В Докшицах прошёл день призывника (+фото)

IMG_3127 IMG_3062У восеньскі прызыў 55 юнакоў нашага раёна адправяцца на тэрміновую ваенную службу, чатыры – на службу ў рэзерве.

Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды адбылося ў мінулую суботу ў ГЦК.

Трываласці і цярпення, здароўя, новых верных сяброў пажадала будучым салдатам намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч. Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што ў краіне робіцца ўсё для таго, каб служба ў войску праходзіла бяспечна і максімальна карысна для кожнага юнака.

Як мага хутчэй адаптавацца да армейскага жыцця зычыў ваенны камісар раёна Віталь Леснічэнка. Ён падкрэсліў, што на сённяшні дзень аўтарытэт службоўцаў з нашага раёна даволі высокі, і выказаў спадзяванні, што сёлетнія прызыўнікі таксама адказна будуць выконваць свой воінскі абавязак перад Радзімай.

– У арміі, як і ў дзіцячым садзе, вас пакладуць спаць, падымуць, накормяць, – такое параўнанне зрабіў падчас свайго выступлення ветэран Узброеных Сіл, былы ваенны камісар Пётр Вязнікаў, які аддаў ваеннай службе 28 гадоў. – Як у школе, вы атрымаеце новыя веды. А “дэмбель” можна параўнаць з выпускным. Розніца ў тым, што ў школе трэба вучыцца адзінаццаць гадоў, а ў арміі служыць усяго толькі паўтара года.
У ліку прызыўнікоў і ўнук Пятра Рыгоравіча – Дзмітрый, які будзе служыць у пагранічных войсках.

Калі для будучых службоўцаў прызыў з’яўляецца адным з самых важных і адказных момантаў жыцця, то для іх бацькоў – вельмі хвалюючым. Як бы ні было цяжка прамовіць ад імя ўсіх бацькоў Наталлі Каросцік, але яна стрымала мацярынскія слёзы і пажадала юнакам з гонарам насіць ваенную форму. Ад імя навабранцаў на ўрачыстасці выступіў Уладзіслаў Макараў з Замасточча. Добрай службы пажадала будучым абаронцам Радзімы першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук.

Пранікнёныя словы адрасаваў юнакам благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка. Ён пад­крэсліў, што толькі вера дапамагае нам усім пераадольваць усе жыццёвыя перашкоды. Вера дапамагае ў любой сітуацыі заставацца чалавекам. А таму менавіта гэта пачуццё павінна стаць самым блізкім сябрам не толькі на час службы, але і на ўсё жыццё.

Ва ўрачыстай атмасферы прызыўнікам былі ўручаны павесткі. Асаблівы настрой мерапрыемства падтрымалі канцэртныя нумары мясцовых артыстаў. Фінальнай кропкай Дня прызыўніка стаў агульны здымак на памяць – першае фота ў дэмбельскі альбом.

Сёлетнія навабранцы папоўняць рады 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады, 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, пагранічных войскаў, войскаў ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, воінскіх часцей радыёэлектроннай разведкі.

Адпраўка докшыцкіх прызыўнікоў на месцы службы працягнецца з 15 па 25 лістапада. 

 

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *