Анатолий Сивко стал лауреатом почётного звания «Человек года Витебщины»


img_4035Дырэктар завода “Ветразь” Анатоль Сіўко, як ужо паведамлялася, сёлета стаў лаўрэатам ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Атрымаў яго ў другі раз, упершыню – у 2009 годзе. Ганаровае званне ён не раз пацвярджаў сваёй працавітасцю, эфектыўнай рэалізацыяй вытворчых праектаў і клопатам аб лёсе калектыву, быць членам якога лічаць за гонар многія.
Менавіта 2009 год стаў стартавым для навейшай гісторыі завода, калі быў уведзены ў эксплуатацыю новы корпус прадпрыемства ў сувязі з поўным перапрафіляваннем вытворчасці і адмовай ад нерэнтабельных накірункаў у рабоце. Сёння ён, а таксама адміністрацыйны будынак і добраўпарадкаваная тэрыторыя, з’яўляюцца сапраўдным упрыгажэннем Бягомля. Перапрафіляванне рэальна павялічыла патэнцыял прадпрыемства, і ўжо ў 2010 годзе яно стала пераможцам спаборніцтва сярод прамысловых прадпрыемстваў вобласці і было занесена на абласную Дошку гонару. З часу будаўніцтва новага завода і па сённяшні дзень яго дырэктарам з’яўляецца Анатоль Сіўко, які заступіў на пасаду ў 2008 годзе. Тады яму было толькі трыццаць два гады, але былы выпускнік Докшыцкай школы № 1 і ўладальнік дыплома БДАТУ ўжо паспеў зарэкамендаваць сябе як мэтанакіраваны, граматны і перспектыўны спецыяліст. За дзевяць гадоў ён зрабіў кар’еру ад саўгаснага інжынера-энергетыка да дырэктара завода. На прамежкавых пасадах вядучага інжынера, галоўнага інжынера РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” доўга не затрымліваўся. Кожныя два-тры гады адольваў наступную прыступку.
Падобнай дынамікі жыцця прытрымліваецца і на заводзе. Прадпрыемства, дзякуючы творчаму мысленню, дзелавым якасцям і прадбачлівасці яго дырэктара, стабільна рухаецца наперад, умацоўваючы эканоміку і свой вытворчы патэнцыял. Зараз завод выпускае некалькі відаў прадукцыі, якія карыстаюцца нязменным поспехам у пастаянных заказчыкаў і новых партнёраў, паколькі маркетынгавая палітыка завода заўсёды ўлічвае ўсе запыты сваіх кліентаў і зменлівую кан’юнктуру сучаснага рынку. Асаблівай увагі заслугоўвае выпуск металарукава, а таксама гровернай шайбы. Апошняя з’яўляецца імпартазамяшчальнай прадукцыяй, выпуск якой завод наладзіў першым у Беларусі. Летась уступіла ў дзеянне вытворчасць такой метызнай прадукцыі, як самарэзы. Два гады прадпрыемства рыхтавалася да гэтай падзеі: набывалася абсталяванне, вывучаўся тэхналагічны працэс, рыхтаваліся кадры. Задача стаяла не толькі ў тым, каб распачаць выпуск новай прадукцыі, але і зрабіць яе канкурэнтаздольнай, бо запыт на рынку на самарэзы, якія выпускае, акрамя “Ветразя”, яшчэ толькі адно прадпрыемства ў Беларусі, вялікі. Але Анатоль Віктаравіч тым і вылучаецца, што ўмее правільна вызначаць прыярытэты дня, прагназаваць наступствы прымаемых рашэнняў, а потым аб’ядноўвае ўсе намаганні для дасягнення пастаўленай мэты.
Свайго патрабавальнага, прынцыповага, але справядлівага і ўважлівага да патрэб падначаленых кіраўніка ва ўсім падтрымлівае калектыў. Таму і атрымліваецца ў дэпутата абласнога Савета Анатоля Сіўко ператварыць у жыццё ўсё задуманае. Зараз акрамя самарэзаў “Ветразь” выпускае і іншую метызную прадукцыю, а таксама па­нэлі з вадка-крышталічным экранам, кнопкі выкліку эліт-класа. Апошняя вытворчасць арганізавана разам з італьянскай кампаніяй VEGA.
У мінулым годзе прадпрыемствам выпушчана прадукцыі на 5804 тысячы рублёў пры тэмпе росту 128,3 працэнта. Індэкс фізічнага аб’ёму склаў 116,5 працэнта, рэнтабельнасць – 8,1 працэнта. На заводзе адна з самых высокіх сярэднямесячных зарплат у раёне – 829 рублёў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *