В Докшицах прошёл фестиваль «Молодёжь за здоровый образ жизни» (+фото)

img_4172Шмат прыхільнікаў фізкультуры і спорту сабраў фінал традыцыйнага раённага фестывалю “Моладзь за здаровы лад жыцця”, які адбыўся ў ККЗ “Іскра” ў мінулыя выхадныя.

У свяце здароўя прынялі ўдзел амаль усе школы раёна: рыхтавалі на выбар выступленне агітбрыгад або каманд па чырлідынгу, складалі тэматычныя вершы, малявалі агітацыйныя ўлёткі, запісвалі мультымедыйныя прэзентацыі.

– «Сердце бьётся в ритме века для здоровья человека!», – дружна скандзіравалі ўдзельнікі агітбрыгады Валкалацкай СШ “Гарачыя сэрцы”, якія першымі выйшлі на сцэну. Ад іх і добрая парада – казаць усім “Прывітанне!” Пра карысць здаровага стрававання спявалі актыўныя дзяўчаты з Сітцаўскай СШ. Запальчым выступленнем яны поўнасцю пацвердзілі назву сваёй каманды – “Пазітыў”. Сітцаўскія прыхільніцы здаровага ладу жыцця пазнаёмілі прысутных з новым відам фітнесу “Зумба”, некалькі элементаў з якога тут жа развучылі з гледачамі. Даспадобы прыйшоўся і карысны пачастунак ад “Пазітыву” – цёплая какава з малаком. Менавіта Сітцаўская СШ была прызнана лепшай у конкурсе агітбрыгад.

Упершыню конкурс школьных каманд па чырлідынгу прайшоў у мінулым годзе. Сёлета ў ім прымала ўдзел яшчэ большая колькасць ахвотнікаў прадэманстраваць свае здольнасці ў гэтым відзе спорту. Журы было вельмі не проста вылучыць сярод дзесяці каманд лепшых. Падчас выступленняў улічваліся час, патрабаванні да знешняга выгляду, выхад і сыход са сцэны, сінхроннасць, выкананне складаных частак праграмы. У складзе некаторых чырлідынгавых суполак былі не толькі дзяўчаты, але і хлопцы, на якіх у прамым сэнсе слова “трымаліся” некаторыя трукі. Пачуўшы знаёмыя гукі сучасных хітоў, пад якія акрабатычныя і гімнастычныя элементы выконвалі каманды-ўдзельніцы, гледачы падпявалі і ў запале ўскоквалі з месцаў. Ад фізічных магчымасцей чырлідараў і іх смеласці захоплівала дух. Але конкурс ёсць конкурс, і журы трэба было вылучыць мацнейшых. У выніку спартыўнага паядынку Дыпломы за трэцяе месца атрымалі каманды Парплішчанскай і Барсукоўскай СШ, за другое – Параф’янаўскай СШ і СШ № 2 г. Докшыцы. Пераможцамі сталі ўдзельнікі каманды СШ № 1 г. Докшыцы “Nota bene” (з лац. – “звярніце ўвагу”).

Дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама таксама былі ўзнагароджаны пераможцы і прызёры конкурсу паэтычных твораў на тэму “Выбірай жыццё!”: І месца – Настасся Шнітко з Тумілавіцкай ДССШ, ІІ месца – Валерыя Шавель з СШ № 1 г. Докшыцы, ІІІ месца – Лізавета Міхмель з Крулеўшчынскай СШ і Яўген Рачыцкі з Гняздзілаўскай ДСБШ. Аўтарамі лепшых агітацыйных улётак на тэму “Быць здаровым – здорава” сталі: І месца – Павел Януковіч з Валкалацкай СШ, ІІ месца – Мікіта Пятровіч і Дзмітрый Якімовіч з Барсукоўскай СШ, ІІІ месца – Настасся Падляшчук з Сітцаўскай СШ і Дзмітрый Пракаповіч з СШ № 1 г. Докшыцы. У конкурсе відэаролікаў і мультымедыйных прэзентацый “Здароўе – наш выбар!” І месца ў Марыі Дземідовіч (Глінская СШ), ІІ месца ў Яўгеніі Цяслёнак і Дар’і Крывічанінай (Крулеўшчынская СШ), ІІІ месца ў Крысціны Сварцэвіч (Параф’янаўская СШ). Пераможцы завочных конкурсаў атрымалі падарункі, спонсарам якіх стала раённае аб’яднанне “Чырвоны крыж”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

[nggallery id=142]

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *