Один рабочий день с участковым инспектором провёл корреспондент газеты «Родныя вытокі» в Докшицком районе

DSCN4706 DSCN4718 DSCN4729 DSCN4731 DSCN4740Агульнапрызнана, што служба ўчастковых інспектараў – важнае звяно ва ўсёй сістэме органаў унутраных спраў. Асабліва для прафілактыкі і прадухілення правапарушэнняў і злачынстваў.
Каб глыбей зразумець усю сутнасць прафесіі ўчастковага і хоць адным вокам паглядзець, з якімі праблемамі яму прыходзіцца сутыкацца, карэспандэнт раённай газеты “напрасілася” правесці адзін працоўны дзень з Аляксандрам Іваньковічам – участковым міліцыянерам, які абслугоўвае тэрыторыю Тумілавіцкага сельсавета.
Так атрымалася, што сумесны рэйд прыпаў на 17 лістапада, якраз у гэты дзень, у далёкім 1923 годзе, была ўтворана ўчастковая служба.

Перш чым адправіцца па вызначаным маршруце і прыступіць да сваіх абавязкаў, Аляксандру трэба прайсці інструктаж, медыцынскі агляд і атрымаць пісталет Макарава. Усё зроблена, садзімся ў старэнькі “жыгулёнак” і накіроўваемся спачатку ў вёску Вецяра. Спыніўшыся ў гэтым населеным пункце, Іваньковіч адкрывае партфель, дзе захоўваюцца самыя важныя дакументы. Папер, бланкаў – вялікая колькасць. Тут жа, у машыне, піша позвы траім грамадзянам, якія здзейснілі не адно правапарушэнне ў нецвярозым стане, пасля чаго асабіста ў рукі ўручае вось такія “запрашэнні” з’явіцца ў аддзел міліцыі ў вызначаны тэрмін.
– Добра ведаю кожнага жыхара сельсавета, – расказвае па дарозе Аляксандр. – Магчыма, што сам тутэйшы – нарадзіўся ў Несцераўшчыне.
– Ці адчуваеце, як адносяцця да вас месцічы?
– Не падумайце, што хвалюся, але мяркую, што з павагай. І гэта вельмі прыемна. Разумееце, галоўная задача – не пакараць чалавека за якоесьці правапарушэнне, а даць зразумець яму, што больш гэтага рабіць нельга, бо ёсць закон, і ён для ўсіх аднолькавы.
І сапраўды, за ўвесь час, які правяла з участковым у рэйдзе, упэўнілася, што, нягледзячы на яшчэ даволі малады ўзрост, да Аляксандра ўсе звярталіся “Міхалыч”. А гэта, згадзіцеся, сведчыць пра аўтарытэтнасць чалавека.
Едзем у Таргуны да Наталлі Герасімёнак (здымак 1). Яшчэ зусім нядаўна жанчына шмат выпівала, у сябе на кухні збірала такіх жа аматараў гарэлкі. Усе шумныя застоллі адбываліся на вачах дзяцей, на першым плане ў яе было кульнуць чарку, а не накарміць малых. На час нашага візіту становішча, здаецца, змянілася ў станоўчы бок. Жанчына займалася генеральнай уборкай у доме і прызналася, што ўжо два тыдні, як не п’е – закадзіравалася. Напэўна, страх страціць дзетак па прычыне беспрабуднага п’янства ўсё ж такі перамог зялёнага змея. Хочацца спадзявацца, што назаўсёды.
Наступны аб’ект, куды прапаноўвае заехацца ўчастковы, – МТФ “Таргуны”.
– Учора сарока на хвасце прынесла, што адна з работніц вярталася пасля працы нападпітку, – распавядае Аляксандр. – Трэба праверыць, як яна сябе адчувае сёння.
Інтуіцыя не падвяла капітана. Палявод Наталля Марковіч з Тумілавіч на нагах, канечне, трымалася, але ж куды дзець той пах, які пакідае пасля сябе спіртное? Іваньковіч прапануе жанчыне разам з “напарнікам” (здымак 2) прысесці ў службовы аўтамабіль. Сяргей Счастны, сябра і калега па працы Наталлі, не супраціўляецца. Наадварот, запэўнівае, што яны абаслютна цвярозыя. Але ж куды дзець той пах… Падчас састаўлення пратаколаў мужчына распавёў пра свой цяжкі лёс, напэўна, спадзяваўся на міласэрнасць чалавека ў форме. Праз некалькі хвілін вінаватыя ўсё ж такі прызналіся, што перад тым, як пайсці на комплекс, выпілі два літры піва, так сказаць, “паправілі” сваё здароўе. Дагэтуль “парачка” ў нецвярозым выглядзе ўжо неаднаразова трапляла ў поле зроку ўчастковага. І калі на гэты раз Счастнаму было вынесена апошняе папярэджанне, то справа Наталлі – “труба”. Жанчыну чакае камісія, дзе будзе вырашацца пытанне аб накіраванні яе ў ЛПП.
– Работа ўчастковага заключаецца не толькі ў тым, каб “лавіць” злачынцаў і правапарушальнікаў, як гэта многім падаецца, – падкрэслівае Аляксандр, ад’язджаючы ад фермы. – Мы прыцягваем да адказнасці і тых грамадзян, якія разводзяць бардак ля сваіх домаўладанняў. Тэрмін для выпраўлення падобнага становішча не так даўно даваў Настассі Жукоўскай з Тумілавіч (здымак 3). Што ж, праверым, ці ўсё ў парадку.
Як аказалася, справа з месца так і не зварухнулася. Памыі каля ганка, зараснікі, прыкрытыя снегам (здымак 4). У хаце і таго горш: не ведалі, куды ступіць, бо ўсё патанала ў брудзе. Нават хацелася ўзяць у рукі венік, але адкуль яму тут быць? Гаспадыні, калі можна яе так назваць, не да прыбірання, бо трэба ж падтрымаць кампанію з трох «кавалераў» (здымак 5), якія завіталі да яе ў гэты дзень, і дапамагчы ім выпіць. Менавіта гэта для маладзіцы галоўнае, а не тое, які выгляд мае яна сама, і што робіцца вакол. Вось з чыйго прыкладу трэба было пісаць казку “Фядорына гора” Чукоўскаму. Праўда, у яго творы галоўная гераіня ўсё ўсвядоміла і выправілася. Ці чакаць гэтага ад Настассі, сказаць цяжка. Таму пратакол на Жукоўскую за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў Аляксандру Іваньковічу скласці прыйшлося.
Час блізіўся да абеду, і тут зазваніў мабільны ўчастковага. Паступіла паведамленне ад аператыўнага дзяжурнага РАУС: у вёсцы Дзедзіна суседзі заўважылі, як ля аднаго з дамоў спынілася машына, з якой выйшаў незнаёмы і ў двары ля гаспадарчай пабудовы стаў штосьці шукаць. Высветлілася, што гаспадыня часова адсутнічае, бо жыве ў дачкі ў Крулеўшчыне. Пасля агляду месца здарэння следча-аператыўнай групай было выяўлена, што знікла старэнькая радыёла “VEF” 50-х — 60-х гадоў выпуску. Разбор справы зацягнуўся амаль да васьмі гадзін вечара.
Па плане рабочы дзень Аляксандра Іваньковіча павінен быў завяршыцца гульнёй у валейбол з калегамі. Але скарэктаваў усё выпадак… Аляксандру трэба было дапрасіць суседзяў, «зганяць» у Крулеўшчыну, каб прывезці адтуль пацярпелую бабулю ў Дзедзіна, з’едзіць у суседняе Глыбокае, бо паступіла інфармацыя, быццам аутамабіль з падобнымі нумарнымі знакамі знаходзіцца там… Вось такія яны, пуцявіны ўчастковага інспектара.
Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што на трэція суткі крадзеж радыёлы быў раскрыты. Злодзеем аказаўся родны пляменнік пацярпелай.

На тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета знаходзіцца 21 населены пункт. На 1 лістапада было зарэгістравана 13 злачынстваў, з якіх па лініі крымінальнага вышуку – 10 (8 раскрыта).
З пачатку года тут было выяўлена 5 фактаў дробных крадзяжоў, 47 дробных хуліганстваў, 6 выпадкаў незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, 63 чалавекі ў грамадскіхц месцах знаходзіліся ў нецвярозым стане, 3 грамадзяніны накіраваны ў ЛПП. Зарэгістравана 10 сямейных скандалаў. Складзена 17 пратаколаў за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў.

Тэкст і фота
Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *