Крулевщинские туристы из Докшицкого района вновь взяли золото

img_4849
У мінулыя выхадныя бераг возера Медзазол у чарговы раз вітаў шаснаццаць каманд аматараў сонца, свежага паветра, страў са смакам дымку і душэўных песень пад гітару ля вогнішча. Тры дні раённага турыстычнага злёту сабралі разам не проста супрацоўнікаў, а сяброў, сапраўднасць якіх якраз і праверылася падчас спаборніцтваў. Удзел у мерапрыемстве зборных, аб’яднаных з розных арганізацый і прадпрыемстваў, каманд – гэта ўжо традыцыя. Па водгуках членаў каманд, нават дождж, вецер і іншыя навалы прыроды ніколькі не перашкаджалі адпачынку і станоўчым эмоцыям.
На здымку — каманда-пераможца «Крулеўшчынскі экспрэс».
У першы дзень, раскінуўшы рознакаляровыя крылы палатак, спаборніцтвы распачаліся праходжаннем кантрольна-турустычнага маршруту і гульні ў валейбол. Увечары – бясспрэчна, самы эмацыянальны, вясёлы, запамінальны конкурс мастацкай самадзейнасці. Што цікава: той, хто дагэтуль ніколі не спяваў, на ім абавязкова вынайшаў у сабе вакальныя здольнасці, хто не танцаваў – паказаў суперклас, а ў таго, хто не іграў на музычных інструментах – у руках загучалі і спадручныя сродкі. Некаторыя так захапіліся, што, напрыклад, пад гукі трубы каманды “Электрасіла” лагер абуджаўся на працягу ўсяго часу. Пераможцамі ў “музыкалцы” сталі СШ № 1
г. Докшыцы, “Крулеўшчынскі экспрэс” і каманда райвыканкама.
Горна-пешаходная тэхніка, веласіпедны турызм, стральба з пнеўматычнага ружжа, начное арыентаванне – такія выпрабаванні чакалі турыстаў падчас спаборніцтваў. Самым экстрэмальным, а таму і запамінальным стаў трыатлон – вада ў возеры яшчэ не нагрэлася да патрэбнай тэмпературы, а таму была суперастуджальнай для ўдзельнікаў.
Шакіраваў журы (а інакш і не скажаш) конкурс страў. Турысты-кулінары прадставілі сапраўдныя цуды са звычайных прадуктаў, напрыклад, у выглядзе жар-птушкі і русалкі, турыстычнага лагера і цягніка. У ацэнцы страў улічваліся не толькі іх смак і прыгажосць, але і арыгінальнасць прадстаўлення. Пераможцамі кулінарнага конкурсу назвалі райвыканкам, “Электрасілу” (Докшыцкі РГЗ, Докшыцкі РВЭС, Докшыцкі РЭС) і хлебазавод.
Тэма паходнай газеты сёлета адпавядала аб’яўленаму ў Беларусі Году навукі. Аб’яднаная каманда Парплішчанскай, Барсукоўскай і Бярозкаўскай школ – ББП – сабралі адказы на пытанне “За што я люблю турзлёт?” ТЦСАН прапанаваў атрымаць кожнаму турыстычны дыплом. Найлепшай прызнана газета каманды ГТП.
У конкурсе быту, які з’яўляецца адным з галоўных на мерапрыемстве, бо дэманструе культуру адпачынку, у ліку лепшых вылучаны зборная каманда Гняздзілаўскай ДСБШ і ДП “Гняздзілава-Агра”, раённага выканаўчага камітэта і СШ № 1 г. Докшыцы.
Традыцыйна, спецыяльнымі прызамі былі адзначаны самыя актыўныя ўдзельнікі турзлёту. Ад раённага аб’яднання прафсаюзаў падарунак за перамогу ў горна-пешаходнай тэхніцы атрымаў “Крулеўшчынскі экспрэс”. Лепшымі ў першынстве па валейболе на прызы ад раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” адзначылі таксама “Крулеўшчынскі экспрэс” і ўдзельніка гэтай каманды Івана Грыгор’ева, а таксама Наталлю Жалюбчык з гняздзілаўскай суполкі. Меткіх стралкоў – Сяргея Лісіцу, Аляксандра Варанкевіча і Эдуарда Добыша – узнагародзіў РК ГА “БРСМ”.
Па агульнай суме балаў званне лепшай каманды раённага турзлёту-2017 адстаяў мінулагодні пераможца – “Крулеўшчынскі экспрэс”. На другім месцы – аб’яднаная каманда ББП, на трэцім – СШ № 1 г. Докшыцы.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *