С Днём знаний учеников СШ №2 г. Докшицы поздравил Владимир Андрейченко
Учора 2328 хлопчыкаў і дзяўчынак Докшыцкага раёна селі за парты. Упершыню школьны званок празвінеў для 222-х першаклашак. Ва ўсіх установах адукацыі адбыліся ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў. Асаблівай падзеяй гэты дзень стаў для СШ №2 г. Докшыцы, бо павіншаваць дзяцей і педагогаў на свята завіталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Алег Пінчук.
– Развіццю адукацыі надаецца асаблівая ўвага ў нашай краіне, бо ад яе залежыць эканоміка, стабільнасць і бяспека, – падкрэсліў Уладзімір Паўлавіч у сваім выступленні. – Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Перыяд з 2002 па 2007 гады – асаблівы, бо ў гэты час было прынята шмат заканадаўчых актаў, якія датычацца развіцця адукацыі. У 2010 годзе быў прыняты Кодэкс аб адукацыі, якога няма ні ў адной краіне на постсавецкай прасторы. Сёння нашы маладыя людзі маюць выдатную магчымасць вучыцца, развіваць свае здольнасці, знайсці сябе ў пэўнай прафесіі і быць запатрабаванымі ў жыцці.
Ён як станоўчы факт адзначыў, што больш за 50 працэнтаў выпускнікоў другой гарадской школы паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. І ў гэтым вялікая заслуга педагагічнага калектыву.
Свята не бывае без падарункаў. Дырэктару школы Івану Шкелку Уладзімір Андрэйчанка ўручыў тэлевізар.
Удзячнасць педагогам выказаў старшыня райвыканкама Алег Пінчук. Ён зазначыў, што ў Віцебскай вобласці толькі чатыры раёны, у якіх выпускнікі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне на 100 балаў. Докшыцкі ў іх ліку. Алег Леанідавіч пажадаў вучням стараннасці і цярпення ў авалоданні ведамі.
Вучням на новы навучальны год даў бласлаўленне протаіерэй Георгій Мялешка. Закончылася ўрачыстая частка і празвінеў школьны званок, які паклікаў дзяцей на першы ўрок “Беларусь – мая Радзіма”. Першаклашкі ў суправаджэнні будучых выпускнікоў накіраваліся ў краіну ведаў. На сваім першым уроку ўчарашнія дашкольнікі атрымалі кнігі ад Прэзідэнта. Уручыў іх высокі госць – спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка.
Тэкст и фота Таццяны ПАДБЯРЭЗКАЙ.