В Докшицах побывали участники фестиваля искусств белорусов мира

img_0893Я не ганю землі чужыя, –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе б за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Гэтыя пранікнёныя словы паэта Генадзя Бураўкіна сталі лейтматывам сустрэчы з беларускімі дыяспарамі з Расіі і Літвы, якія днямі наведалі наш раён. Мерапрыемства адбылося ў межах
ІІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Сёлета яго ўдзельнікамі сталі беларускія суайчыннікі з Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі і іншых краін. Сярод гасцей фестывалю — мастацкія калектывы і індывідуальныя выканаўцы, пісьменнікі і паэты, мастакі і фатографы.
Акрамя прэс-канферэнцый, творчых сустрэч, шматлікіх выстаў і канцэртаў па традыцыі адбываецца і падарожжа беларусаў свету па рэгіёнах краіны, падчас якога ладзяцца сумесныя канцэрты з мясцовымі творцамі.
Знаёмства з нашым раёнам распачалося з наведвання мемарыяльнага комплексу “Праклён фашызму”. Да слёз кранула гасцей тэатралізацыя таго жудаснага дня, у які фашыстамі была спалена вёска Шунеўка. Нават неба разам з артыстамі ўключылася ў дзею і кроплямі дажджу дадало ёй драматызму.
Мерапрыемства працягнулася ў ККЗ “Іскра”, дзе ўдзельнікаў фестывалю чакаў сумесны канцэрт з творчымі калектывамі Докшыччыны. У фае разгарнулася выстава майстроў раённага Дома рамёстваў, сувенірныя вырабы якіх з задавальненнем набываліся гасцямі. Вясёлымі беларускімі песнямі распачаў канцэрт ансамбль “Світанак” беларускага культурнага цэнтра “Крок” г. Вісагінаса Літоўскай Рэспублікі. Гледачам цяжка было ўсядзець на месцы пад заліхвацкія найгрышы музыкантаў: кожную песню яны сустракалі стоячы і шквалам апладысментаў. У выступленні народнага этнаграфічнага фальклорнага ансамбля “Вячоркі” з вёскі Вікулава Цюменскай вобласці адчуваліся пранікнёныя ноткі тугі па роднай Беларусі. Амаль усе песні гучалі без акампанементу. Артысты былі шчырымі на словы падзякі за цёплы прыём, за энергію, любоў і дабрыню, якімі назапасіліся падчас сустрэчы, і паабяцалі яшчэ не раз наведаць святую докшыцкую зямлю. На памяць замежныя калектывы атрымалі сувеніры, зробленыя мясцовымі майстрамі (на здымку). Разам з беларусамі свету ў канцэрце ўдзельнічалі народны ансамбль народнай песні “Раніца”, узорная вакальная студыя “Тоніка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, народны вакальны ансамбль “Вярба”, саліст народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” Валянцін Салаўёў і ансамбль “Кружева”.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *