На первом новогоднем балу в Докшицах танцевали падеграс (+ ФОТО, ВИДЕО)


img_8215Вечар напярэдадні старога Новага года ў райцэнтры быў адзначаны цудоўным, вельмі прыгожым і велічным мерапрыемствам – гарадскім балем, што адбыўся ў фае ККЗ “Іскра”. Дзевяць пар, якія адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у танцавальным свяце, з’ехаліся з розных куточкаў Докшыччыны. Дамы і кавалеры вывучылі палацавы этыкет, моду старадаўніх часоў і, канечне ж, бальныя танцы, якія, безумоўна, сталі адметнасцю свята. Кіравалі балем распарадчык і гаспадыня, а ўдзельнікі і госці кружылі па зале пад гукі паланэза, падэграса, вальса, полькі.
Прысутныя з задавальненнем гулялі ў “фанты”, атрымлівалі ў падарунак жартоўныя прызы ад бяспройгрышнай латарэі, варажылі на лёс. Праз тэатралізаваную замалёўку навучэнцаў тэатральнага аддзялення Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага ўсе даведаліся аб правілах паводзін у мінулыя часы. Таксама цікавым было знаёмства з мовай веераў і мушак, з тагачаснай модай і прычоскамі. Асаблівую рамантычную атмасферу на працягу ўсяго вечара стваралі настаўнікі і выхаванцы ДШМ, у выкананні якіх гучалі музычныя нумары, што ў большасці суправаджаліся акампанементам “жывых” інструментаў: скрыпкі, гітар, флейты, фартэпіяна. Сваё творчае майстэрства дарылі прысутным харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі і вакалісты ГЦК. Падчас мерапрыемства можна было не толькі павальсаваць, але і адпачыць у бары з кубачкам гарбаты або пакінуць прызнанне ў пачуццях на “Пошце пажаданняў” ці зрабіць сэлфі ў спецыяльна-арганізаваных фотазонах. Невялічкія атрыбуты балю, а таксама калядныя сувеніры прапаноўвалі работнікі раённага Дома рамёстваў.
Напрыканцы чароўнага вечара кожная пара-ўдзельніца атрымала сваё ганаровае званне. Асобнымі прызамі ад раённай Федэрацыі прафсаюзаў былі адзначаны сем’і Таццяны і Дзмітрыя Стадольнікаў і Наталлі і Віктара Каляды, ад РК ГА “БРСМ” – дуэт настаўнікаў СШ № 1 г. Докшыцы Аксаны Дорц і Аляксандра Зямчонка. Падзяку ад арганізатараў мерапрыемства атрымала Наталля Цімафеева, якая ўпрыгожыла многіх дам вечара мудрагелістымі прычоскамі. Фіналам гарадскога балю стала абвяшчэнне яго караля і каралевы, якімі сталі Вольга і Алег Жалткевічы.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Падчас балю дамы маглі атрымліваць па некалькі запрашэнняў на танцы. Каб нікога не пакрыўдзіць і не стаць гераіняй скандалу, дама брала з сабою маленькую кніжачку – агенду, у якую запісваліся імёны і чэргі танцораў.

Баль – школа зносін

Адпаведна з абставінамі, модніцы выкарыстоўвалі “мушкі”. Так, на скроні ля вачэй накладная радзімка азначала гарачы нораў дамы, на верхняй губе – какетлівы, на носе – дзёрзкі, на шчацэ – схільнасць да галантных прыгод.
Ад чужых поглядаў дзяўчына закрывала твар веерам. “Мова веера» – асаблівы сакрэтны код кавалераў і дам. Каб сказаць камусьці «так!», варта было прыкласці адкрыты веер левай рукой да правай шчакі. Калі “не!” – то правай рукой да левай шчакі.
Указаць правай рукой закрытым веерам на сэрца – значыць, прызнацца ў каханні.
«Я да вас не адчуваю сімпатыі» – адкрыць і закрыць веер, трымаючы яго перад вуснамі.
«Я хачу з вамі танцаваць» – адкрытым веерам махнуць некалькі разоў да сябе.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *