Белорусскому республиканскому союзу молодёжи в этом году – 15 лет

img_1744Сёлета 15-годдзе адзначае самая шматлікая моладзевая грамадская арганізацыя краіны – БРСМ.
Менавіта 6 верасня 2002 года адбыўся 38-ы з’езд Беларускага патрыятычнага саюза моладзі і Беларускага саюза моладзі, на якім было прынята рашэнне аб аб’яднанні дзвюх арганізацый краіны ў адну – грамадскае аб’яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Створаная суполка стала пераемніцай лепшых традыцый сваіх папярэднікаў, якія ў свой час узначальвалі Валянціна Лабанава (Рандарэвіч), Генадзь Парцянка і Алена Модаль. Менавіта падчас кіраўніцтва Алены і адбылося аб’яднанне, а таму ініцыятыўная дзяўчына і стала першым сакратаром раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”. У справах грамадзянска-патрыятычнага выхавання мясцовай моладзі, яе працаўладкавання, развіцця валанцёрскага руху, культурнай арганізацыі вольнага часу Алене Модаль дапамагалі Святлана Спічонак (Ганчарэнка), Таццяна Гапанёнак і Ігар Ляйчынскі. Пры раённым камітэце быў створаны аператыўны моладзевы атрад дружыннікаў, які дзейнічае і цяпер, толькі змяніў сваю назву на моладзевы атрад аховы правапарадку (МААП). Пры падтрымцы райвыканкама працаваў моладзевы культурна-аздараўленчы цэнтр “Гранд”, інструктарам у якім быў Вікенцій Корда, а камп’ютарнай грамаце юнакоў і дзяўчат навучаў Дзмітрый Пятровіч. Пад кіраўніцтвам Наталлі Навіцкай (Сташэвіч) дзейнічала клубнае аб’яднанне юных карэспандэнтаў “ДзЮіМ”, нават выходзіла інфармацыйнае выданне “Докшыц-street”, выпускаць якое дапамагалі Святлана Броўка, Таццяна Дач, Вераніка Бягун, Вольга Лаос, Алеся Клімовіч, Вікторыя Корсак і журналіст Вераніка Пашэвіч.
Моладзевая суполка стала добрай школай у далейшай рабоце з людзьмі для Алены Таляронак, Святланы Лабынька, Таццяны Клігус, Таццяны Волгінай, Сяргея Шчалкунова, Дзмітрыя Чувахова і многіх іншых. Адны сакратары змянялі другіх, і толькі на адным працоўным месцы заставалася Таццяна Гапанёнак, якая ў моладзевы саюз трапіла яшчэ ў 1997 годзе (гэта быў БПСМ). І сёння многія актывісты грамадскага аб’яднання вельмі ўдзячны ёй за дапамогу, падтрымку і вопыт (стаж работы Таццяны Аляксандраўны ў моладзевых аб’яднаннях складае сямнаццаць гадоў).
Сёння РК ГА “БРСМ” – гэта 880 няўрымслівых, поўных крэатыву і запалу юнакоў і дзяўчат, з якіх – 391 вучань, астатнія – працоўная моладзь. Усе яны аб’яднаныя ў 52 пярвічкі. Трэці год моладзевай суполкай кіруе першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Асноўнымі накірункамі дзейнасці раённага камітэта з’яўляюцца падтрымка адоранай і таленавітай моладзі, рэалізацыя грамадзянска-патрыятычных і культурна-забаўляльных праектаў, удасканаленне руху МААП, студатрадаўскага, валанцёрскага рухаў, а таксама інфармацыйная работа.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’ядноўвае ў сваіх радах неабыякавых людзей, тых, хто не збіраецца сядзець склаўшы рукі, а выкарыстоўвае здольнасці для таго, каб зрабіць больш цікавым і яркім сваё жыццё і жыццё сваіх аднагодкаў. Работа з моладдзю заўсёды патрэбна грамадству, бо менавіта ў руках маладых — лёс будучыні, а значыць, і лёс нашай краіны.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *