В Докшицах осваивают спочан

IMG_4579У мінулым годзе ў докшыцкіх вучняў з’явілася магчы­масць пазнаёміцца з новым відам спорту — спачан. Гэта спартыўнае спаборніцтва на бяспечных мячах прыйшло да нас з Японіі і знайшло шмат прыхільнікаў у Беларусі.
– У нашай краіне спартыўная чанбара пачала развівацца нядаўна, – дзеліцца трэнер-педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Віталь Сапрыкаў. – Асабіста я валодаю тэхнікай ушу, гэта мне дапамагло спасцігнуць і азы японскай барацьбы, якія цяпер перадаю сваім выхаванцам. У мінулым годзе мы набралі групу хлопчыкаў малодшых класаў, з якімі неаднаразова ўдзельнічалі ў турнірах па спачан, што праходзілі на базе санаторыя “Лясное”.
Трэніроўкі адбываюцца па два разы на тыдзень у спартыўнай зале СШ № 2 г. Докшыцы. На пачатку – абавязковая 45-хвілінная размінка, якая складаецца з практыкаванняў для агульнага развіцця і футболу. А потым па чарзе вывучаем прыёмы японскага бою на мячах і напрацоўваем вопыт.
У снежні докшыцкая каманда прыняла ўдзел у першынстве Віцебскай вобласці па спачан, якое адбылося ў Глыбокім, і прадэманстравала на ім годную падрыхтоўку. Першыя месцы ў сваёй узроставай катэгорыі заваяваў вучань 2 “А” класа СШ № 2 г. Докшыцы Павел Шкелка, які перамог сапернікаў у двух відах паядынкаў – татэ-кадаці (шчыт і меч) і цёкен-маратэ (двухручны меч). Другое месца на кароткіх мячах (кадаці) заваяваў вучань 2 “А” класа СШ № 1 г. Докшыцы Павел Рандарэвіч. Ён жа атрымаў перамогу і ў барацьбе за трэцяе месца на татэ-кадаці. Срэбраны медаль атрымаў на спаборніцтвах вучань 7 “Б” класа СШ № 2 г. Докшыцы Вадзім Вайцяховіч. Бронзавыя медалі прывезлі з Глыбокага вучні 5 “Б” класа СШ № 2 г. Докшыцы Дзмітрый Казімірчык і Павел Грудзінскі, а таксама вучань 2 “А” класа СШ № 1 г. Докшыцы Павел Суднік.
У традыцыйным паядынку чэмпіёнаў удзельнічаў Павел Шкелка, які выйграў у пераможца кадаці і стаў Гранд-чэмпіёнам. Акрамя Дыпломаў і медалёў самыя малодшыя ўдзельнікі атрымалі ў падарунак цацкі. Усяго ў спаборніцтве прынялі ўдзел пяць каманд Віцебскай вобласці.
НА ЗДЫМКУ: падчас трэніроўкі па спартыўнай чанбары. Задача спартсменаў – трапіць у любую частку цела саперніка баявой часткай сваёй зброі.

Спачан у Беларусі з’явіўся толькі тры гады таму. Яго перавага ў тым, што ён даступны і цікавы для дзяцей любога ўзросту і фізічнай падрыхтоўкі. Нягледзячы на ўяўную рэалістычнасць паядынку, у ім можна знайсці гульнявыя элементы. Мячы ў спачане абсалютна бяспечныя. Гэта камеры з лёгкай гумы, напоўненай паветрам і абабітай бавоўнай. Таму траўматызм тут выключаны. У экіпіроўцы спартсмена – толькі шлем. Пачынаюць займацца спартыўнай чанбарай з пяці гадоў.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *