Докшицкие школьники обсудили проблему буллинга (+фото)

img_4361Як папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны ў моладзевым асяроддзі? Гэта пытанне разглядалася на настаўніцкім семінары, які адбыўся на базе СШ № 2 г. Докшыцы. У ім прынялі ўдзел намеснікі дырэктараў навучальных устаноў раёна, сацыяльныя педагогі і псіхолагі школ, прадстаўнікі іншых службаў.

Прававыя веды на асабістым прыкладзе

Удзельнікі ўрока-падарожжа “Вялікія правы маленькага дзіцяці” на прыкладзе герояў літаратурных твораў пазнаёміліся з правамі чалавека.

Удзельнікі ўрока-падарожжа “Вялікія правы маленькага дзіцяці” на прыкладзе герояў літаратурных твораў пазнаёміліся з правамі чалавека.

Напачатку прысутным прапанавалі наведаць адкрытыя тэматычныя заняткі, для чаго іх па­дзялілі на чатыры групы, кожная з якіх накіравалася на “свой” урок.

Дзевяцікласнікі пад кіраўніцтвам псіхолага школы Віталіі Маргун і сацыяльнага педагога Вольгі Пятровіч разглядалі прафілактыку правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. На занятку з элементамі трэнінгу “Я выбіраю” вучні абмеркавалі праблему булінга – траўлі, агрэсіўных праследаванняў аднаго дзіцяці іншым. Боль, адзінота, пачуццё бязвыхаднасці, якія адчувае ахвяра ганенняў, вельмі дакладна паказаны Раланам Быкавым у фільме паводле кнігі Уладзіміра Жалезнікава «Пудзіла» (1983). Сёння маштабы булінга становяцца ўсё больш прыкметнымі.

У форме гутаркі з элементамі гульні “Права+” прайшоў занятак у сямікласнікаў. Настаўніца Ала Васюковіч разам з вучнямі знайшлі адрозненні паміж правамі, абавязкамі і жаданнямі кожнага.

Цікавым і змястоўным быў урок у дзесяцікласнікаў, які ў форме дыскусійнага клуба “Закон суровы, але ён – закон” падрыхтавала Ала Хацяновіч. Юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў высвятленні асноўных прычын правапарушэнняў, для прадухілення якіх падлетак, сям’я, грамадства і школа павінны дзейнічаць разам.

Пазнавальным і вясёлым быў урок-падарожжа “Вялікія правы маленькага дзіцяці”, падрыхтаваны для другакласнікаў Аленай Альхімёнак. Яго ўдзельнікамі сталі нават бацькі маленькіх вучняў, якія інсцэніравалі некалькі момантаў з вядомых усім казак, што дапамагло вучням на прыкладзе герояў літаратурных твораў пазнаёміцца з правамі на жыццё, працу, вучобу, сям’ю, жыллё і інш.

Знайсці падыход да кожнага вучня

IMG_4317 IMG_4318 IMG_4321+Пасля адкрытых заняткаў удзельнікі семінара зноў сабраліся разам, каб абмеркаваць стан і вынікі работы па прафілактыцы правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі. Пра распрацаваную сістэму, якая пастаянна ўдасканальваецца ў СШ № 2 г. Докшыцы, паведаміў дырэктар гэтай установы Іван Шкелка. Пытанні працаўладкавання падлеткаў закранула ў сваім выступленні першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Пра праблемы і шляхі прафілактыкі п’янства і наркаманіі сярод моладзі паведаміла псіхолаг СШ № 1 г. Докшыцы Алена Гойгель. З яе назіранняў выяўлена, што з пытаннямі да псіхалагічнай службы школы часцей звяртаюцца бацькі. Падлеткі закрытыя ў сабе, баяцца дыялогу, а таму найважнейшая задача педагогаў-псіхолагаў – знайсці падыход да кожнага вучня, каб прадухіліць супрацьпраўныя дзеянні.

Аб прафілактычнай рабоце ў раёне паведаміла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Плыгаўка.

– У параўнанні з мінулым годам ідзе зніжэнне злачыннасці, – падкрэсліла Вольга Віктараўна. – На дадзены момант зарэгістраваны два правапарушэнні, здзейсненыя навучэнцамі каледжаў. Сярод злачынстваў пераважаюць крадзяжы, распіццё спіртных напіткаў, розныя парушэнні Правілаў дарожнага руху і знаходжанне непаўналетніх у грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых пасля 23 гадзін. Пытанням прафілактыкі надаецца шмат увагі ва ўсіх установах адукацыі. У гэтым накірунку настаўнікі выкарыстоўваюць розныя формы, можна сказаць, заўсёды знаходзяцца “на баявой пазіцыі”. Разам з тым, недастатковая работа праводзіцца па праваахоўным руху: у раёне дзейнічаюць толькі два клубы юных інспектараў дарожнага руху. У СШ № 1 г. Докшыцы створаны бацькоўскі клуб, а ў Крулеўшчынскай СШ – клуб для школьнікаў малодшых класаў. У планах СШ № 2 г. Докшыцы разам з РАНС адкрыць клуб юных выратавальнікаў.

Дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч падрабязна расказала пра эфектыўнасць работы ўстановы па арганізацыі занятасці дзяцей у пазаўрочны час. Сёлета адукацыйнай дзейнасцю ў ЦДіМ ахоплена 1042 дзіцяці ад 6 да 18 гадоў, што складае 41,4 працэнта ад усёй колькасці вучняў раёна. У гэтым годзе цэнтрам было праведзена 49 раённых і гарадскіх мерапрыемстваў (фестывалі, канцэрты, інтэлектуальныя турніры і інш.).
Вынікі семінара падвяла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Кучыц, якая зазначыла, што часцей за ўсё падлеткі здзяйсняюць правапарушэнні для таго, каб вылучыцца, але для самавыяўлення існуе шмат іншых варыянтаў. Задача дарослых – накіраваць дзяцей на правільны шлях. Адну з самых вялікіх роляў у гэтым іграе ўласны прыклад.

Правы дзяцей праз свет казак прадэманстравалі трэцякласнікі школы, завяршыўшы мерапрыемства інсцэніроўкай казкі “Дзюймовачка”.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *