Комиссия по делам несовершеннолетних Докшицкого райисполкома празднует своё 100-летие

img_0317У барацьбе з дзіцячай безнагляднасцю

Стогадовая гісторыя дзейнасці камісіі бярэ свой пачатак з далёкага 1918 года, калі 14 студзеня, у разгар грамадзянскай вайны, Уладзімір Ленін падпісаў Дэкрэт Савета Народных Камісараў аб яе стварэнні. Мера гэта была вымушанай – у краіне налічвалася вялікая колькасць безнаглядных дзяцей, якія мелі патрэбу ў кантролі. На час падпісання Дэкрэта іх было каля трох мільёнаў. Асноўнымі задачамі камісіі па справах непаўналетніх сталі не толькі барацьба з дзіцячымі правапарушэннямі, але і іх прафілактыка, а таксама ахова правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Паступова пашыраліся функцыі і паўнамоцтвы камісіі. У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў адзіную сістэму былі аб’яднаны ўсе органы, якія займаліся папярэджаннем правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Нягледзячы на стогадовы адрэзак часу, пастаяннае ўдасканаленне дзейнасці камісіі, яе галоўныя задачы застаюцца нязменнымі. Сёння КСН – гэта структура, якая абараняе правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, што знаходзяцца ў нядобранадзейным сацыяльным асяродку. Асноўная яе функцыя – каардынацыя дзейнасці органаў, устаноў, арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, выяўляюць і ўстараняюць прычыны і ўмовы, што ім садзейнічаюць. Таксама камісія ажыццяўляе меры па абароне, аднаўленні і рэалізацыі правоў і ўмоў законных інтарэсаў непаўналетніх. Адным з накірункаў яе дзейнасці з’яўляецца рэалізацыя плана па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Вядзецца таксама вялікая выхаваўчая і прафілактычная работа, ажыццяўляецца пільны кантроль за дзецьмі, якія ўступілі ў канфлікт з законам.
Камісія па справах непаўналетніх Докшыцкага райвыканкама складаецца з 15 чалавек. Гэта прадстаўнікі мясцовай улады, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай службы, райаддзела МНС, грамадскіх арганізацый. Старшынёй камісіі з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, намеснікам – Інеса Марчанкава. Як расказала Інеса Леанідаўна, нягледзячы на тое, што з часу стварэння першых камісій па праве непаўналетніх прайшло нямала часу, праблема дзіцячай безнагляднасці, непрытульнасці не знікла, толькі набыла іншыя маштабы і займела іншыя прычыны. Асноўнай прычынай дзіцячай бяды ў наш час з’яўляецца злоўжыванне бацькамі алкаголем. Надзейным і вельмі дзейсным інструментам у барацьбе з алкагалізмам і іншымі прычынамі нядобранадзейнасці стаў Дэкрэт Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. За 12 гадоў яго дзейнасці сітуацыя з дзіцячай безнагляднасцю змянілася карэнным чынам. І тут справа нават не ў тым, колькі сем’яў значыцца на прафілактычным уліку. Іх колькасць знізілася несумненна. Больш важна тое, што істотна змяніліся ў лепшы бок, калі так можна выказацца, крытэрыі вызначэння ўмоў, пры якіх сям’я прызнаецца нядобранадзейнай. Адышлі ў нябыт сітуацыі, падобныя да той, якая была ў Прудніках напачатку 90-х гадоў, калі тагачасны старшыня калгаса “Іскра” Уладзімір Шульгат асабіста вазіў на лячэнне ад алкагалізму некалькі дзясяткаў калгаснікаў, чые напаўраздзетыя дзеці галадалі з дня ў дзень. У гэты ж час старшыня Бярэзінскага сельвыканкама Іван Азевіч, калі прыйшоў на пасаду, пасля абследавання вымушаны быў паставіць на ўлік і назваць нядобранадзейнымі каля 30 сем’яў, умовы пражывання ў якіх для дзяцей былі вельмі цяжкімі. Зараз можна смела сказаць: такіх ужо няма. Адчулі сілу Дэкрэта і нядбайныя бацькі, якіх ужо не ўгаворваюць, а ў адпаведнасці з законам прымушаюць выконваць свае абавязкі па выхаванні дзяцей па прынцыпе: калі не можаце гадаваць самі – плаціце за гэта дзяржаве.
Дзякуючы камісіі, якая працуе ў цеснай сувязі з усімі суб’ектамі прафілактыкі, непаўналетнія знаходзяцца пад надзейнай абаронай дзяржавы. За час дзеяння Дэкрэта 116 дзяцей мелі ў ёй патрэбу. Пасля таго, як іх часова забралі ў бацькоў і памясцілі ў прытулак, дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і, бацькі 64 непаўналетніх змянілі свае паводзіны ў лепшы бок. Дзяцей ім вярнулі. На жаль, бацькоў 46 малых пазбавілі права на іх выхаванне. Лёс яшчэ шасці пакуль вырашаецца. 105 дзяцей знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму абстаноўка ў іх сем’ях пастаянна кантралюецца, у тым ліку ў час рэйдаў акцыі “Сям’я без гвалту”, якія праводзяцца кожны тыдзень. Члены камісіі і іншыя зацікаўленыя асобы правяраюць не толькі санітарны стан жылля, наяўнасць прадуктаў, тэмпературу ў доме, але і тое, чым занятыя дзеці, дзе бавяць свой вольны час.
Падобны пільны кантроль, як і іншыя формы і метады дзейнасці камісіі, мае адну мэту – захаваць сям’ю, у якой было б камфортна жыць будучым грамадзянам нашай краіны.

