Геннадий Кулак из Докшицкого района поймал своего «журавля»

IMG_5058Прадстаўнікі старэйшых пакаленняў, чые дзяцінства, юнацтва і больш сталыя гады прыпалі на тыя часы, калі ў кожнай кватэры і вясковай хаце гучала радыё, мабыць, памятаюць цудоўныя радыёспектаклі па творах беларускіх аўтараў. Якім задавальненнем было, нагуляўшыся ў снежкі, накатаўшыся на санках, марозным зімовым вечарам уладкавацца на нізенькім услончыку каля гарачай печкі з кавалкам хлеба, пасыпанага цукрам, або з пахучым і сытным дранікам і слухаць, слухаць… Акцёраў Беларускага драматычнага тэатра імя Я. Купалы, з удзелам якіх і ставіліся тыя спектаклі, пазнавалі па галасах – настолькі адметныя тэмбры і інтанацыі былі ў кожнага. І імёны іх былі вядомыя не вузкаму колу тэатралаў, а вельмі шырокаму – радыёслухачоў. Аляксандр Уладамірскі, Арнольд Памазан, Зінаіда Браварская, Наталля Качаткова, Аляксандр Падабед, Марыя Захарэвіч, Віктар Тарасаў, Стэфанія Станюта, Святлана Некіпелава, Генадзь Аўсянікаў, Генадзь Гарбук…

Хто ведае, можа, каб сціплы юнак з Вілейшчыны, улюбёны ў родную мову, літаратуру, прыроду, вясковы побыт і ўсё спрадвечна беларускае, у далёкія сямідзясятыя адважыўся паспрабаваць паступіць у тэатральны інстытут, гэты спіс папоўніла б прозвішча яшчэ аднаго Генадзя – Кулака. Але рызыкі не хапіла: інстытут той здаваўся Парнасам, куды дарога толькі выбраным, а акцёры – небажыхарамі. Гена Кулак вырашыў не выпрабоўваць лёс, не ганяцца за жоравам, а спрытна злавіў сініцу – паступіў у педінстытут імя Горкага. Зразумела, на філалагічны факультэт. Там таленавітага юнака вельмі хутка заўважылі, і ён стаў акцёрам тэатра чытальнікаў “Жывое слова” пад кіраўніцтвам Андрэя Каляды. Званне народнага тэатра, як гаворыцца, абавязвала, і маладыя яго ўдзельнікі жылі насычаным, яркім жыццём: і гастралявалі, і на тэлебачанні здымаліся, і на радыё запісваліся.
Размеркаванне Генадзю выпала ў Докшыцкі раён. Працаваў спачатку ў Вілейскай базавай школе, затым, шмат гадоў, – у Несцераўшчынскай, зараз – у Тумілавіцкай. Прыжыўся тут, “укараніўся”, а вось свой талент чытальніка, такі, што міжволі кожны, хто не пазбаўлены адчування прыгожага, заслухоўваўся, рэалізоўваў у асноўным на ўроках. Думаецца, не ў адным дзіцячым сэрцы абудзіў жаданне вучыць і ведаць сваю мову, чытаць творы беларускіх аўтараў, самім спрабаваць сябе ў творчасці аксамітны, мяккі, плаўна-раскацісты, як хваля пад лёгкім ветрыкам, голас настаўніка. Яшчэ напачатку працоўнай дзейнасці, прызнаецца Генадзь Віктаравіч, прымаў удзел у літаратурных вечарынах ды “агеньчыках”. Але далей гэтага справа чамусьці не пайшла. Ніякага адчування страты з тае прычыны не было. Як любы творчы чалавек, меў і мае шмат захапленняў, сярод якіх, у першую чаргу, добрая кніга, а таксама і рыбалка, і “ціхае паляванне” – вельмі любіць прыроду, і добрая музыка.

– Сябрую з тэлевізарам, – распавядае. – Што б ні гаварылі, сярод пустога, наноснага, пашлаватага ёсць шмат цікавых, пазнавальных, духоўных перадач і фільмаў. Выбар, вядома, за намі самімі. А яшчэ я і камп’ютар асвоіў: трэба ж ісці ў нагу з часам. Бібліятэку нядрэнную сабраў. З тых кніг няма патрэбы здзьмухваць пыл – іх чытаю сам і з радасцю даю чытаць усім ахвотным.

Няма сумненняў, пра літаратуру, мастацтва, духоўныя каштоўнасці з маім суразмоўцам можна гаварыць бясконца. Яшчэ лепш – проста слухаць яго…

Ды нешта я ўсё пра сініцу. А як жа журавель? Няўжо махнуў Генадзю Кулаку крылом, курлыкнуў на развітанне і знік высока-высока ў небе? На шчасце, не. Апошнія гады мы ўсё часцей бачым гэтага чалавека з чароўным адметным голасам на раённай сцэне падчас розных канцэртаў, мерапрыемстваў, конкурсаў, у якіх ён становіцца пераможцам і прызёрам. Прыручаецца пакрысе капрызны птах? Спадзяюся, так.

Алена
НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Генадзь Кулак выступае на святочным канцэрце ў ККЗ “Іскра”.
Фота Н. Навіцкай.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *