«Материнская школа» работает в Докшицах

img_6311У любым калектыве кіраўніку лягчэй працаваць не ў адзіночку, а ў камандзе, якой давяраеш і якая давярае табе. Калі загадчыку яслей-сада № 1 ­г. Докшыцы Алене Падалец прапанавалі першымі ў раёне ўкараніць інавацыйны праект для груп кароткачасовага знаходжання ў дашкольных установах, яна спачатку разгубілася. Але, падзяліўшыся такой прапановай з калегамі і пачуўшы ад іх словы падтрымкі, згадзілася. Тым больш, што адной з першых на дапамогу маладому кіраўніку адгукнулася высакакласны спецыяліст установы, педагог з 35-гадовым стажам, музычны кіраўнік садка Таццяна Пруднік (на здымку).
– З Таццянай Аляксандраўнай працуем разам даўно, – дзеліцца Алена Аляксееўна. – Яна адказная і добрасумленная, а яшчэ ініцыятыўная і вельмі творчая. З любога, здаецца, звычайнага мерапрыемства ўмее зрабіць шоу. Дзякуючы ёй і іншым удзельнікам праекта, работа над ім не стаяла на месцы, а штодзень папаўнялася новымі ідэямі і прапановамі. Нездарма кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, а Таццяна Аляксандраўна не толькі добры музыкант. Багаты вопыт дазваляе ёй спалучаць у сабе здольнасці педагога, арганізатара, сцэнарыста, рэжысёра, касцюмера, харэографа, мастака.
У незвычайным, дзівосным, чароўным свеце мастацтва Таццяна Пруднік жыве з дзяцінства. Надзеленая тонкім музычным слыхам, на выдатна скончыла музычную школу, пасля чаго вучылася па спецыяльнасці “кіраўнік аркестра народных інструментаў”. У Докшыцы трапіла па размеркаванні, так і прыжылася тут. З 1982 года Таццяна Аляксандраўна развівае музычныя здольнасці малечы ў самым старэйшым садку райцэнтра. Яна вельмі любіць дзяцей, а таму ўдзячна лёсу, які наканаваў ёй працаваць у дашкольнай установе.
– Дзяўчынкі і хлопчыкі – гэта шчасце, радасць і пастаянная крыніца энергіі, – удакладняе музычны кіраўнік. – Яны першыя натхняльнікі ў любой справе. Хоць яны яшчэ і маленькія, але ў кожнага ёсць свае асаблівасці, якія вельмі дапамагаюць у падрыхтоўцы да ранішнікаў і канцэртаў.
Адметнасцю работы Таццяны Пруднік можна лічыць мюзіклы, якія штогод яна ставіць з дзеткамі старэйшых груп. Акрамя выхаванцаў садка, у музычных спектаклях удзельнічаюць нават бацькі. Вядома, што менавіта іх ацэнка работы калектыву дашкольнай установы самая скрупулёзная. А таму шчырыя апладысменты і падзякі пасля выступленняў дачок і сыноў – найлепшы індыкатар прафесіяналізму выхавацеляў і педагогаў. Дзякуючы ўменню Таццяны Аляксандраўны разгледзець музычны талент у сваіх выхаванцах, многія дзеці і ў далейшым працягнулі развіваць яго. І сёння нават па-за межамі раёна гучаць імёны вакалістак Ульяны Палячонак, Ганны Козел і інш.
Свой прафесіяналізм Таццяна Пруднік выдатна выкарыстоўвае ў рабоце “Мацярынскай школы”, якая дзейнічае ў рамках інавацыйнага праекта. Разам з Ліліяй Шаклюцкай, Аленай Бута і Аленай Батура яна старанна прадумвае кожны занятак, каб зацікавіць дзетак, дапамагчы хутчэйшай адаптацыі будучых выхаванцаў дашкольнай установы.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *