Сколько стоит собрать ребёнка в школу?

izobrazhenie-281Да пачатку новага навучальнага года застаецца месяц, а значыць, бацькам час спяшацца з набыццём усяго неабходнага для сваіх дзяцей-школьнікаў. Адны аддаюць перавагу прапановам рынку, другія – на закуп ідуць выключна ў крамы спажывецкай кааперацыі: маўляў, вытворца вядомы і якасць правераная. Справа гэта асабістая. Мы таксама накіраваліся ў крамы райцэнтра з мэтай пацікавіцца асартыментам адзення і абутку, іх коштам і наяўнасцю памераў, а таксама выбарам канцылярыі для малодшага пакалення.

Не хочацца даваць залішніх ацэнак, але выбар школьных канцылярскіх прынад у краме спажывецкай кааперацыі “Эрудыт” сёлета павінен парадаваць самае прыдзірлівае бацькоўскае вока. На паліцах няма ніводнага вольнага месца, усё закладзена і завешана рознакаляровымі альбомамі, пеналамі, папкамі. Выдатны выбар прадметных сшыткаў. Маецца таксама каля 30 мадэляў рукзакоў і сумак. Самыя бюджэтныя цэннікі – ад 10 рублёў. Кошт рукзака вытворчасці фабрыкі “Галантэя” пачынаецца ад 40 рублёў, самы дарагі каштуе 58. У краме павялічылася колькасць дапаможнікаў, кніжак і дзіцячых гульняў на беларускай мове. Загадчыца Алена Лескоўская адзначае, што ў апошнія дні пакупнікоў стала больш, некаторыя прыходзяць нават са спісамі ўсяго неабходнага. У сярэднім на набыццё школьнай канцылярыі на аднаго чалавека трэба аддаць 50-60 рублёў.
У краме «Дзіцячы свет» адзенне для школьнікаў размешчана на самым бачным месцы. Вытворцы айчынныя: “Палессе”, “Калінка”, “Купалінка”,
“8-га сакавіка”, “Світанак”, брэсцкі панчошна-шкарпэткавы камбінат і інш.
Дзяўчынкам прапануюць камплекты камізэлька плюс спаднічка коштам ад 38 да 52 рублёў. Самы звычайны чорны трыкатажны сарафан каштуе ад 13 да 25 рублёў. Даражэйшыя мадэлі – ад 35 рублёў і вышэй. У краме нядрэнны выбар блузак і трыкатажных кофтачак. Іх кошт пачынаецца ад 10-13 і да 40 рублёў. За 35-40 рублёў можна набыць і класічныя штаны для дзяўчынкі. Іх кошт для хлопчыка ад 23 рублёў, а найбольш танны касцюм абыдзецца бацькам у 86 рублёў. Мадэль на падлетка каштуе ўсе 136. Да іх шырокая колеравая палітра кашуль коштам у 25-35 рублёў. Маюцца ў асартыменце спартыўнае адзенне — паасобку і касцюмы, бялізна, калготкі, шкарпэткі.
Падчас агляду асартыменту за гэтай жа справай заўважыла матулю, бабулю і хлопчыка з дзяўчынкай. Малая бегала з прымерачнай у прымерачную, дэманструючы сям’і школьныя ўбранні, старэйшае пакаленне вывучала этыкеткі і разважала наконт складу тканіны. Разгаварыліся. Высветлілася, што ў докшыцкай краме апранаюць сваіх дзяцей масквічы. Сям’я Калягаў некалькі год запар здымае на лета ў раёне жыллё, а пад канец адпачынку закупляе беларускія рэчы для двух школьнікаў. Маці Яна Станіславаўна, на маё здзіўленне, — няўжо ў мегаполісе не хочаце набыць дзецям рэчы, адназначна выказалася, што ім падабаецца якасць беларускіх вытворцаў і вытрыманы дзелавы стыль дзіцячага адзення.
Што тычыцца абутку, то пакуль яго выбар менавіта для школьнікаў не надта вялікі. Хіба шмат мадэляў для спартыўных заняткаў. Але прадавец крамы Таццяна Пруднік запэўніла, што літаральна на тыдні чакаецца паступленне абутку гандлёвых марак “Шагавіта”, “Нёман”, “Марка”. Да таго ж з’явяцца новыя мадэлі адзення для хлопчыкаў.
Як вынікае нават з прыведзеных у артыкуле лічбаў, сабраць дзіця ў школу – справа даволі дарагая.
Мы звярнуліся да першага намесніка старшыні райста Таццяны Каляга з пытаннем, ці прадугледжана растэрміноўка плацяжу за тавары для школьнікаў:
– У мінулыя гады мы карысталіся гэтай сістэмай, аднак сутыкнуліся з праблемай нявыплаты грамадзянамі доўгу, – паведаміла Таццяна Мікалаеўна, – а таму сёлета ў крамах сістэмы райста тавар можна набываць у крэдыт пад пэўны працэнт на тэрмін ад трох да дзевяці месяцаў. Пакупнік выбірае неабходны тавар, у тым ліку і ў згаданай краме для дзяцей, затым з даведкамі аб даходах сваіх і паручыцеля звяртаецца ў райста для афармлення і, у выніку станоўчага рашэння, забірае тавар з крамы.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *