Ткачихе Анне Козел из Докшиц до сих пор снится Лакинская фабрика

IMG_5924Крыжык за крыжыкам укладаюцца па канве шчыльна і акуратна. Вось так, на каленях майстрыхі Ганны Козел нараджаецца новая вышываная карціна. За карпатлівай справай непрыкметна гадзіна змяняе другую. Ганна Іванаўна на хвіліну адкладвае работу на канапу, заплюшчвае вочы і думкі-ўспаміны вяртаюць яе ў далёкае мінулае.
…Ясна згадваецца, як пасля школы яна, Ганначка Пятровіч з Дубавога, разам з яшчэ трыма дзяўчынамі рызыкнулі і паехалі вучыцца у няблізкі свет – горад Лакінск Уладзімірскай вобласці. Як паступіла ў вучылішча, што рыхтавала ткачых. Як потым патрапіла на працу на Лакінскую прадзільна-ткацкую фабрыку. Што ж гэта было за прадпрыемства! Вясковая дзяўчына і ў марах не магла ўявіць, што на дванаццаць гадоў яна стане адной з некалькіх тысяч работнікаў фабрыкі.
Працавалі тады ў тры змены, але, калі было трэба, падмянялі адна адну без угавораў. Раздаваўся ранкам завадскі гудок, і сэрца напаўнялася радасцю ад адчування сябе часткай вялікага вытворчага працэсу. У прадзільным цэху, які быў перадапошняй прыступкай вытворчага цыкла тканіны, кожная з прадзільшчыц пільна сачыла, лічы, за тысячай верацён. Нельга было даз­воліць супыніцца працэсу. Абарвецца нітка – хуценька злучыш, абмахнеш машыну, ставіш роўніцу і далей, далей…А побач у цэху на некалькі соцень метраў удаўжыню такія ж дзяўчаты-працаўніцы – усе ў халаціках і белых хусцінках.
І як на ўсё хапала часу? Яшчэ ж і камсамолка была шчырая, актыўная. Трэба ў двухдзённы паход на лыжах – калі ласка, у першых радах з заплечнікам і на трыццаць кіламетраў шляху. Слізгаюць лыжы дзяўчыны па чужых палетках, а на па­мяць прыходзіць роднае Дубавое, адкуль вось гэтак жа на лыжах разам з братам, які потым стане трэнерам па зімовых відах спорту, накіроўваліся ў школу. Мароз мацнее, а на душы цёпла-цёпла.
Сумавала Ганна па Докшыччыне. Кожны водпуск ехала ў родную вёску да бацькоў. Абавязкова везла гарадскія гасцінцы, сёе-тое з рэчаў. А потым птушкай ляцела на родную фабрыку, бо гэта была яе справа. І лепшай, потым, за жыццё, ужо не зведала.
Замужжа прынесла свае турботы і клопаты, нарадзіўся першынец Сярожа. Усю душу і сэрца ўкладала ў сям’ю. Было ўсё неабходнае для дабрабыту: жыллё, добры заробак, павага на працы. Але не трымала гэта галаву сям’і дома. Інтарэсы былі зусім іншыя. Не адзін год прайшоў, пакуль Ганна зразумела, што не будзе жыццё добрым. У адзін дзень рашылася, кінула ўсё нажытае, а галоўнае – любімую да самазабыцця працу і вярнулася на радзіму. Хапала і папрокаў, і цікаўных поглядаў, маўляў, чаго вярнулася. Толькі не зважала яна надта на гэта. Па спецыяльнасці работы не было, уладкавалася рабочай у меліярацыю, расціла сына, увесь вольны час праводзіла з бацькамі. Лёс пашкадаваў жанчыну і паслаў Ганне Іванаўне спагадлівага гаспадара і мужа, а затым і дачушку Любу. Жыццё ішло сваім чынам, але ў моманты асаблівай тугі па былой справе жанчына адразу садзілася за швейную машынку. Шыла ўсё і ўсім: дзецям, сабе, суседзям, сябрам. У роднай вёсцы казалі, што гэта ў яе ад бабулі-фінкі Ганны, ў якую дзядуля Ягор закахаўся падчас вайны і прывёз у Дубавое. Бабуля Ганна шыла рэчы не толькі вельмі дабротныя, але і з не характэрнымі для нашай мясцовасці аздабленнямі. Нават з кавалка не вельмі прывабнага яна магла змайстраваць рэч вытанчаную і не пазбаўленую густу. Вось і імем ад бабулі ў спадчыну надзялілі.
Калі ж надакучвае шыць, Ганна Іванаўна бярэцца за вязанне: камізэлькі, кофтачкі, сукенкі, не кажучы ўжо пра ўсялякую дробязь, якой безліч. Калі ж казаць пра вышыўку, то перавага за прыроднымі матывамі. Уба­чыць у часопісе малюнак, падбярэ ніткі – і наперад. Вышываныя карціны ўражваюць памерамі і цеплынёй, яркімі фарбамі і любоўю да ўсяго жывога і роднага. Але не ўбачыш усіх работ у кватэры майстрыхі, бо сталі яны бясцэннымі падарункамі для родных і сяброў. Многія можна было пабачыць на агульных выставах у раённым Доме рамёстваў. Не шкадуе гэта шчырая жанчына з цёплым позіркам сваёй працы, дзеліцца ад душы тым, што зроблена рукамі. “Няхай на добрае ўсім будзе – і мне, і дзецям, і ўнукам, і сваякам – мая праца. Нічога, акрамя шчырага дзякуй, у адказ не чакаю”…
Схамянецца Ганна Іванаўна ад думак-успамінаў і зноў прымаецца за вышыванку. Што з крыжыкаў зложыцца на гэты раз? Сцежка да роднай хаты ў Дубавым, якая пасля адыходу матулі жыве і кожнае лета стараннямі сям’і Ганны Іванаўны патанае ў кветках, ці Лакінскі краявід з абрысамі некалі магутнай фабрыкі – пакажа час. Адно толькі вядома загадзя – гэта будзе прыгожая і яскравая работа, на радасць не толькі сабе, але і людзям.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Здесь iatp.kz музыка скачать бесплатно и без регистрации в хорошем качестве мп3

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *