Помнік ахвярам фашызму з надпісамі на роднай мове знаходзіцца ў Докшыцкім раёне

img_5531Падчас чарговай камандзіроўкі па вёсачках раёна прыпыніліся каля помніка, размешчанага акурат на ўездзе ў вёску Кліннікі, што на Бягомльшчыне. Перад вялізным валуном, у цені бярозак, занатаваны прозвішчы мірных жыхароў Кліннікоў і Гарэ­лага. Яны былі спалены праз два гады ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны — 22 чэрвеня 1943 года падчас карнай аперацыі “Котбус”. Прыемна ўразіла адна асаблівасць гэтага помніка: і словы нашчадкаў, і прозвішчы ахвяр напісаны на ім па-беларуску. На нашай памяці гэта ці не адзіны ваенны помнік у раёне з такой адметнасцю. Калі хто з чытачоў бачыў яшчэ, паведаміце пра гэта, калі ласка, у рэдакцыю.

Як распавяла навуковы супрацоўнік Бягомльскага музея народнай славы Ала Каралевіч, помнік у Клінніках сучасны, ён быў створаны каля васьмі гадоў таму. З ініцыятывай занатаваць у вечнай памяці факт жудаснай расправы над мірнымі жыхарамі выступіла адна з ураджэнак вёскі, якая зараз пражывае ў Бягомлі, Галіна Ціханавец. Сельскі савет і музей справу гэту падтрымалі, садзейнічаў таксама сельгасфіліял “Бягомльскі”. Акурат каля помніка ўстаноўлены паклонны крыж. У мінулым годзе, 22 чэрвеня, на гэтым месцы айцец Валерый Цімкоў адслужыў малебен у памяць пра бязвінна загінулых.

Трагедыя вёсак Гарэлае і Кліннікі, якія пасля вайны здолелі аднавіцца, у памяці нашчадкаў жыве і зараз.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *