Профессиональный праздник отмечают работники финансовой службы Докшицкого района

Супрацоўнікі фінансавага аддзела райвыканкама разам з ветэранамі працы.

Супрацоўнікі фінансавага аддзела райвыканкама разам з ветэранамі працы.

Сутнасць фінансавай службы яшчэ ў чацвёртым годзе да н.э вызначыў рымскі філосаф Сенека, які казаў, што грашыма трэба кіраваць, а не служыць ім. Фінансы – аснова любой дзяржавы, сэрца любога прадпрыемства і немалаважны фактар устройства сям’і.
Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі фінансавай службы, якая выконвае важнейшую дзяржаўную функцыю па рэгуляванні грашовых патокаў. Менавіта яна фарміруе дзяржаўны бюджэт, кантралюе паступленне даходаў і займаецца размеркаваннем фінансавых рэсурсаў, іх мэтавым і эфектыўным расходам.
Аб дзейнасці фінансавай службы раёна наша інтэрв’ю з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Вацлавам Андрыеўскім.

– Вацлаў Іосіфавіч, раскажыце, калі ласка, з якімі фінансавымі вынікамі завершаны 2017-ы год?
– У першую чаргу трэба адзначыць, што прынятыя меры па прыцягненні дадатковых даходаў і своечасовая карэкціроўка планаў расходаў дазволіла якасна выканаць бюджэт мінулага года і прафінансаваць прынятыя дзяржавай сацыяльныя абавязацельствы.
Усяго ў райбюджэт паступіла 12999 тысяч рублёў уласных даходаў. Асноўнымі крыніцамі фарміравання даходнай часткі бюджэту па-ранейшаму з’яўляюцца падаходны падатак з фізічных асоб, падатак на прыбавачную вартасць і падаткі на зямлю і нерухомасць.
Плацельшчыкі дзяржаўнага сектара эканомікі забяспечылі 80 працэнтаў паступленняў падаткаў у бюджэт. У 2017 годзе ён быў датацыйным: нашы расходы толькі на 40 працэнтаў пакрываліся ўласнымі даходамі, а астатнія 60 працэнтаў грашовых сродкаў мы атрымалі з вышэйстаячага бюджэту.
– Куды накіроўваліся асноўныя грашовыя патокі?
– З году ў год раённы бюджэт мае сацыяльную накіраванасць. Больш за 77 працэнтаў ад усіх расходаў было накіравана на ўтрыманне і развіццё сеткі ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы, сацыяльныя мерапрыемствы і на падтрымку насельніцтва. Забяспечана стабільнае функцыянаванне бюджэтных арганізацый і своечасовая выплата зарплаты іх работнікам. На капрамонт СШ № 1 г. Докшыцы, а таксама на бягучыя рамонты іншых устаноў адукацыі, набыццё двух аўтобусаў для падвозу вучняў накіравана 955,2 тысячы рублёў. Яшчэ 1608,5 тысячы рублёў затрачана на заканчэнне работ па рэканструкцыі стаматалагічнага аддзялення ЦРБ. На суму каля 100 тысяч рублёў набыта медабсталявання. Аказана падтрымка жыллёва-камунальнай гаспадарцы і аграпрамысловаму комплексу, іншым гаспадарчым службам.
– Якія асаблівасці бюджэту на 2018 год, які нядаўна зацверджаны раённым Саветам дэпутатаў?
– Устойлівасць фарміравання даходнай часткі бюджэту, збалансаванасць расходаў з даходамі і сацыяльная накіраванасць – вось, што дазволіць забяспечыць фінансавую ўстойлівасць і бяспеку бюджэту, а таксама выкананне базавых абавязацельстваў на працягу наступіўшага года.
Агульная сума даходаў прагназуецца ў аб’ёме 34568,9 тысячы рублёў, у тым ліку 15624 тысячы рублёў – уласных даходаў. Калі казаць пра канкрэтныя сферы дзейнасці, то найбольшыя сумы (каля 47 працэнтаў) будуць накіраваны ў адукацыю, чацвёртая частка – на развіццё аховы здароўя. Далей ідуць расходы на субсідзіраванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі і г.д.
Выкарыстанне бюджэту будзе напрамую звязана з эканамічным ростам і эфектыўнасцю работы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, рацыянальным выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў.
Мінулы год патрабаваў ад усіх работнікаў фінансавага аддзела напружанай працы. Шмат сіл і ўвагі было накіравана на тое, каб захаваць стабільнасць бюджэтнай сістэмы і забяспечыць паступальнае развіццё сацыяльнай сферы. Усё гэта дадало нам прафесійнага і жыццёвага вопыту, які і ў далейшым будзе садзейнічаць дынамічнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу пажадаць сваім калегам па фінансавай і банкаўскай галінах, работнікам казначэйства моцнага здароўя, міру, дабрабыту, поспехаў у прафесійнай дзейнасці і асабістым жыцці, здзяйснення ўсіх планаў і пачынанняў.
А яшчэ шчырыя словы павагі і падзякі хачу выказаць ветэранам працы, якія шмат гадоў аддалі службе ў фінансавым аддзеле. Нас з імі да сённяшняга звязвае сяброўства і прафесійны інтарэс. Напоўніцу выкарыстоўваем іх веды і вопыт. Нізкі паклон вам, Надзея Пятроўна Міхневіч, Валянціна Мікалаеўна Онухава, Марыя Вікенцьеўна Паляніна, Валянціна Мікалаеўна Габранская, Леакадзія Зігмундаўна Штура, Альфрэда Баляславаўна Харытонава, Галіна Зянонаўна Корсун і самыя найлепшыя вам пажаданні.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *