Парафьяновские артисты из Докшицкого района живут насыщенной театральной жизнью

123-0002

Сцэна са спектакля “Трыбунал”. Ролі выконваюць: Тадэвуш Цягуновіч і Эмілія Немкаловіч.

Напэўна, у кожнага з нас час ад часу ўзнікаюць думкі пра тое, што ў жыцці хацелася б рэалізаваць свае здольнасці і паспрабаваць сябе і ў іншай прафесіі. Найлепшае выйсце ў такой сітуацыі – запісацца ў якое-небудзь аб’яднанне па інта­рэсах, дзе можна раскрыць і рэалізаваць свае творчыя задаткі.

Такім спосабам самарэалізацыі актыўна карыстаюцца параф’янаўскія вяскоўцы, якія з задавальненнем наведваюць драматычнае аб’яднанне ў мясцовым СДК, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Віктар Арлоўскі.

А пачалося ўсё ў 2002 годзе, калі Віктар Феліксавіч перайшоў з Юркаўшчынскага клуба ў Параф’янаўскі. З прапановай стварыць драматычны гурток звярнуліся да яго апантаныя тэатральнай творчасцю настаўніцы мясцовай школы: Эмілія Немкаловіч і Алена Жданько. Яны прывялі ў клуб шмат знаёмых і сяброў, якія з задавальненнем згадзіліся ўдзельнічаць у пастаноўках. Слушнымі парадамі дапамагаў былы ўчастковы інспектар Тадэвуш Цягуновіч, які ў выніку стаў адным з вядучых артыстаў тэатра. Першае выступленне – навагодняя казка, на якую сабралася столькі людзей, што ў зале, разлічанай на 250 чалавек, не хапіла месца.

Ужо ў лютым самадзейныя артысты пачалі рэпетыцыі камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”. З гэтым спектаклем калектыў гастраляваў па ўсім раёне.

– На абласны агляд-конкурс аматарскіх тэатраў сельскіх устаноў культуры “Тэатральныя далягляды вёскі” мы везлі “Кошык весялосці”, – дзеліцца ўспамінамі Віктар Феліксавіч. – У аснове спектакля – сюжэты беларускіх камедый. За выкананне лепшай мужчынскай ролі журы адзначыла настаўніка Віктара Шпака і яшчэ некалькіх артыстаў. Пасля такога ўдалага выступлення наш драматычны калектыў удзельнічае ў аглядзе-конкурсе штогод і амаль заўсёды – з дыпломамі.

Шмат узнагарод мае старэйшы ўдзельнік тэатра Тадэвуш Цягуновіч. Самая запамінальная – за лепшую мужчынскую ролю ў спектаклі “Трыбунал”. Выступаць Тадэвушу Іосіфавічу прыйшлося пасля складанай аперацыі, але ён, як сапраўдны артыст, не мог падвесці калектыў. Яго артыстызм, майстэрства выканання, а таксама дапамога ў рэжысуры – неад’емная частка поспеху трупы на конкурсах.

За выкананне лепшай мужчынскай ролі ў спектаклі “Мікітаў лапаць” адзначаўся Іван Жукаў. Выступленні на тэатральных падмостках вырашылі лёс Надзеі Прыдатка, якая скончыла Універсітэт культуры і зараз працуе ў Брэсцкім палацы культуры. Сярод самых актыўных самадзейных артыстаў параф’янаўскага тэатра настаўнікі Тамара Жукава, Алена Жданько, Вольга Арлоўская, былы ўчастковы інспектар, а зараз дырэктар мясцовага СДК Аляксандр Кучыц, начальнік чыгуначнай станцыі Галіна Лакуцэвіч, банкаўскія работнікі Людміла Нядвецкая і Таццяна Матошка, культработнікі Вікенцій Скараход, Андрэй Воранаў, Святлана Пашкоўская, Валянцін Салаўёў, а таксама Інэса Вагнер, Павел Азарэвіч, Віктар Жданько, Яўген Грыгаровіч, Святлана Цягуновіч і шмат іншых.

– Калі ў спектаклі ўсім ахвочым, бывае, не хапае роляў, то на навагоднія святы збіраецца за трыццаць удзельнікаў, – усміхаецца Віктар Арлоўскі.
У скарбонцы драматычнага калектыву спектаклі “Прымакі” Я. Купалы, а таксама “Асцярожна, жанчыны!” А. Курэйчыка.

Сёлета драматычнае аб’яднанне распачало падрыхтоўку да новага спектакля. Яго назва пакуль трымаецца ў сакрэце. Спадзяёмся, што з яго прэм’ерай параф’янаўскія артысты выступяць і на докшыцкай сцэне.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *