прыватную оптыку. Там расказалі, што колькасць кліентаў з нашага райцэнтра апошнім часам узрасла ў некалькі разоў, асабліва перад пачаткам навучальнага года. Праз тыдзень прыйшлося ехаць зноў, каб забраць гатовыя акуляры, за якія аддала мільён з хвосцікам (па старых цэнах).
Алена, 43 гады:
– У нашай сям’і дрэнны зрок у мяне і дваіх дзяцей-школьнікаў. Таму была частым кліентам нашай оптыкі, дзе і танней, чым у вялікім горадзе, і хутка. Сыну не пашкодзіла б замяніць аправу на большую, дык пакуль адкладваю. Трэба прапусціць школу, каб на аўтобусе дабрацца да бліжэйшай оптыкі. Потым яшчэ з’ездзіць забраць. Накладна і нязручна.
Таццяна, 36 гадоў:
– Для мяне – гэта стала праблемай. Лінзы розныя, таму не магу падабраць гатовыя акуляры на рынку ці з таго, што ёсць у аптэцы. Калі эканамічна не выгадна трымаць оптыку, няхай хаця б раз ці два на тыдзень працаваў спецыяліст, які б прымаў заказы ад людзей. Складана нам, а ўявіце, як пажылым! Яны спрабуюць самастойна рамантаваць акуляры, але для гэтай работы патрэбны добры зрок і навыкі. Замкнёнае кола. У класе сына з 25 чалавек – 7 носяць акуляры. Бацькі па-рознаму вырашаюць гэта пытанне.
Як рэагуюць на закрыццё оптыкі члены раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” мы запыталі ў яе старшыні Святланы Сяцко.
– У нашай раённай суполцы 31 чалавек. Многія з іх татальна не бачаць. Усяго ж у раёне больш сотні інвалідаў па зроку, і для большасці акуляры – жыццёвая неабходнасць. Тут ужо без варыянтаў. Усе акуляры час ад часу патрабуюць рамонту, калі не замены. Большасць інвалідаў не можа выехаць у чужы горад без суправаджэння родзічаў, каб заказаць новыя. Да таго ж у оптыцы можна было набыць розныя спецсродкі: кійкі, танометры і іншыя карысныя прыстасаванні для людзей з пэўнымі праблемамі здароўя. Многае ёсць у аптэцы, але ў оптыцы гэта каштавала танней.
Замест пасляслоўя. Рэспандэнтаў, якія выказвалі незадаволенасць фактам закрыцця оптыкі, было значна больш. Усе іх скаргі зводзіліся ў выніку да просьбы: не мае розніцы хто, дзяржаўная ўстанова ці прыватная, запоўніць спусцелую нішу гэтай паслугі, галоўнае, каб яна існавала ў райцэнтры ўвогуле, а яны ўжо падтрымаюць оптыку заказамі.
Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на зямным шары прыкладна 285 мнл чалавек маюць праблемы са зрокам, з іх 39 мільёнаў – невідушчыя і 246 млн з паніжаным зрокам. Пры гэтым у 12 мільёнаў дзяцей зрок лёгка аднавіць, бо праблемы з ім звязаны з парушэннем рэфракцыі. Праблема ў тым, што зрокавых парушэнняў становіцца ўсё больш. Так, сярод першакласнікаў ва ўсім свеце праблемы са зрокам фіксуюцца ў 4 % вучняў, а ў выпускнікоў гэта ўжо каля 40% выпадкаў.
Па інфармацыі загадчыцы дзіцячага афтальмалагічнага аддзялення абласной клінічнай бальніцы З.А. Даўжанковай, у Віцебскай вобласці на 1 студзеня бягучага года на дыспансерным назіранні знаходзілася 5856 дзяцей з захворваннямі органаў зроку, што складае 2,7 % ад агульнай колькасці. З іх 23,4 % дашкольнікі і 76,5 % школьнікі. Выяўлена з паніжаным зрокам упершыню 14814 дзяцей, ці 7,5 % ад усіх агледжаных.
***
Па інфармацыі ўрача-афтальмолага Докшыцкай ЦРБ Н.М. Клімавай, аналіз амбулаторнага прыёму ўрачом-афтальмолагам у кастрычніку бягучага года паказаў, што каля 40 % пацыентаў маюць зніжэнне вастрыні зроку на фоне парушэнняў рэфракцыі і акамадацыі.
Сёлетнія вынікі агляду школьнікаў 1 – 7 класаў, які праводзіўся ў чэрвені – ліпені, паказалі, што 7,1 % вучняў маюць парушэнні зроку. На дадзены момант вядзецца агляд падлеткаў ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. Па некаторых школах назіраецца парушэнне вастрыні зроку названай катэгорыі вучняў да 30 %, што сведчыць пра патрэбу карэкцыі акулярамі.
***
Дата. 13 лістапада ў календары пазначана як Міжнародны дзень невідушчых. Яго мэта – прыцягнуць увагу да тых, хто страціў зрок і мае неабходнасць у дапамозе навакольных. У 1784 годзе ў Парыжы выключна на свае сродкі ва ўласным доме адчыніў першую ў свеце школу для сляпых дзетак пад назвай “Майстэрня сляпых, якія працуюць”, педагог Валянцін Гаюі. Менавіта да дня яго нараджэння Сусветная арганізацыя аховы здароўя прымеркавала Міжнародны дзень невідушчых.
Наталля НАВІЦКАЯ.