 

Як вяслуюць бацькі – так і жывецца дзецям

Лодка дзяцінства надзейна плыве пад ветразямі светлых мараў і шчаслівых падзей, а вяслуюць на ёй бацькі. Пад іх апекай малым утульна, радасна і спакойна. Ды так, на жаль, назіраецца не на ўсіх лодках пад назвай “сям’я”. Бывае, што раскачваюць іх халодныя, цёмныя хвалі п’янства, маральнага падзення і дэградацыі дарослых. Але кожны можа паспрабаваць выбрацца на бераг. Не страціць апошні шанц няўдалым веславым і дапамагае камісія па справах непаўналетніх у час сваіх пасяджэнняў. Летась іх адбылося 22, у тым ліку тры – выязныя.

Адно з іх праходзіла ў Крулеўшчынскай школе, куды для размовы і прыняцця канчатковага рашэння было запрошана некалькі нядобранадзейных бацькоў. Калі шчыра сказаць, то не пра ўсіх іх ёсць патрэба ўспамінаць у газетным артыкуле. Некаторыя яшчэ балансуюць на краю прор­вы, магчыма, знойдуць сілы не зваліцца туды. Для гэтай высновы ёсць падставы. Але немагчыма не ўспомніць пра некалькіх каларытных асоб, такіх як, напрыклад, Святлана Пятрашка і Васіль Антаневіч. Два разы шасцігадовая дачушка забіралася ў прытулак па прычыне іх беспрабуднага п’янства. Але нічога не можа адвадзіць іх ад чаркі. Сужэнцы – першыя кандыдаты на пазбаўленне баць­коўскіх правоў.

Алена Паляніна, якая прыйшла нават на пасяджэнне камісіі “пад шафэ”, зараз зноў закадзіравалася. Уся сям’я знаходзіцца ў напружаным чаканні: можа, на гэты раз кабета зразумее, што муж і дзеці важней за вясёлыя прыгоды пасля чарговай папойкі?

У апошні час канкурэнцыю п’янству пачынае складаць фенамен маці-зязюлі. Гэта жанчыны, якія нараджаюць дзяцей, але выхоўваць іх не жадаюць. Дакладней, не маюць патрэбы развітвацца з “халасцяцкім” жыццём. Яны не п’юць, але нідзе і не працуюць. Дзяцей часцей за ўсё глядзяць былыя мужы, а таксама бабулі, дзядулі і іншыя родныя. За якія сродкі жывуць самі матулі, можна толькі здагадвацца. У Крулеўшчыне гэта Даша Новікава. Маладая, сімпатычная, мае паўтарагадовага сыночка. Хлопчык пакуль знаходзіцца ў доме сямейнага тыпу. Даша ў гультайстве апусцілася да такой ступені, што ў добраўпарадкаванай трохпакаёвай кватэры не прыбірае нават за сабой рэчы асабістай гігіены. Алена Пацехіна з Барсукоў – жанчына акуратная, але настолькі занятая сваім асабістым жыццём, у якім працаўладкаванню таксама няма месца, што не ведае, дзе сярод ночы знаходзіцца яе дачка-школьніца.

Разгляд на камісіі паводзін падобных людзей патрабуе ад яе членаў часу, нерваў, але справа будучыні дзяцей — дастойная таму кампенсацыя.

Марыя Несцяровіч, Галіна Галавач, Вера Дук, Валянціна Сівіцкая, Ганна Раманенкава, Ларыса Дварэцкая, Раіса Дуж, Наталля Жарская. Дзякуючы гэтым людзям, якія ў свой час працавалі сакратарамі камісіі па справах непаўналетніх, намеснікамі старшыні, быў уратаваны не адзін дзіцячы лёс.   

На пасяджэннях разглядаюцца і правапарушэнні, здзейсненыя непаўналетнімі. Летась былі разгледжаны 42 справы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Найбольш распаўсюджаныя сярод іх – гэта распіццё падлеткамі спіртных напіткаў і з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, хуліганства, дробны крадзеж, ёсць і парушэнні Правіл дарожнага руху. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся і 13 бацькоў, бо іх дзеці, якія парушылі заканадаўства, яшчэ не дасягнулі ўзросту, калі іх саміх можна спы­таць да адказнасці. Канечне, у падлеткаў, як кажуць, і свая галава ёсць на плячах, але ж іх жыццёвая дарога толькі пачынаецца, і хто, як не дарослыя – у першую чаргу бацькі, павінны рабіць усё магчымае, каб іх хлопчыкі і дзяўчынкі раптам не саступіліся. Калі ж ужо такое здарылася, заўсёды ёсць магчымасць выйсці на роўную дарогу, а камісія па справах непаўналетніх абавязкова ў гэтым дапаможа кожнаму, хто таго пажадае.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *